Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Птушкі будуць урэзвацца ў шкляныя сьцены і гінуць». Што пагражае заказьніку «Лебядзіны»


Менгарвыканкам зацьвердзіў праект забудовы тэрыторыі каля заказьніку «Лебядзіны» ў Менску, прапанаваны на грамадзкае абмеркаваньне ў 2018 годзе.

Што прапісана ў праекце забудовы

На Нацыянальным прававым партале pravo.by апублікавана рашэньне Менгравыканкаму аб зацьвярджэньні горадабудаўнічага праекту «Карэкціроўка горадабудаўнічага пляну дэталёвага плянаваньня тэрыторыі ў межах: праспэкт Пераможцаў — МКАД — вуліца Ціміразева — вуліца 4-е кальцо (мяжа жылога раёну Лебядзіны)».

Апорны плян (як выглядае тэрыторыя цяпер)
Апорны плян (як выглядае тэрыторыя цяпер)
Так будзе выглядаць тэрыторыя пасьля забудовы
Так будзе выглядаць тэрыторыя пасьля забудовы

Паводле гэтага дакумэнту, жыльлё будзе будавацца каля заказьніку «Лебядзіны» ўздоўж вуліц Ціміразева і Ратамскай «у асноўным на экалягічна парушаных тэрыторыях і трансфармуемых землях ТАА «Гандлёвы дом „Ждановічы“». З тэрыторыі пад будаўніцтва вынесуць рэчавы рынак ужываных тавараў «Поле цудаў», гандлёвае мястэчка «Лебядзіны», гандаль плодаагародніннай прадукцыяй, стаянкі аўтатранспарту.

На тэрыторыі ўздоўж Ратамскай вуліцы будзе жылая забудова шматкватэрнага і часткова сядзібнага тыпу з гандлёва-бытавымі аб’ектамі і фізкультурна-спартыўным комплексам (будуецца комплекс «Алімпік-Парк»).

У межы праекту ўключаны гатэль на скрыжаваньні праспэкту Пераможцаў і МКАД, які будуе кампанія СТАА «Тэхапрофітсіціінвестмент», жылая і грамадзкая забудова комплексу «Алімпік-Парк» і плянаваны жылы комплекс па вуліцы Ціміразева.

Фонд забудовы будзе складацца з жылой шматкватэрнай забудовы ў 115,5 тысячы квадратных мэтраў, жылой сядзібнай — 6,1 тысячы квадратных мэтраў, і грамадзкай — 74 тысячы квадратных мэтраў.

Як гаворыцца ў дакумэнце, шэраг рашэньняў тычыцца, сярод іншага, карэкцыі межаў заказьніка «Лебядзіны» і рэалізацыі інвэстпраекту па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу кампаніі «Тапас».

Па даручэньні, якое кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка даў Менгарвыканкаму, будзе таксама сфармаваны інвэстыцыйны ўчастак для будаўніцтва жылога комплексу з абʼектамі сацыяльна-гарантаванага прызначэньня па вуліцы Ціміразева на тэрыторыі гандлёвага дому «Ждановічы».

Тэрыторыя праекту разьмешчаная ў прыродным каркасе Менску (зона з высокім прыродна-экалягічным патэнцыялам уздоўж сыстэмы вадацёкаў у межах водаахоўных тэрыторый) і ў экалягічным калідоры 1-га парадку (водна-зялёны дыямэтар ракі Сьвіслач), які забясьпечвае санацыю паветранага басэйна гораду. Таксама ў межах праекту — прыродная тэрыторыя рэспубліканскага біялягічнага заказьніка «Лябядзіны», якая знаходзіцца пад асаблівай аховай.

Вакол заказьніка «Лебядзіны» плянуецца:

  • паставіць жывую агароджу з шчыльных калючых кустоў з боку жылых кварталаў, якая будзе перашкаджаць пранікненьню хатніх жывёл на тэрыторыю заказьніка;
  • усталяваць шумаахоўныя экраны ўздоўж МКАД;
  • зрабіць экалягічныя сьцежкі, пешаходныя і роварныя дарожкі, месцы адпачынку, каб лякалізаваць адпачывальнікаў на дапушчальных рэкрэацыйных участках;
  • зьніжэньне паверхавасьці забудовы ад 7 да 3 паверхаў пры набліжэньні да тэрыторыі заказьніку;
  • пазьбягаць выкарыстаньня шкляных і асабліва люстраных аздобных матэрыялаў для забудовы.

«Тапас» выйграў, грамадзтва прайграла

Паводле кіраўніка таварыства «Горад для гараджан» Дзяніса Кобрусева, зацьверджаны Менгарвыканкамам праект быў распрацаваны ў 2018 годзе, і ён легітымізуе сытуацыю, якая ўжо склалася на сёньняшні момант.

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

«Ён заточаны менавіта пад абслугоўваньне інтарэсаў „Тапаса“ і яго забудоўнікаў. Зона „Лебядзінага“ зьменшаная, і мы бачым нагрузку антрапагеннасьці. Гэта, безумоўна, пагражае біяразнастайнасьці. Але гэта не залежыць ад дэталёвага пляну, бо ўжо цяпер „Лебядзіны“ абкладзены забудовай з усіх бакоў»,

Паводле Дзяніса Кобрусева, цяпер на ўзроўні горадабудаўнічай дакумэнтацыі ў забудоўшчыка ня будзе ніякіх праблемаў.

«Ён правядзе ўсе даклады па ўзьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе, будзе мець зацьверджаны праект дэталёвага плянаваньня, і ўсё. І на ўзроўні заканадаўства грамадзкасьці ня будзе як чапляцца да таго, што там робіцца».

Раней ужо прайшлі грамадзкія слуханьні адносна будаўніцтва рэстарацыі каля заказьніка ў той час, калі сам аб’ект фактычна пабудаваны.

«Так, гэта было зроблена задняй датай, калі рэстарацыя ўжо гатовая. Цяпер у забудоўшчыкаў ужо рукі разьвязаныя. Цяпер ня будзе нейкай магчымасьці сказаць, што ён нешта парушае. Забудоўшчык можа цяпер у межах дэталёвага праекту рабіць усё, што ён хоча, што абазначана ў гэтым праекце. Але часткова і зьмяняць свой праект, калі гэта ня будзе парушаць дэталёвы плян. Напрыклад, пабудаваць нешта іншае, большае. То бок „Тапас“ з гэтай сытуацыі выйшаў у выйгрышы, а грамадзтва і заказьнік — у мінусе», — сказаў Дзяніс Кобрусеў.

Раней адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску абвясьціла, што грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе «абʼекта грамадзкага харчаваньня з добраўпарадкаваньнем прылеглай ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне праспэкту Пераможцаў — вуліцы Ратамскай» мае прайсьці з 14 жніўня па 13 верасьня. Комплекс ужо гатовы на 80%.

Як вынікае са справаздачы, Менгарвыканкам 12 красавіка 2019 году зацьвердзіў акт выбару месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку плошчай 3,9957 га бяз выхаду ў акваторыю возера «Лебядзінае».

«У нас застаецца прапанова стварыць адміністрацыю заказьніку»

Старшыня грамадзкай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў кажа, што на заказьнік «Лебядзіны» будзе аказвацца некантраляванае антрапагеннае ўзьдзеяньне.

«З прычыны вялікай колькасьці людзей вакол „Лебядзінага“ там стане значна больш наведвальнікаў, і калі там будуць рабіць пікнікі, гэта будзе адмоўна ўплываць на тэрыторыю заказьніку. Таму ў нас была і застаецца прапанова стварыць адміністрацыю заказьніку, якая магла б кіраваць тэрыторыяй і займацца захаваньнем відаў і маніторынгам, выкананьнем неабходных правілаў», — сказаў Канстанцін Чыкалаў.

Таксама эколягаў хвалююць самі будынкі, якія выкарыстоўваюць многа шкла. А гэта небясьпечна для птушак.

«Заказьнік ствараўся найперш для захаваньня некалькіх відаў птушак. Таму вялікія шкляныя сьцены могуць нэгатыўна паўплываць на іх падчас міграцыі. Птушкі будуць проста ўрэзвацца ў гэтыя шкляныя сьцены і гінуць. Мы прапаноўвалі адмовіцца ад шкляных пабудоў.

На жаль, павялічваецца павярховасьць пабудоў. Застаецца той самы прынцып: забудоўшчыкі атрымліваюць дазвол на забудову, усё ўзгадняецца, а праз два гады, калі пабудова здаецца, мы бачым зусім іншы выгляд», — кажа Канстанцін Чыкалаў.

Паводле Канстанціна Чыкалава, ён пакуль ня бачыў дакладнага пляну таго, як будуць выглядаць экасьцяжыны. Прадстаўнікі «Тапаса» не зьвярталіся ў «Багну» па кансультацыі. Канстанцін Чыкалаў сказаў, што «Багна» зьвярнулася да ўладаў з прапановай правесьці грамадзкі сход адносна ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе рэстарана, які будуе каля заказьніку «Тапас». Але адказу пакуль няма.

«Таксама мы зьвярнуліся да ўладаў з просьбай правесьці незалежную экалягічную экспэртызу праекту, бо была парушаная пасьлядоўнасьць дзеяньняў па рэарганізацыі заказьніку. То бок пачалася забудова, а ўжо пасьля гэтага былі зьмененыя межы заказьніку. Па заканадаўстве гэта парушэньне».

Як адразалі зямлю ад заказьніку

Адразаць зямлю ад «Лебядзінага» пачалі яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку пастановай Савету Міністраў ягоную тэрыторыю зьменшылі на 8 гектараў.

У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў генплян Менску. Ад ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны адарвалі яшчэ 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай. Частку гэтых зямель перадалі кампаніі «Тапас», якая згодна з указам 2014 году будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-парк» побач з заказьнікам (у межах праспэкту Пераможцаў, вуліц Браслаўскай і Ціміразева). Тамсама паўстала і лядовая арэна, на якой гуляюць у хакей Лукашэнка і каманды аматарскай лігі прэзыдэнцкага спартовага клюбу.

Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, далі яму і розныя льготы. Сярод іншага, Лукашэнка дазволіў «выдаляць абʼекты расьліннага сьвету без правядзеньня кампэнсацыйных пасадак» і «ажыцьцяўляць зьняцьце ўрадлівага пласта глебы». Комплексы дабудуюць у 2019 годзе.

Калі ў канцы 2018 году высьветлілася, што «Тапас» будуе «шматфункцыянальны комплекс» на землях, якія ўсё яшчэ ўваходзяць у тэрыторыю заказьніку, Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін указ, які дадаткова зьменшыў межы «Лебядзінага».

ТАА «Тапас» — адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Менску. Узначальвае кампанію вядучы хакеіст прэзыдэнцкай каманды Павал Белы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG