Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знайшлі сядзібу полацкіх князёў эпохі Ўсяслава Чарадзея. Гэта як цяперашнія «Дразды»


На раскопках у Чарсьвядах
На раскопках у Чарсьвядах

Упершыню ў беларускай археалёгіі ўдалося знайсьці і дасьледаваць загарадную рэзыдэнцыю полацкіх князёў. Сярод знаходак — кніжная засьцежка. Гэтая вялікая рэдкасьць для таго часу, бо кніга каштавала як цэлая гаспадарка ці статак кароваў.

«Разьбіраем печку, асьцярожна з косткамі», — у вёсцы Чарсьвяды пад Полацкам гучаць парады кіраўніка археалягічнай экспэдыцыі. На зачышчанай глебе відаць фрагмэнты печы, шкілеты двух чалавек, кавалкі керамічнага посуду. Усё гэта адносіцца да пэрыяду, калі ўлада ў Полацкім княстве пераходзіць ад Усяслава Чарадзея да ягоных нашчадкаў.

Менавіта тут, у Чарсьвядах, мелі загарадную сядзібу полацкія князі, што пацьвярджаюць сёлетнія археалягічныя дасьледаваньні.

Чарсвяды цяпер — невялікая вёска ва Ўшацкім раёне Віцебскай вобласьці, за 30 кілямэтраў ад Полацку. Нездалёк, за 40 кілямэтраў, радзіма Васіля Быкава — вёска Бычкі.

Тут мог бываць Усяслаў Чарадзей

У Чарсьвядах археолягі адшукалі грэцкія амфары, кніжную засьцежку, кавалак бранябойнай стралы, вялікую печ. Кніжная засьцежка — важная знаходка, бо сьведчыць, што сядзіба не належала ні сялянам, ні фэадалам.

Кніжная засьцёжка
Кніжная засьцёжка
Марат Клімаў
Марат Клімаў

«Усе знаходкі ўказваюць на тое, што гэта не сялянская сядзіба і не фэадальная. Бо ў тыя часы кнігі былі ў Спаса-Ефрасіньнеўскім манастыры і, можа, у Сафійскім саборы. А таксама тут, за 30 кілямэтраў ад Полацку», — расказвае кіраўнік экспэдыцыі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Марат Клімаў.

Дакладна вядома, што сядзіба існавала тут на пачатку XII стагодзьдзя, а можа і раней. Усяслаў Чарадзей дажыў да 1101 году, а пасьля падзяліў свае землі паміж сынамі. Якраз у гэты час у Полацкім княстве пачынае складацца княскі дамэн (уладаньні княскай сям’і). Значыць, полацкі князь Усяслаў Чарадзей мог бываць у летняй рэзыдэнцыі ў Чарсьвядах. Але пакуль канкрэтных доказаў гэтаму няма.

«Магчыма, яшчэ пры жыцьці Ўсяслава Чарадзея пачынае складацца княскі дамэн — гэта зямельная ўласнасьць менавіта князя. Але пакуль нельга назваць больш вузкую дату. Гэта патрабуе доказаў. Пабудовы, якія мы дасьледуем зараз, адносяцца да першай паловы XII стагодзьдзя», — кажа Марат Клімаў.

У XII стагодзьдзі княскую сядзібу атакавалі

У раскопе глыбінёй да мэтру зачышчаюць ад глебы косткі. Гэта чалавек, які загінуў тут у XII стагодзьдзі. Ён прытулены да вялікай печы, якая магла выкарыстоўвацца як для абагрэву, так і для вырабу керамікі. Пакуль спэцыялісты ня могуць вызначыць яе дакладнае прызначэньне. Яшчэ адна знаходка — наканечнік бранябойнай стралы. Значыць, у XII стагодзьдзі на сядзібу напалі, а чалавек спрабаваў уратавацца.

«Сядзібу закранула міжусобіца. Пакуль нельга сказаць, што гэта. Гэта мог быць паход Мсьціслава Ўладзіміравіча, сына Ўладзіміра Манамаха, на Полацак. Ёсьць яшчэ адна падзея, якая магла закрануць гэтую сядзібу. У 1159 годзе Полацкае веча адставіла князя Расьціслава Глебавіча і хацела вярнуць Рагвалода Барысавіча, якога раней выдалі менскім князям», — тлумачыць Марат Клімаў.

Навошта князю загарадная рэзыдэнцыя

«Калі распалася княская дружына, князь перастаў зьбіраць даніну па розных абшчынах. Дружыньнікі папрасілі ў князя па кавалку зямлі і паабяцалі за гэта служыць. Пасьля князь задумаўся — раздаў зямлю дружыньнікам, а сам з чым застаўся? Чым забясьпечваць сваё блізкае атачэньне? І тады ён пакінуў за сабой лепшыя землі. Яны былі вакол Полацку ў розных месцах. Такіх рэзыдэнцый было каля 5», — кажа Марат Клімаў.

Рэзыдэнцыя ў Чарсьвядах стаяла на беразе возера. Па словах археолягаў, займала яна паўгектара. Тут была сядзіба і гаспадарчыя пабудовы. Месца абіралі ня толькі з-за прыгожых краявідаў: на возеры можна было лёгка схавацца ад нападнікаў — сплыць на лодцы, каб стрэлы не дасталі.

Месца, дзе жылі 6000 год таму

На месцы раскопак з жалезных знаходак — нож, наканечнік стралы, шарык ад вагі. Іншых жалезных вырабаў археолягі пакуль не знайшлі. Па словах Марата Клімава, аб’ект «добра адпрацавалі» чорныя капальнікі — прайшліся з мэталашукальнікамі і выбралі жалезныя прадметы.

Мікраліт
Мікраліт
Наканечнік стралы
Наканечнік стралы

«А вось гэта фрагмэнт керамічнага посуду эпохі нэаліту», — глядзім на кавалак керамікі, не падобны да іншых. На ім заўважныя хвалістыя лініі. Яшчэ адзін доказ нэалітычнага ці нават ранейшага паселішча — знойдзены ў раскопе крэмневы ўкладыш (мікраліт). Такія пласьціны з крэменю выкарыстоўвалі як часткі прыладаў працы ці зброі.

Не заканчваецца гісторыя гэтай рэзыдэнцыі і на XII стагодзьдзі. У часы ВКЛ тут таксама была загарадная сядзіба ваяводы полацкага — фактычна, намесьніка вялікага князя літоўскага на гэтых землях. Менавіта праз гэтыя зьвесткі археолягі і выйшлі на дасьледаваньне археалягічнага помніка.

У дакумэнтах XVI стагодзьдзя аб’ект усплывае як ваяводзкі двор. Пасьля трагедыі ў XII стагодзьдзі тут перабудоўваліся аб’екты. Уладаньні не мяняліся, але месца двара перамяшчалася», — кажа Марат Клімаў.

Раскопкі ў Чарсьвядах працягнуцца да 10 жніўня. Археолягі зьбіраюцца дасьледаваць загарадную рэзыдэнцыю полацкіх князёў і ў наступным годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG