Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў сакавіку даў загад адрамантаваць усе дарогі да 9 траўня. Як улады на месцах выконваюць яго даручэньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік дзяржавы рэгулярна загадвае навесьці парадак на дарогах. Чыноўнікі рэгулярна абяцаюць выканаць распараджэньні. А беларусы толькі сёлета пакінулі пяць тысяч скаргаў на стан дарог.

З пачаткам вясны аўтамабілісты скардзіліся на жахлівы стан дарогі М-10 Гомель — Рэчыца. Аўтамабілі на выбоінах псаваліся ці страчвалі колы. Тады абурыўся і Аляксандар Лукашэнка, які сказаў «навесьці парадак і аднавіць дарожнае палатно на ўсіх беларускіх дарогах да 9 траўня». Праўда, такі ж загад ён даваў яшчэ летась.

У лістападзе 2023 году прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка заявіў, што праграма «Дарогі Беларусі» ў 2023/2024 годзе будзе «выкананая і перавыкананая дзякуючы рашэньням прэзыдэнта, якія ён прыняў у павелічэньні фінансаваньня на будаўніцтва дарог».

Аднак толькі ад пачатку 2024 году беларусы пакінулі на сэрвісе 115.бел ня менш за 5 тысяч скаргаў на дарогі.

«Ліквідацыя крытычнай ямачнасьці»

Днямі генэральны дырэктар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскай вобласьці Вячаслаў Пархоменка заявіў, што заданьне ў «ліквідацыі крытычнай ямачнасьці, заплянаванае да 9 траўня, на Гомельшчыне перавыканалі». Паводле чыноўніка, пры пляне 114 тысяч квадратных мэтраў зрабілі 140 тысяч «квадратаў».

Праграмай «Дарогі Беларусі» на 2021-2025 год прадугледжаны рамонт 1100 кілямэтраў, за тры гады адрамантавалі ўжо 740 кілямэтраў у рэгіёне. Прадпрыемства «Гомельаўтадор» атрымала 226 мільёнаў на ўтрыманьне, бягучы і капітальны рамонт, рэканструкцыю дарог.

Акцыя «За добрыя дарогі. Вечная памяць» у Магілёве, 2016 году
Акцыя «За добрыя дарогі. Вечная памяць» у Магілёве, 2016 году

Здымкі разьбітых дарог у мясцовых чатах

Удзельнікі тг-канала «Речица. Важно» абмеркавалі навіну пра «ліквідацыю крытычнай ямачнасьці» у Гомельскай вобласьці і пажартавалі, што вёскі раёну ды і сама Рэчыца не ўваходзяць у гэтую тэрыторыю. Райцэнтар з насельніцтвам каля 65 тысяч чалавек лічыцца «багатым» горадам у Гомельскай вобласьці праз наяўнасьць нафтавай вытворчасьці, але гэта не ратуе яго ад дарожных праблем. Чат у Telegram стракаціць ад здымкаў разьбітых дарог у райцэнтры.

«Калі глядзець на бясконцыя здымкі разьбітых дарог і ходнікаў, узьнікае лягічнае пытаньне: ці жывуць тыя людзі, якім накіроўваюцца нашы звароты, у нашым горадзе? Яны выходзяць на вуліцу? Па якіх дарогах яны перасоўваюцца?» — пішуць карыстальнікі.

«Падобна, што ў горадзе не засталося ніводнай вуліцы з нармальным асфальтам», — дзеляцца яны назіраньнямі.

Пра вуліцы гораду карыстальнікі чату пішуць, што яны, «як пасьля бамбёжкі», «не рамантуюцца гадамі».

«Плян працы ёсьць, працы па ім не відаць, ну праўда. Мы, кіроўцы, езьдзім, на памяць ведаем усе ямы па горадзе, іх колькасьць не зьмяншаецца. Апошнія радасьці кіроўцаў — зрабілі вуліцы Сыдзько і „Рытм“. Але гэта кропля ў моры. У дварах усё блага», — пішуць мясцовыя і дзеляцца здымкамі.

Аналягічныя скаргі на разьбітыя ўшчэнт дарогі ў горадзе пішуць у супольнасьцях у Viber жыхары Мазыра, Жлобіна, Рагачова.

Тым часам у Міністэрстве транспарту і камунікацый заявілі, што ў 2024-м, у параўнаньні зь мінулым годам, вырасьлі тэмпы рамонту дарожных ямаў. Па словах начальніка галоўнага ўпраўленьня аўтадарог міністэрства Рыгора Глазко, у 2024 годзе ў параўнаньні зь мінулым «аб’ём ямачнасьці, якая ўтварылася, на рэспубліканскіх дарогах зьнізіўся на 25%».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG