Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мсьціславе зноў абвалілася сьцяна касьцёла XVII стагодзьдзя


Аварыйная сьцяна, якую трымаюць мэталічныя канструкцыі і лёс якой вырашаюць чыноўнікі

У Мсьціславе абрынулася частка сьцяны і калёна помніка архітэктуры XVII стагодзьдзя — касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла. Пра гэта паведаміў журналіст, выхадзец з Мсьціслава Дзяніс Касьцюкевіч. Ад 2016 году ён прыцягвае ўвагу чыноўнікаў да сытуацыі з помнікам.

Канструкцыя доўгі час стаяла раскансэрваваная

Па словах Дзяніса, апошняя з трох калёнаў абрынулася яшчэ 16 жніўня. Спасылаючыся на меркаваньні адмыслоўцаў-рэстаўратараў, ён кажа, што канструкцыя доўгі час стаяла ў раскансэрваваным стане, што нібыта і прывяло да парушэньня яе ўстойлівасьці. Ён дадае, што будаўнікі, якія займаюцца кансэрвацыяй будынку, адбіўшы тынкоўку, выявілі праблемы са сьценамі. Некаторыя зь іх у расколінах і пахіліліся.

Паводле інфармацыі журналіста, цяпер вырашана разбурыць рэшту сьцяны, якую трымаюць мэталічныя канструкцыі і побач зь якой абрынулася калёна. Разам з гэтай сьцяной адновяць і самі калёны — з бэтону.

Райвыканкам: чакалі рашэньня Мінкульту

У аддзеле архітэктуры Мсьціслаўскага райвыканкаму пацьвердзілі, што частка сьцяны абвалілася, назваўшы гэты факт «чаканым». Заявілі, што пашкоджаньні канструкцыі выявілі даўно, паведамілі пра гэта ў Мінкульт, але ўказаньняў адтуль не было.

Від зьверху да таго, як абрынулася калёна
Від зьверху да таго, як абрынулася калёна

«Мы высьвятлялі ў Мінкульце, ці самі яе збурым, ці варта супрацьаварыйныя захады прадугледжваць, каб яе ўратаваць, — кажа супрацоўнік аддзелу. — Сытуацыя была пад наглядам. А тут прайшлі дажджы моцныя, і ў выніку яна абвалілася».

Пра аднаўленьне гаворкі няма

За кансэрвацыю помніка ўзяліся сёлета, пасьля таго як частка будынка ўжо абвалілася ў 2017 годзе. Тлумачылася, што працы павінны ўратаваць помнік ад узьдзеяньня ападкаў. На супрацьаварыйныя захады выдаткавалі 550 тысяч рублёў з абласнога, рэспубліканскага бюджэтаў і з фонду прэзыдэнта. Пра рэканструкцыю гаворкі няма.

Будынак касьцёла не эксплюатуецца з савецкіх часоў. На пачатку 1990-х гадоў аднавіць яго браліся рэстаўратары з Польшчы, але працаваць ім не далі.

Езуіцкі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла заклалі ў 1637 годзе. Узводзілі яго ў стылі віленскага барока. З 1842 году тут была праваслаўная царква Cьвятога Мікалая Цудатворцы. З 1925 году храм зачынены. Пасьля Другой усясьветнай вайны ў касьцёле быў Дом культуры. Пазьней у закінутай бажніцы мясцовая грамадзянская абарона ладзіла вучэньні. Калі пачалася кансэрвацыя, будынак схавалі за банэрнай сеткай.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG