Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля разносу ад Лукашэнкі даўгі заводу вырасьлі ў 41 раз


Правяраем, ці выправіўся эканамічны стан арганізацый, безгаспадарчасьцю ў якіх абураўся Лукашэнка.

Пасьля паездак Аляксандра Лукашэнкі па заводах краіны нярэдка адпраўляюцца ў адстаўку кіраўнікі раёну, вобласьці, а то і цэлы ўрад. Напрыклад, паездка на малочны комплекс «Сьліжы» 26 красавіка каштавала пасадаў кіраўніку Магілёўскай вобласьці Ўладзімеру Даманеўскаму, віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму, міністру сельскай гаспадаркі Леаніду Зайцу. Свабода паглядзела, як пасьля такіх разносаў мяняецца сытуацыя на саміх прадпрыемствах.

Брудная карова ў прыбытковай гаспадарцы

На малочнай ферме «Сьліжы» Аляксандра Лукашэнку абурыла брудная карова. Фэрма ўваходзіць у аграхолдынг «Купалаўскае» ад прадпрыемства «Амкадор-Шклоў».

Як вынікае з аўдытарскай справаздачы за мінулы год, «Амкадор-Шклоў» спрацаваў у плюс на 624 тысячы рублёў. Даўгоў мае на 23 мільёны. Разнос быў зусім нядаўна, таму тут вынікі падводзіць яшчэ зарана. Але падобных выпадкаў шмат.

2017 год. «Камволь» з даўгамі на 70 гадоў

Гучны разнос на менскім ААА «Камволь» Аляксандар Лукашэнка ўчыніў яшчэ ў 2012 годзе. Наведваючы прадпрыемства, ён сказаў тагачаснаму прэм’еру Міхаілу Мясьніковічу пра «апошні званочак» для яго. Тады на «Камволі» вырашылі зрабіць мадэрнізацыю, якая каштавала каля 200 мільёнаў эўра. Прыехаўшы туды другім разам, у 2017 годзе, Лукашэнка ўжо застаўся задаволены.

У 2012 годзе «Камволь» меў 1,1 мільёна даляраў стратаў па выніках аналізу прадпрыемстваў ад Мінфіну. Па выніках 2018 году завод зафіксаваў прыбытак 1,4 мільёна. Але крэдытаў пры гэтым мае на 100 мільёнаў даляраў. А падчас разносу ад Лукашэнкі меў толькі 2,4 мільёны даляраў доўгатэрміновых запазычанасьцяў. Крэдытаў у параўнаньні з 2012-м стала ў 41 раз болей. Каб пагасіць гэтыя крэдыты пры сёньняшнім прыбытку, «Камволі» спатрэбіцца 70 гадоў.

2014 год. Сапсаванае мяса для чыноўнікаў

У красавіку 2014 году Аляксандар Лукашэнка наведаў Слуцкі мясакамбінат. Стан прадпрыемства, дзе пабачыў нібыта сапсаванае мяса, яго абурыў. Тады кіраўнік дзяржавы загадаў: «Усіх вінаватых — у камэру, хай кампэнсуюць шкоду. Усё павінна быць перапрацавана; усё, што сапсавана, хай ядуць. Пакінуць іх тут, нікога не выпускаць — хай ядуць!». Пасьля гэтага візыту арыштавалі дырэктара мясакамбінату Віктара Тамашэўскага і ягонага намесьніка. Першаму пасьля прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі, другому — тры гады. За 2014 год мясакамбінат прынёс стратаў 9,6 мільёна даляраў, маючы 27 мільёнаў даляраў даўгоў. Цяпер даўгоў — 61 мільён даляраў. За 2018 год страты склалі 1,5 мільёна даляраў.

2013 год. «Чорная пятніца» на «Барысаўдрэве»

У разгар абвешчанай кампаніі мадэрнізацыі беларускай дрэваапрацоўкі Аляксандар Лукашэнка прыехаў на «Барысаўдрэў». Яго абурыла безгаспадарчасьць на прадпрыемстве. Тады свае пасады страцілі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Тур, кіраўнік канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў, а таксама кіраўнік Менскай вобласьці Барыс Батура, якога прызначылі кіраваць заводам і «навесьці тут парадак».

За 2013 год завод спрацаваў у нуль чыстага прыбытку. У заводу было 106 мільёнаў даляраў даўгоў. Цяпер даўгоў столькі ж, а чысты прыбытак за 2018 год — 8 мільёнаў даляраў. Каб аддаць даўгі з такім прыбыткам, трэба 13,5 гадоў.

2012 год. «Івацэвічдрэў» пасьля разносу ад Лукашэнкі сышоў у страты

У лістападзе 2012 году Лукашэнка зь верталёта ўгледзеў безгаспадарчасьць на прадпрыемстве «Івацэвічдрэў», дзе ішла мадэрнізацыя.

Ён сказаў, што завод выглядае «як сьметнік». За гэта зьнялі кіраўніка заводу Барыса Міхнюка і кіраўніка «Беллеспаперапраму» Ўладзімера Шульгу. Апошняга прызначылі на завод новым дырэктарам.

За 2012 год завод меў прыбытак 2 мільёны даляраў, пры 161 мільёне даляраў даўгоў. За мінулы год страты склалі 3 мільёны даляраў. Даўгоў у прадпрыемства на 99 мільёнаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG