Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію Карласа Шэрмана за найлепшыя пераклады атрымалі Надзея Кандрусевіч, Антон Брыль і Сяргей Шупа


Ляўрэаты і сябры журы: Юлія Цімафеева (за Сяргея Шупу), Ціхан Чарнякевіч, Зьміцер Колас (за Антона Брыля), Ганна Янкута, Надзея Кандрусевіч, Вера Бурлак з сынам
Ляўрэаты і сябры журы: Юлія Цімафеева (за Сяргея Шупу), Ціхан Чарнякевіч, Зьміцер Колас (за Антона Брыля), Ганна Янкута, Надзея Кандрусевіч, Вера Бурлак з сынам

Сёньня пасьля зьезду Беларускага ПЭН-Цэнтру адбылося ўганараваньне прэміяй імя Карласа Шэрмана за найлепшыя перакладныя кнігі 2018 году.

Сёлета прэмія ўпершыню ўручаецца ў трох намінацыях – пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі.

Прэмія імя Карласа Шэрмана заснаваная ў 2016 годзе за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Фундатары прэміі — Беларускі ПЭН-Цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Міжнародны дабрачынны фонд “Вяртаньне“.

Прадстаўнік «Вяртаньня» Сяргей Макарэвіч сказаў, што задача прэміі — вывесьці зь ценю нашых перакладчыкаў. Сёлета перакладзена 47 кніг (у тым ліку і з такіх моваў, як санскрыт, ідыш, турэцкая, японская).

Сяргей Макарэвіч з фонду “Вяртаньне”
Сяргей Макарэвіч з фонду “Вяртаньне”

У шорт-лісьце кожнай намінацыі было па 3 кнігі.

Проза

  • «Сонька» польскага пісьменьніка Ігната Карповіча ў перакладзе Марыі Мартысевіч.
  • «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» нобэлеўскай ляўрэаткі Вольгі Такарчук у перакладзе з польскай Марыны Шоды.
  • «Панядзелак» Мойшэ Кульбака ў перакладзе зь ідышу журналіста Свабоды Сяргея Шупы.

Пераможцам прэміі Карласа Шэрмана ў галіне прозы стаў Сяргей Шупа.

Сяргея Шупу на цырымоніі прадстаўляла паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева
Сяргея Шупу на цырымоніі прадстаўляла паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева
Марына Шода
Марына Шода
Марыя Мартысевіч
Марыя Мартысевіч

Паэзія

  • Антон Францішак Брыль пераклаў з лацінскай мовы зборнік паэзіі Марцыяла.
  • Юлія Цімафеева пераклала з ангельскай паэзію Ўолта Ўітмэна.
  • Андрэй Хадановіч пераклаў з францускай паэзію Артура Рэмбо.

Перамог Антон Францішак Брыль.

Антона Брыля прадстаўляў выдавец Зьміцер Колас
Антона Брыля прадстаўляў выдавец Зьміцер Колас

Дзіцячая літаратура

  • «Мітусьня ў агародзе» Свэн Нурдквіст — пераклад са швэдзкай мовы Надзеі Кандрусевіч.
  • Другую кнігу таксама пераклала Надзея Кандрусевіч — «Ёрдзіс», аўтарка — Юя Вісландэр.
  • Трэцяя кніга — Стыян Холе «Лета Гармана» ў перакладзе з нарвэскай Юліі Цімафеевай.
Надзея Кандрусевіч
Надзея Кандрусевіч

Пераможцай стала Надзея Кандрусевіч. Яе павіншавала па-беларуску амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крысьціна Юганэсан​.

Амбасадарка Швэцыі Крысьціна Юганэсан (справа)
Амбасадарка Швэцыі Крысьціна Юганэсан (справа)

* * *

У журы прэміі сёлета былі Вера Бурлак, Марына Казлоўская, Кацярына Маціеўская, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Янкута.

Прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшую перакладную кнігу была заснаваная Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Міжнародным дабрачынным фондам «Вяртаньне» ў 2016 годзе.

Летась прэміяй уганаравалі Веру Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса».

У 2017 годзе ляўрэатам стаў Андрэй Хадановіч за пераклад вершаў Шарля Бадлера.

Першым ляўрэатам у 2016 годзе стаў Якуб Лапатка за пераклад зь фінскай мовы карэла-фінскага эпасу «Калевала».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG