Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады пайшлі на саступкі: прыбудовы да званіцы ў Жыровічах вырашана пакінуць


Манастыр у Жыровічах
Манастыр у Жыровічах

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры паведаміла, што пытаньне аб захаваньні прыбудоваў да званіцы на тэрыторыі комплексу Сьвята-Ўсьпенскага манастыра ў Жыровічах вырашана.

Спэцыялісты аддзелу культуры Слонімскага райвыканкаму ў размове са Свабодай не абверглі гэтай інфармацыі, але не былі такімі катэгарычнымі і ўдакладнілі: разгляд пытаньня цяпер «на стадыі завяршэньня».

Адзін з галоўных цэнтраў беларускага хрысьціянства разам са сваёй сядзібай, архітэктурным ансамблем XVI–XVIII стагодзьдзяў, налета адзначыць 500-годзьдзе заснаваньня. З гэтай прычыны тут распачаты маштабныя работы, якія мусяць завершыцца да юбілейных імпрэзаў у траўні 2020-га.

Аргумэнты бакоў

Найбольшыя спрэчкі ўзьніклі вакол рэканструкцыі званіцы. Згодна з архіўнай дакумэнтацыяй, у другой палове XVII стагодзьдзя пры яе бакавых фасадах зьявіліся дзьве невысокія прыбудовы — захаваўся дакумэнт 1823 году, які сьведчыць пра іх рамонт. У апошняй чвэрці ХІХ стагодзьдзя званіцу яшчэ і абгарадзілі сьпераду паўкруглым мурам з брамай. Такім чынам, без прыбудоў званіца існавала прыблізна сотню гадоў, а зь імі — больш за 200. Але ў нейкі момант ад «неўласьцівых фрагмэнтаў» было вырашана пазбавіцца.

Прыбудовы і мур пры званіцы
Прыбудовы і мур пры званіцы

У тэхнічным пашпарце гісторыка-культурнай каштоўнасьці, які мае званіца, абедзьве прыбудовы пазначаныя. І калі кіравацца гэтым дакумэнтам, падстаў для зносу няма. А вось у Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў яна запісаная без дадатковых элемэнтаў. Падобныя супярэчнасьці прывялі да таго, што кожны бок спрэчкі «мае рацыю».

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва лічыць мэтазгодным зьнесьці прыбудовы і мураваную агароджу. У ведамстве пры гэтым выказваюць дапушчэньне, што прыбудовы адносяцца да паваеннага часу. Манастырскае кіраўніцтва салідарнае з такім падыходам, мяркуючы, што званіца толькі выйграе, калі пазбавіцца ад «нехарактэрнага балясту». За знос агітуе і манах Іаан, найстарэйшы жыхар манастыра.

Прававыя нормы

У сваю чаргу адмыслоўцы, адказныя за праектна-рэстаўрацыйныя работы, лічаць такі крок пасьпешлівым: прыток турыстаў у Жыровічы павялічваецца, а інфраструктура пры гэтым слабая. Плошчы можна пераабсталяваць пад інфармацыйны цэнтар, музэй ці кавярню.

У канцы жніўня да праблемнага абʼекта падключылася Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

«Асобныя ініцыятывы выклікалі рэзананс у спэцыялістаў і грамадзтва, бо супярэчылі ня толькі прававым нормам, навукова абгрунтаванаму падыходу, але і здароваму сэнсу, — адзначаецца ў паведамленьні таварыства. — На імя кіраўніцтва прэзыдэнцкай адміністрацыі, міністра культуры і старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму быў накіраваны зварот супраць неправавых захадаў. Наша абʼяднаньне ўзяла на сябе канкрэтны груз — ліставаньне, прапановы, разгляд праблемы на паседжаньні Грамадзкай назіральнай камісіі аховы гісторыка-культурнай спадчыны».

Званіца з прыбудовамі
Званіца з прыбудовамі

Кіраўніцтва таварыства адзначае, што актыўнасьць мела плён: прынята афіцыйнае рашэньне аб захаваньні і рэстаўрацыі бакавых флігеляў пры званіцы. Перамога закону і навукова абгрунтаванага падыходу да помніка, — адзначаюць у кіраўніцтве абʼяднаньня.

На просьбу Свабоды пацьвердзіць наяўнасьць такога рашэньня спэцыяліст аддзелу культуры Слонімскага райвыканкаму Натальля Рыжак адказала, што пакуль пэўнасьці ў гэтым пытаньня няма, яго абмеркаваньне працягваецца.

Тым часам дзьве сямʼі, якія да апошняга жылі ў двух прыбудовах пры званіцы, ужо пакінулі памяшканьні. Адзін з жыхароў расказваў Свабодзе, што прапісаны ў прыбудове больш за 30 гадоў, жыльлё было прыватызаванае. Да таго тут таксама жылі людзі.

Варыянты з падменнага фонду ў Слоніме людзей не задаволілі: кватэры старыя і патрабуюць укладаньняў, нашмат большых за прапанаваную кампэнсацыю (яе памеру суразмоўца не ўдакладніў). Вырашылі купляць нерухомасьць самастойна, бо альтэрнатывы не засталося — пытаньне аб высяленьні аспрэчыць было нельга.

Варыянты выкарыстаньня

Па ўсім відаць, што колішніх кватарантаў назад ня вернуць у любым выпадку. Затое пры станоўчым вырашэньні пытаньня тут могуць разьмесьціцца місіянэрская служба ці інфармацыйны цэнтар, як прапаноўвалася раней.

Асноўная славутасьць Жыровічаў — мужчынскі Сьвята-Ўсьпенскі манастыр, заснаваны ў сярэдзіне XV стагодзьдзя. У саборы захоўваецца сьвяты цудатворны Жыровіцкі абраз Маці Божай, якому налета споўніцца 550 гадоў.

У 1613 годзе манастыр перайшоў у рукі грэка-каталіцкіх манахаў-базыльянаў, якія і зрабілі манастыр галоўным цэнтрам уніі. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя здарыўся вялікі пажар, драўляныя будынкі згарэлі. Намаганьнямі базыльянаў быў узьведзены вялікі манастырскі комплекс з мураваных храмаў барочнай архітэктуры.

У 1839 годзе манастыр зноў стаў праваслаўным, адносны заняпад яго пачаўся з адыходам земляў да міжваеннай Польшчы.

Нягледзячы на войны і атэістычную палітыку савецкай улады, манастыр бесьперапынна функцыянаваў цягам усяго ХХ стагодзьдзя. За савецкім часам тут знайшлі прытулак манахі і манахіні, выгнаныя зь іншых месцаў.

З атрыманьнем Беларусьсю незалежнасьці на пачатку 1990-х манастыр зноў пачаў разьвівацца. Тут адна з найбуйнейшых у краіне праваслаўных духоўных сэмінарый і блізу паўсотні манахаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG