Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Завод пахавалі». Чаму перасяляюць станкабудаўнічы завод імя Кірава


Станкабудаўнічы завод імя Кірава

Маёмасьць Менскага станкабудаўнічага заводу імя Кірава пайшла «з малатка». Сам завод пераселяць з Чырвонаармейскай вуліцы ў цэнтры гораду на тэрыторыю менскага заводу аўтаматычных ліній імя Машэрава.

«Прадпрыемства будзе пераяжджаць на тэрыторыю заводу імя аўтаматычных ліній і будзе там далей вырабляць абсталяваньне», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве прамысловасьці.

Канчатковая канцэпцыя яшчэ «на стадыі зацьвярджэньня». Таму ў міністэрстве не адказалі на пытаньні, ці стане МСЗК часткай заводу аўтаматычных ліній, ці будзе самастойнай адзінкай і захавае сваю назву, і калі нарэшце пачнецца пераезд.

«Вытворчасьць будзе на тым жа ўзроўні, як і была. Скарачэньне пэрсаналу не плянуецца. Наадварот, з улікам сумешчаных заказаў, хутчэй за ўсё, будзе пашырэньне», — сказала крыніца ў міністэрстве.

«На ім цяпер можна паставіць крыж»

Станкабудаўнічы завод імя Кірава працуе ўжо 136 гадоў. Гэтае прадпрыемства было вядомым за савецкім часам, але цяпер значна скараціла выпуск прадукцыі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук сказаў у інтэрвію Свабодзе, што прадпрыемства практычна пахавалі.

«На ім цяпер можна паставіць крыж і сказаць: вось тут некалі быў завод. Гэтак жа можна паставіць крыж амаль на тысячы прадпрыемстваў Савецкага Саюзу, якія не прадалі, бо „чырвоныя дырэктары“ разам з уладамі сказалі: „Мы з гэтым нешта зробім“. Ну вось зрабілі — проста загубілі».


Чаму ж не ўдалося «запусьціць» МСЗК, а давялося прадаваць яго маёмасьць?

«Гэта хітры плян менскай намэнклятуры, якая праз канцэпцыі разьвіцьця Менску хацела б кантраляваць вельмі прывабныя кавалкі зямлі ў цэнтры гораду. Завод на плошчы Якуба Коласа стаіць, былая пляцоўка тралейбуснага парку таксама не забудаваная. Я думаю, гэта пахне карупцыяй. Бо яшчэ нікога не пакаралі за тое, што бюджэт не атрымаў падаткі з-за таго, што дзесяцігодзьдзямі гэтыя кавалкі не знайшлі гаспадара. Безумоўна, замежныя інвэстары маюць інтарэс да іх, але перамагаюць інтарэсы чыноўнікаў».

Памяшканьні заводу прадалі

Грошы на перасяленьне менскага станкабудаўнічага заводу імя Кірава атрыманыя праз аўкцыён, на які былі выстаўленыя вытворчыя памяшканьні прадпрыемства па Чырвонаармейскай вуліцы. Гэтую маёмасьць прадалі за 16 мільёнаў рублёў.

Як паведамілі Свабодзе ў прэс-службе ўраду, кампанія, якая выйграла аўкцыён, ужо сплаціла аванс — 30% ад неабходнай сумы. Да канца году яна павінна пералічыць астатнюю суму. Права ўласнасьці пяройдзе ёй толькі пасьля стопрацэнтнай аплаты.

«Маёмасьць заводу ня першы раз выстаўлялася на аўкцыён, знайшоўся ахвотны, які выйграў. Натуральна, мы былі зацікаўленыя, бо гэты аб’ект столькі ўжо стаіць», — сказалі ў прэс-службе ўраду.

У 2013 годзе амаль палову памяшканьняў станкабудаўнічага заводу, якія пуставалі, набыла кампанія «Белнафтагаз», саўладальнік якой — Аляксей Алексін. У кампаніі не распавялі пра лёс гэтых будынкаў. Цяпер яны часткова завешаныя рэклямай прамінулых Эўрапейскіх гульняў.

Апошні корпус на плошчы 5,2 га быў выстаўлены на продаж у 2016 годзе. Але яго змаглі прадаць з чацьвёртай спробы толькі ў ліпені 2019 году. Паколькі была пададзена толькі адна заява, удзельнік набыў лот па цане, павялічанай на 5%.

Паводле Цэнтру прамысловай ацэнкі, асобна ад заводзкіх будынкаў зямлю не прадавалі.

Хто набыў астатнюю маёмасьць?

Памяшканьні станкабудаўнічага заводу набыла беларуская кампанія «Плазма-буд», паведаміў realt.by.

Яна зьявілася напярэдадні аўкцыёну, у чэрвені 2019 году. Па ўказаным паштовым адрасе карэспандэнту Свабоды не ўдалося знайсьці гэтую кампанію.

Што будзе на месцы станкабудаўнічага заводу?

У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Свабодзе паведамілі, што, згодна з плянам дэталёвага плянаваньня, на месцы памяшканьняў заводу прадугледжваецца грамадзкая забудова з элемэнтамі жыльля. Пляцоўка знаходзіцца на беразе Сьвіслачы.

«Пакуль што ніякіх праектаў забудовы мы не ўзгаднялі, яны нам не накіроўваліся. Зразумела, што тэрыторыя знаходзіцца ў цэнтры Менску і мае горадабудаўнічую каштоўнасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG