Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 тысяча квадратных мэтраў ямаў. Пра стан дарог у Беларусі — ад кіроўцы і высокіх чыноўнікаў


Каляж
Каляж

Аляксандар Лукашэнка загадаў чыноўнікам да 9 траўня «прывесьці ў парадак» дарогі. Свабода паглядзела статыстыку і паразмаўляла з кіроўцам — ці рэальны такі загад?

Ці рэальна ў Беларусі за два месяцы адрамантаваць усе дарогі?

Плян па рамонце дарог будзе «выкананы і перавыкананы». Яшчэ летась

З пачаткам раньняй вясны аўтамабілісты зьвярнулі ўвагу на жахлівы стан дарогі «Гомель — Рэчыца» (аўтадарога М-10). У сацыяльных сетках множыліся запісы пра стан дарогі, якая больш нагадвала пральную дошку. Многія аўто на выбоінах папсаваліся ці страцілі колы. Дарогу назвалі «магістральлю сьмерці для падвесак і колаў».

Што адбываецца ў Беларусі зь іншымі дарогамі? Што абяцаюць «вышэйшыя службовыя асобы»?

У сакавіку Аляксандар Лукашэнка абурыўся станам дарог. Ён паставіў задачу «навесьці парадак і аднавіць дарожнае палатно на ўсіх беларускіх дарогах да 9 траўня».

Можа, ён забыўся, што загад адрамантаваць усе дарогі ён даваў яшчэ летась, увесну 2023 году. Тады Лукашэнка ставіў задачу «на працягу 2023 году ўсе дарогі прывесьці ў парадак і адрамантаваць. Гэта пытаньне пытаньняў».

Яшчэ летась улады прызнавалі, што амаль палова дарог у краіне мае патрэбу ў капітальным рамонце. У 2023 годзе на «дарожныя» мэты патрацілі каля 1 мільярда рублёў.

Сытуацыя ўскладнілася ў сувязі з санкцыямі, якія ўвялі супраць Беларусі пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. На цяперашні момант эўрапейскія і міжнародныя структуры не фінансуюць беларускія дарогі.

У канцы верасьня 2023 году начальнік упраўленьня Міністэрства транспарту Сяргей Лявончык расказваў, што беларускі бок вядзе перамовы аб фінансаваньні транспартнай інфраструктуры з Расеяй і Кітаем. Але вынікі перамоў «дастаткова складаныя», партнэры занялі «чакальную пазыцыю».

У лістападзе 2023 году прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка заявіў, што праграма «Дарогі Беларусі» ў 2023–2024 годзе будзе «выканана і перавыканана». Але за кошт чаго?

«Будзе выканана і перавыканана дзякуючы рашэньням прэзыдэнта, якія ён прыняў, па павелічэньні фінансаваньня на будаўніцтва дарог. У 2023 годзе мы павялічылі суму з 900 мільёнаў да 1 мільярда 400 мільёнаў рублёў. Зробім 3 тысячы кілямэтраў дарог — як мясцовых, так і рэспубліканскіх», — абяцаў Галоўчанка.

Але на момант вясны-2024 высьвятляецца, што грамадзяне Беларусі на сэрвісе 115 склалі 40 тысяч скаргаў на дарогі летась і 4,5 тысячы скаргаў ужо сёлета.

Пра стан дарог часта выказваецца віцэ-прэмʼер Анатоль Сівак. Ён нават падлічыў ямы на дарогах Беларусі. Аказалася, іх 21 тысяча квадратных мэтраў. Найбольш ям — у Магілёўскай вобласьці, найменш — у Горадзенскай.

Сівак заявіў, што кошт аднаго кілямэтра «добрай дарогі» ў Беларусі складае 4 мільёны рублёў.

Па ягоных словах, Беларусь у 2024 годзе патраціць 2,1 мільярда рублёў на аднаўленьне дарог.

«Пра Эўропу я нават не гавару. Нават у Расеі дарогі сталі лепшыя, чым у Беларусі»

Беларус Вадзім (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) шмат гадоў працуе ў сфэры міжнародных перавозак. Кажа, што абʼезьдзіў Расею, Беларусь і Эўропу «ўздоўж і ўпоперак».

Кіроўца зазначае, што ў апошнія 5 гадоў не заўважыў, каб зь беларускімі дарогамі нешта зьмянілася ў лепшы бок — «хіба толькі ў горшы». Вадзіма зьдзівіла, што цяпер «нават у Расеі» дарогі сталі лепшыя ў параўнаньні зь Беларусьсю.

«Я кажу пра дарогу на Бранск, гэта недзе каля 300 кілямэтраў ад Гомля. Раней дарога па тэрыторыі Расеі была жахлівая. Цяпер яе зрабілі пад нуль, яна проста ідэальная. Праблемы пачынаюцца на беларускім баку, раней жа было наадварот», — кажа кіроўца.

Шашу М-10 ад Берасьця да Гомля ён называе «ваеннай дарогай». Кажа, што такая яна была заўсёды, разьбітая. Капітальнага рамонту на гэтай дарозе Вадзім не заўважаў даўно.

«Ну, з рыдлёўкі засыпаюць ямку, прытопчуць, і ўсё на гэтым. Часам на самых „забітых“ участках могуць кілямэтар ці два асфальту пакласьці. На „дне“ дарогі М-10 ляжыць бэтон, зьверху — асфальт. Вось яго зрэжуць, новы пакладуць, грошы ў кішэню, і ўсё на гэтым», — камэнтуе кіроўца.

Ён назіраў за рамонтам дарожнага палатна ў Нямеччыне. Кажа, што цяпер многія аўтамабілісты наракаюць на праезд па Нямеччыне, але гэта таму, што там часта і шмат рамантуюць дарогі, праз што часам утвараюцца заторы. «У немцаў іншая тэхналёгія. Яны зьмяняюць на дарозе нават „падушку“, то бок замяняюць бэтон і арматуру, потым ужо кладуць асфальт. Якасьць іхных дарог і нашых? Ды пра што гаварыць, гэта неба і зямля», — лічыць беларус.

Нэгатыўна ён ацэньвае і шашу М-1, так званую «алімпійку». «Дарога платная, з фуры могуць узяць да ста эўра за праезд. Але там ёсьць кавалкі як пральная дошка», — кажа Вадзім.

Найлепшай дарогай у Беларусі ён лічыць М-6 зь Менску да Горадні. Кажа, што дарога новая, добрая, нядаўна езьдзіў там, і «ўсё спадабалася».

Няблага кіроўца ацаніў дарогу М-5 зь Менску да Гомля.

«Яна проста будавалася па замежнай тэхналёгіі, таму, хоць ня новая, але больш-менш нармальная. Праўда, апошнім часам і там ямы зьявіліся, я там кола пашкодзіў», — дадаў беларус.

Наконт сытуацыі з асфальтаваньнем дарог у дварах у вялікіх гарадах, то Вадзім кажа, што «там усё вельмі і вельмі сумна».

Як чыноўнікі выконваюць загад Лукашэнкі «адрамантаваць усе дарогі»

Наглядныя ведамствы пры гэтым шукаюць і караюць вінаватых за стан дарог.

У Магілёўскай вобласьці ў 2023 годзе Камітэт дзяржаўнага кантролю вызначыў, што мясцовыя чыноўнікі робяць недастаткова захадаў, каб выканаць праграму «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 год. У вобласьці ў 2022 годзе не было выканана заданьне па рамонце дарожных збудаваньняў мясцовых дарог. Гэты ж паказчык ня быў выкананы і ў 2021 годзе.

«З улікам дапушчанага адставаньня ў 2023 годзе ў вобласьці неабходна забясьпечыць рамонт каля 220 пагонных мэтраў мастоў, што будзе даволі праблематычна», — прыйшоў да высновы камітэт.

У сацыяльных сетках множыліся запісы пра стан дарогі «Гомель — Рэчыца». Відавочна, мноства такіх сьведчаньняў прывяло да пракурорскай праверкі ў Рэчыцкім раёне. Яе вынік — крымінальная справа, распачатая ў першай дэкадзе сакавіка.

Пракуратура высьветліла, што на ўчастку дарогі адбылося больш за 26 дарожна-транспартных здарэньняў з пашкоджаньнем колаў аўто.

Па дакумэнтах, капітальны рамонт трасы М-10 «Мяжа РФ — Гомель — Кобрын» праводзілі па праграме «Дарогі Беларусі на 2021–2025 год». Але на справе рамонту не было, хоць грошы зь бюджэту выдзяляліся. Гомельскі дарожна-будаўнічы трэст атрымаў 3 мільёны рублёў.

Пракуратура распачала крымінальную справу супраць кіраўніцтва прадпрыемстваў «Гомельаўтадар» і «Дарожна-будаўнічы трэст № 2».

Чыноўнікаў абвінавацілі ў складаньні «ілжывых афіцыйных дакумэнтаў» наконт рамонту дарогі, якога насамрэч не было. Дарожна-будаўнічае кіраўніцтва нанесла шкоду «правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам». Вінаватым пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Як у Беларусі будавалі і рамантавалі дарогі з дапамогай Эўропы і Кітаю

У 2010 годзе Беларусь атрымала ад Сусьветнага банку інвэстыцыі на 150 мільёнаў даляраў на дарогу М-5 «Менск — Гомель».

За тыя сродкі шашу на ўчастку Менск — Бабруйск пашырылі да чатырох палос, пабудавалі новыя разьвязкі, масты, падземныя пераходы.

У 2015 годзе Беларусь падпісала крэдытнае пагадненьне з Сусьветным банкам на рэканструкцыю дарогі М-6. Сума крэдыту была 250 мільёнаў даляраў.

У 2018 годзе Беларусь заключыла пагадненьне з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця на аўтадарогу Р-80 «Слабада — Паперня» на 42 мільёны даляраў. Праз год Эўрапейскі інвэстыцыйны банк даў Беларусі 110 мільёнаў даляраў на частку шашы «Менск — мяжа Літвы» і рэканструкцыю пункту пропуску «Каменны Лог».

У тым жа 2019 годзе Беларусь падпісала крэдытнае пагадненьне з ЭБРР на 259 мільёнаў даляраў. Грошы меліся пайсьці на рэканструкцыю мастоў і дарогі «Менск — Віцебск». Беларусь атрымала першы транш — 126 мільёнаў даляраў. Другі транш Беларусі не далі — ЭБРР замарозіў яго, бо спыніў працу ў Беларусі.

У 2012 годзе Беларусь прыцягнула кітайскія інвэстыцыі да рэканструкцыі трэцяга і чацьвёртага ўчастку шашы «Менск — Гомель». Работы вяла кампанія China road and bridge corporation, грошы прадставіў Экспартна-імпартны банк Кітаю. Гэта былі два крэдыты на 344 і 340 мільёнаў даляраў.

Цяпер нават Кітай заняў «чакальную пазыцыю» і не сьпяшаецца даваць Беларусі грошы. У 2022 годзе ўсе свае праекты ў Беларусі згарнуў Сусьветны банк.

Палова мясцовых аўтадарог патрабуюць рамонту

У Беларусі сетка аўтадарог складае 87 002 кілямэтры.

Перад прыняцьцем праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 год праводзілася дарожная дыягностыка. Аказалася, што працягласьць участкаў рэспубліканскіх дарог, якія не адпавядаюць нарматывам, складае 5631 кілямэтар (35,4% ад агулу). Працягласьць мясцовых аўтадарог, якія патрабуюць рамонту, склала больш за 35 тысяч кілямэтраў (49,4%, то бок практычна палова). З 3 тысяч мастоў не адпавядаюць патрабаваньням 1102 (36,4%).

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG