Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне ратуюць ад разбурэньня магілу паўстанцаў Каліноўскага. ФОТА


Архітэктар Андрэй Варабей працаваў на рамонце агароджы
Архітэктар Андрэй Варабей працаваў на рамонце агароджы

У вёсцы Новая Папіна Драгічынскага раёну ідзе рэстаўрацыя магілы ўдзельнікаў паўстаньня 1863-1864 гадоў. Грамадзянін Польшчы дапамог рэстаўрацыі грашамі.

Як расказаў архітэктар Андрэй Варабей, які працаваў на рамонце агароджы, тут пахаваныя мясцовыя ўдзельнікі паўстаньня 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

«Гэта не магіла часоў баявых дзеяньняў, тут адбываліся пахаваньні ўжо пасьля паўстаньня. Але Ян Жук і ягоная жонка Стэфанія Жук былі яго ўдзельнікамі. Яна Жука саслалі ў аддаленыя губэрні Расейскай імпэрыі. Потым ён вярнуўся, маёнтак застаўся за ім, памёр ён ужо ў 1898 годзе. Жонка памерла раней. Тут паставілі помнік, а мур, відавочна, ужо ў часы польскай улады. На помніку знайшлі надпіс майстэрні Анджэя Прушынскага з Варшавы. Крыж паставілі да 1895 году, а гранітная пліта Яну Жуку ўжо пазьнейшая», — расказаў Андрэй Варабей.

Гэтае пахаваньне ўключана ў сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Зьявіўся прыватны спонсар Станіслаў Кендзерскі, грамадзянін Польшчы, які мае бізнэс у Кобрыні. Ён даў сродкі на распрацоўку навукова-праектнай дакумэнтацыі на рамонт помніка.

Дакумэнтацыю рыхтавала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пад кіраўніцтвам Антона Астаповіча. Потым, у чэрвені, быў падрамантаваны сам помнік — яго патынкавалі, залілі новы п’едэстал замест старога.

«Наконт агароджы — тут праведзеныя проціаварыйныя кансэрвацыйныя работы. Часова замацавалі найбольш парушаныя фрагмэнты, патынкавалі растворам і пакрылі пабелкай.

Бо, папраўдзе, рэстаўрацыі гэтая агароджа не падлягае, бо калі гэта пачаць рабіць, тут спатрэбяцца вялікія грошы, таму што цэгла ў вельмі дрэнным стане. Хутчэй за ўсё, цэгла была недапаленая і цяпер проста рассыпаецца. Агароджу многія дзесяцігодзьдзі не даглядалі, трапляла вада, шкодзіла. Таму, па сутнасьці, на старой тынкоўцы ўся гэтая канструкцыя і трымаецца», — падзяліўся Андрэй Варабей спэцыфікай працы.

Архітэктар кажа, што на гэтую тэрыторыю не было праекту ахоўных зонаў. Андрэй Варабей і таварыства аховы помнікаў распрацавалі гэты праект, у межы ахоўнай зоны будуць трапляць цалкам каталіцкія могілкі. Праект зонаў аховы неўзабаве будзе зацьверджаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG