Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд аднавіў сяброўства Сяргея Шапрана, Сямёна Букчына і Паўла Севярынца ў ПЭН-Цэнтры


А вось новых ахвотных уступіць у ПЭН зьезд не падтрымаў — пастанавіў, што яны маюць зьвяртацца ў Раду. Пры разглядзе заявы Севярынца былі спробы сарваць зьезд, аднак вядоўца Лявон Баршчэўскі цьвёрда абвясьціў, што рашэньне аб аднаўленьні Севярынца прынятае.

«Выключэньне Сяргея Шапрана — прыкрая памылка»

Першым разглядалі выключэньне Сяргея Шапрана. Андрэй Хадановіч заступіўся за Шапрана, у дачыненьні да якога была зроблена сур’ёзная памылка — ён быў выключаны з ПЭН-Цэнтру, хоць прасіў часова прыпыніць сяброўства з прычыны немагчымасьці заплаціць унёскі.

«Гэта прыкрая памылка. Давайце адновім справядлівасьць. У Сяргея вялікія заслугі перад ПЭНам», — кажа Андрэй Хадановіч.

Дэлегаты прагаласавалі за тое, каб аднавіць Сяргея Шапрана ў ПЭН-Цэнтры.

Сяргей Дубавец прапанаваў аднавіць і сяброўства ў ПЭН-Цэнтры Сямёна Букчына, які таксама апынуўся ў цяжкім матэрыяльным стане. Сяброўства Сямёна Букчына таксама адноўлена.

Сьвятлана Алексіевіч: «Ціснуць на зьезд — гэта палітычны шантаж»

Тацяна Нядбай чытае заявы Яўгена і Дарʼі Зубовічаў аб уступленьні ў ПЭН-Цэнтар, тлумачыць, што іх заявы ў стадыі разгляду, рашэньне будзе прымаць новая рада. Таксама ўзгадваліся прозьвішчы іншых маладых людзей, які пісалі заявы на ўступленьне ў ПЭН-Цэнтар, пра якіх пісаў Павал Севярынец у сваім адкрытым лісьце.

26-гадовы кандыдат гістарычных навук, дасьледчык гісторыі ВКЛ Павал Булаты, якому рада адмовіла ва ўступленьні ў ПЭН, асабіста папрасіў зьезд прыняць яго сябрам ПЭН, пералічыўшы свае заслугі, навуковыя працы.

«Сяброўства ў ПЭН-Цэнтры трэба заслужыць. Туды заўсёды было вельмі цяжка ўступіць. Я паглядзела на сьпіс ахвотных — у многіх наагул няма кніг. А ціснуць на зьезд — гэта палітычны шантаж. Няхай пытаньнямі прыняцьця ў ПЭН займаецца Рада, а ня зьезд», — сказала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Тацяна Нядбай дадала, што ПЭН ніколі ня гнаўся за колькасьцю сябраў, не імкнуўся стаць масавай арганізацыяй. Галоўнае — што чалавек можа даць ПЭНу, які ўнёсак зрабіць, кажа яна.

Дэлегаты зьезда параілі Паўлу Булатаму ўрэшце зьвяртацца ў Раду.

Павал Севярынец: «Я лічу сваё выключэньне несправядлівым. Але ідэалёгію фэмінізму, гендэру, гей-прапаганду я лічу шкоднымі»

Разгледзелі і заяву Паўла Севярынца, які сплаціў унёскі і просіць яго аднавіць у сяброўстве ў ПЭН-Цэнтры. Раней Рада ПЭН-Цэнтру пастанавіла выключыць яго за нясплату ўнёскаў.

«Я лічу сваё выключэньне несправядлівым. Каб удзельнічаць у працы зьезьду, я ўнёскі сплаціў. Я хачу вярнуцца, каб штосьці мяняць. А мяняць у працы ПЭН-Цэнтру ёсьць што», — кажа Павал Севярынец.

Што да свайго адкрытага ліста, прызнаўся, што пісаў яго эмацыйна.
«Але ідэалёгію фэмінізму, гендэру, гей-прапаганду я лічу шкоднымі», — падсумаваў Севярынец.

Уладзімер Арлоў выступіў у падтрымку Севярынца, узгадаўшы ўсе яго адседкі, кнігі, заслугі. У дыскусіі ўзялі ўдзел Марыя Мартысевіч, Ірына Дубянецкая, Аляксей Шэін.

А вось Аляксандар Фядута заявіў, што будзе галасаваць супраць аднаўленьня Севярынца — маўляў, няхай Павал нанова пройдзе працэдуру ўступленьня, інакш створыцца прэцэдэнт палітычнага ціску на зьезд.

Падвёў рысу Ўладзімер Арлоў. Ён запытаўся, ці прызнае Павал Статут і Хартыю ПЭН-Цэнтру. Павал цьвёрда адказаў, што прызнае.

Урэшце зьезд адмяніў рашэньне рады аб выключэньні Севярынца зь сябраў ПЭН-Цэнтру. Павал Севярынец застаецца сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру.

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Аднак тут нязгодныя пачалі казаць, што народ разышоўся і ўжо няма кворуму. Вядоўца Лявон Баршчэўскі заклікаў не зрываць сход. Гучаць галасы — правесьці перарэгістрацыю. Баршчэўскі паставіў кропку: рашэньне прынята.

На просьбу Радыё Свабода патлумачыць сытуацыю, ён сказаў:

«Усе галасаваньні адбываліся дакладна, як патрабуе Статут, падабаецца ён каму ці не. Рашэньне Рады аб выключэньні Севярынца, калі ён зьвярнуўся з апэляцыяй, павінен зацьвердзіць агульны сход, але пяці галасоў не хапіла. А таму выключэньне Севярынца не было прызнана законным. Кворум 59 са 112 сяброў ПЭНу быў, і прапанова пра перарэгістрацыю ўдзельнікаў зьезду прынятая не была», — так пракамэнтаваў пасты ў фэйсбуку, што не было кворуму пры аднаўленьні Севярынца, Лявон Баршчэўскі, вядоўца зьезду.

«Кворум лічыцца не ад колькасьці прысутных у залі, а ад колькасьці зарэгістраваных», — дадаў Баршчэўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG