Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў пра ідэнтычнасьць Скарыны


Скарына-русін

Было, было... Былі тры Русі — Русь Кіеўская, Русь Літоўская і Русь Маскоўская. Усе тры стварылі свае мовы і сфармавалі свае ідэнтычнасьці. Усе тры блізкія, але розныя.

Так мне думаецца кожны раз, калі я разважаю пра Францішка Скарыну і яго этнічнае самаўсьведамленьне. Гэта першая з трох філязофскіх формул беларускай гісторыі, якія я прапаную ў развагах пра Скарыну.

Цяжка аспрэчыць факт, што гістарычна існавалі тры цэнтры зьбіраньня рускіх земляў — Кіеў, Вільня і Масква. Прычым, два апошнія дзейнічалі храналягічна паралельна і супернічалі паміж сабой. Якраз у кантэксьце гэтага суперніцтва (хоць і ня толькі яго аднаго) ВКЛ з поўным правам можна назваць Русьсю Літоўскай.

Пра сваю ідэнтычнасьць ня раз казаў сам першадрукар:

«...не можем ли... послужити посполитому люду рускаго языка...»

«...абы братия моя Русь...»

«... напред богу в троици единому ко чти и своему прироженому рускому языку к науце всего доброго поднялся праци тое...»

Зразумела, што Скарына лічыў сябе рускім, русінам.

Называлі сябе так і іншыя дзеячы беларускай культуры XVI стагодзьдзя. Пратэстант Сымон Будны зьвяртаўся «къ всем благоверным христианом языка руского», а пратэстант Васіль Цяпінскі пісаў пра сябе: «русин... своеи Руси услугуючий».

З гэтых прыкладаў добра відаць марнасьць спробаў некаторых публіцыстаў атаясаміць значэньне тэрмінаў «рускі» і «праваслаўны» адносна эпохі XIV-XVII стагодзьдзяў.

У 1588 годзе Статут Вялікага Княства Літоўскага пад рэдакцыяй Льва Сапегі пастанаўляў: «А писар земски маеть поруску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы...»

У дакумэнтах Падуанскага ўнівэрсытэту ідэнтычнасьць Францішка Скарыны вызначаецца лацінскімі тэрмінамі «ruthenus» або «rutheno». Звычайна іх перакладаць як русін, русінскі і кажуць, што яны, нібыта, пайшлі ад лацінскай назвы кельцкага племені рутэнаў, перанесенай у сярэднія вякі на Русь.

Фрагмэнт актавай кнігі Падуанскага ўнівэрсытэту. 1512 год. Зьлева ў другім радку зьверху фраза «Scorina de Poloczko Ruthenus» (Скарына з Полацку Русін).
Фрагмэнт актавай кнігі Падуанскага ўнівэрсытэту. 1512 год. Зьлева ў другім радку зьверху фраза «Scorina de Poloczko Ruthenus» (Скарына з Полацку Русін).

У той жа час нашы ўсходнія суседзі — расейцы, знаходзяць слова «русін» ужо ў «Аповесьці мінулых гадоў» ХІ-ХІІ стагодзьдзяў і лічаць яго тагачаснай саманазвай усходніх славян.

Тым ня менш, у Вялікім Княстве Літоўскім рускімі ці русінамі называлі пераважна беларусаў і ўкраінцаў, а ўсходніх суседзяў звалі маскавітамі.

Этнонім «русін» адносна беларусаў шырока ўжываўся ў Рэчы Паспалітай да самага яе скону. Вось цытаты са знойдзенай у Вільні «Прамовы русіна», напісанай у XVIII стагодзьдзі: «А потым настатку прыходзіць русін...», «Одкажэць русін...», «От незбежны русін выпрасіў талент...» Пры гэтым невядомы аўтар, пішучы па-беларуску, атаясамлівае сябе менавіта з русінамі: «Просімы ж нінейшого пражніка — святого Мікулы, штоб тот талент адняў ад нас...»

А да ўсяго яшчэ аўтар «Прамовы русіна» — не праваслаўны, бо піша пра «прэклятую веру схізматыцкую...»

Скарына-ліцьвін

У дакумэнтах Кракаўскага ўнівэрсытэту ў запісе пра наданьне Скарыну ступені бакаляўра пазначана «Францішак з Полацка, ліцьвін». Гісторыкі лічаць, што ў гэтым выпадку быў выкарыстаны не этнонім, але палітонім.

Сьпіс студэнтаў Кракаўскага ўнівэрсытэту, якія атрымалі ступень бакаляўра. 1506 год.
Сьпіс студэнтаў Кракаўскага ўнівэрсытэту, якія атрымалі ступень бакаляўра. 1506 год.

У пазьнейшыя стагодзьдзі тэрмін «ліцьвін» быў прыняты часткай беларускага народу як этнонім.

Вось характэрны прыклад. Паводле «Słownikа geograficznego Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich», падчас лякальнага перапісу ў 1860 годзе ў Пружанскім уезьдзе Гарадзенскай губэрні 30 000 чалавек назваліся праваслаўнымі русінамі, 22 103 — праваслаўнымі ліцьвінамі і яшчэ 5 507 чалавек — ліцьвінамі-католікамі. Апрача іх ва ўезьдзе жыло 307 праваслаўных расейцаў, 6447 палякаў-католікаў і 6013 габрэяў.

Польскі гісторык Юліюш Бардах сьцьвярджаў, што і ліцьвіны-католікі Пружанскага ўезду насамрэч былі звычайнымі беларускамоўнымі сялянамі. Ну а мы ў Беларусі да таго ж разумеем, што ёсьць нюансы і з самавызначэньнем касьцельных беларускіх палякаў.

Ідэя сучаснай беларушчыны, як вядома, нараджалася ў ХІХ стагодзьдзі ў асяродзьдзі польскамоўнай шляхты, якая захоўвала ліцьвінскі патрыятызм і самаўсьведамленьне.

Беларускую мову ліцьвінскай, а яе носьбітаў ліцьвінамі аж да другой паловы ХХ стагодзьдзя называлі жыхары Смаленшчыны, Браншчыны, Валыні і нават запрыпяцкай часткі Піншчыны.

Сёньня ліцьвінства ня можа быць альтэрнатывай беларускасьці, бо зьяўляецца яе неад’емнай складовай часткай. Проціпастаўляць іх — значыць дэструктыўна скажаць рэальную гісторыю і этнагенэз беларусаў. Таму другая філязофская формула беларускай гісторыі гучыць так:

Беларусы не павінны баяцца тэрміну «рускі» ў розных гістарычных прыкладаньнях, і, адначасова, не павінны забывацца на этнонім (і палітонім) «ліцьвіны». Гэта дзьве складовыя часткі сучаснай беларускай ідэнтычнасьці, важныя гістарычныя маркеры этнічнага разьвіцьця нашага народу.

У гістарычным і этнічным сэнсе «Русь» і «Літва» — дзьве крыніцы, зь якіх выцякае паўнаводная рака сучаснай беларушчыны.

Навуковая дакладнасьць ці палітычны выбар

Заходнія навукоўцы цяпер трымаюцца за тэрмін «русін» вельмі моцна. Яны сьцьвярджаюць, што ў ХV-XVII стагодзьдзях не існавала ніякіх беларусаў і ўкраінцаў, а былі толькі русіны. На Захадзе славісты, якія вывучаюць культуру Заходняй Русі, кажуць, што займаюцца «русіністыкай».

Старабеларускую мову, якая была дзяржаўнай ў Вялікім Княстве Літоўскім, заходнія навукоўцы цяпер называюць спэцыяльным тэрмінам «простамова».

Пачынае прыжывацца гэты тэрмін і ў Літве, дзе раней старабеларускую мову называлі «канцылярскай мовай ВКЛ», а цяпер называюць «rusėnų kalba».

У Чэхіі ёсьць сур’ёзныя навукоўцы, якія гарачага патрыёта-русіна Сымона Буднага называюць «літоўцам, роднай мовай якога была рутэнская».

Уласныя прынцып і рацыя

Але беларусаў гэта ўсё не павінна турбаваць. Беларуская навука і публіцыстыка маюць поўнае права адмовіцца ад тэрмінаў «русін» і «простамова», замяняючы іх, за выключэньнем спэцыяльных выпадкаў, тэрмінамі «беларус» і «беларускі».

Зрэшты, так яно ўжо і рабілася ў другой палове ХХ стагодзьдзя беларускімі гісторыкамі, філёзафамі і этнографамі. І цяпер заходні вопыт тут пераймаць ня варта. Нават дзіўна, што мы сёньня ўсё яшчэ пра гэта гаворым.

Выдатны беларускі этнограф, доктар гістарычных навук Ігар Чаквін у сваёй працы «Этнаграфія беларусаў эпохі Скарыны» ў 1990 годзе пісаў, што ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў ужо існавала фэадальная этнічная супольнасьць беларусаў — народнасьць.

Са шматлікіх пісьмовых крыніц — Мэтрыкі і Статутаў ВКЛ, з друкаваных кніг, з дадзеных лінгвістыкі і татарскіх кітабаў мы дакладна ведаем, што беларуская мова ў XVI стагодзьдзі ўжо існавала, як і ўкраінская. Прычым размоўны варыянт мала чым адрозьніваўся ад варыянту, напрыклад, ХХ стагодзьдзя.

Нішто нам сёньня не замінае перакладаць тэрміны «ruthenus», «rutheno», «русін», «рускі» як беларус і беларускі. Украінцы маюць такое ж права перакладаць іх як украінец і ўкраінскі адносна сваіх дзеячаў і сваёй тэрыторыі.

Тыя замежныя гісторыкі, якія жорстка трымаюцца тэрмінаў «русін» і «русінскі», спасылаючыся пры гэтым на чыста навуковую дакладнасьць, нярэдка прыходзяць да нявыгадных нашаму народу палітычных высноваў.

Таму беларускі прынцып і рацыя тут такія:

калі нешта ўжо было, але так не называлася, яно ўжо было.

Гэта трэцяя філязофская формула беларускай гісторыі.

Наш Францішак Скарына быў беларусам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG