Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Намаляваць можна ўсё што заўгодна». Менская адміністрацыя распавяла пра падсьвятленьне бізнэс-цэнтру на Кастрычніцкай


Фатаздымак будынка «БК Капітал Палас» зь зялёным падсьвятленьнем з рэндэраў праекту выклікаў дыскусіі ў сацыяльных сетках — ці да месца такое асьвятленьне на цэнтральнай плошчы Менску? У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму паведамілі, што зацьвердзілі іншы праект падсьвятленьня.

Бізнэс-цэнтар узводзіць кампанія «Белінтэ-Роба», якая ўваходзіць у Dana Holdings.

Тым часам Dana Holdings, якая прадстаўляе Беларусь у Маскве на выставе замежнай нерухомасьці MPIRES-2019 — Moscowʼs Premier International Real Estate Show, выставіла рэндэры зь зялёным падсьвятленьнем «БК Капітал Палас». Выпадкова ці не, але гэта адзін з колераў герба сэрбскіх алігархаў Карычаў, якім падкантрольная кампанія Dana Holdings. Таксама на фасадзе ўсталяваныя вялізныя экраны.

Першая намесьніца кіраўніка камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Алена Сухадолава сказала карэспандэнту Свабоды, што ня ведае, адкуль узялася зялёнае падсьвятленьне бізнэс-цэнтру.

«Мы ўзгаднілі падсьвятленьне ў іншым фармаце, ёсьць малюнкі. Там выкарыстоўваецца белы, бела-жаўтаваты колер. У нас звычайнае падсьвятленьне, як на ўсіх фасадах будынкаў», — сказала Алена Сухадолава.

Што да выявы гербу сэрбскіх алігархаў Карычаў, які ёсьць на франтоне будынка, то Алена Сухадолава сказала: «Мы сымболіку не ўзгаднялі».

Паводле Алены Сухадолавай, падсьвятленьне будынка павінна быць такім, якім яно зацьверджанае. Але што тады кампанія прэзэнтавала ў Маскве?

«Магчыма, гэта іхняе бачаньне. Каб ярчэй падаць, прэзэнтаваць свой праект», — мяркуе Алена Сухадолава.

Ці ёсьць нейкія крытэры адносна падсьвятленьня Кастрычніцкай плошчы?

«Улічваючы, што гэта цэнтральная плошча Менску, то прадʼяўляюцца павышаныя патрабаваньні. Але нейкіх жорсткіх крытэраў няма. Мы кажам пра асяродзьдзе, і падсьвятленьне ў тым ліку яго фармуе. Гэта павінна быць у агульнай сьветлавой гаме. Усе абʼекты на плошчы павінны трымаць гэтую плошчу, а не развальваць яе», — сказала Алена Сухадолава.


На прадпрыемстве «Менгарсьвятло» сказалі, што гэта не яны распрацоўвалі падсьвятленьне будынка «БК Капітал Палас», аднак у Менску ёсьць іншыя арганізацыі, якія таксама гэтым займаюцца.

«Намаляваць на паперы можна ўсё што заўгодна. Але як яно будзе працаваць ужывую, сказаць складана. Таму мы ня можам даць камэнтароў», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў «Менгарсьвятле».

Што з двума «дадатковымі» паверхамі?


Раней мэдыі заўважылі, што сам будынак бізнэс-цэнтру павялічылі на два паверхі. Паверхі спускаюцца «драбінкай» да пярэдняй часткі будынку. Гэта адрозьніваецца ад таго, што было ў праекце.

Ці насамрэч гэта так? Алена Сухадолава сказала, што «гэта не такі ўжо супэрпраект, каб памятаць усе яго дэталі».

Аднак будынак бізнэс-цэнтру ўжо выглядае вышэйшым, чым суседні Палац культуры прафсаюзаў.

Банэр на плоце будоўлі
Банэр на плоце будоўлі

Як зьявіўся бізнэс-цэнтар на Кастрычніцкай плошчы?

Бізнэс-цэнтар кампанія «Белінтэ-Роба», якая ўваходзіць у Dana Holdings, будуе на месцы музэю Вялікай Айчыннай вайны, які быў перанесены з цэнтру Менску на праспэкт Пераможцаў. Атрымаць там камэнтары адносна падсьвятленьня будынка і надбудовы двух паверхаў не ўдалося. На пытаньні карэспандэнта Свабоды ў кампаніі пакуль не адказалі.

Раней праект бізнэс-цэнтру крытыкавалі за памеры і стыль будынка. Менскія архітэктары распрацавалі адразу некалькі альтэрнатыўных праектаў, але забудоўшчык не зьвярнуў на іх увагі. «Белінтэ-Роба» ўзгадніла свой праект шматфункцыянальнага цэнтру.

На Рэспубліканскай архітэктурна-горадабудаўнічай радзе гэты праект не разглядаўся, хоць з такой ініцыятывай зьвяртаўся Саюз архітэктараў Беларусі.

Dana Holdings — буйны забудоўшчык у Менску, яна завяршае ўзьвядзеньне шматфункцыянальнага комплексу «Маяк Менску», жылога комплексу «Парк Чалюскінцаў», комплексу «Менск-Мір». Гэтыя будоўлі суправаджаліся скандаламі, пра якія пісалі ў СМІ.

Dana Holdings падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, асабіста знаёмым з Лукашэнкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG