Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шклянка гарэлкі» ад Шэрмана


Карлас Шэрман
Карлас Шэрман

Летам 1977 году маці, выкладчыца Віцебскага пэдінстытуту, каб даць мне працоўную загартоўку, скарыстала службовае становішча і аформіла мяне, васьміклясьніка, у якасьці «цяжкавыхавальнага падлетка» (якім я зусім ня быў) у будаўнічы атрад на збор садавіны ў тагачасную Малдаўскую ССР.

У апошні момант перад адпраўкай цягніку сэрца маці ня вытрымала, і яна далучыла да майго багажу пакет з каўбасой. Каўбасы тады ў свабодным продажу амаль што не было.

Пах гэтай каўбасы адразу папоўз па пляцкартным вагоне, і мяне «пасьвяцілі» ў студэнты: каўбаса — мая, гарэлка — студэнтаў.

«Пасьвячэньне» адбывалася, калі цягнік спыніўся ў Воршы, і помнік Заслонаву за вакном — апошняе, што памятаю, далей убачыў прывакзальную плошчу ў Менску. Але тое было ўжо раніцай, дзе наш віцебскі атрад далучылі да агульнага. Цяжар у галаве быў кампэнсаваны лёгкасьцю чамадана — пакета з каўбасой там, канешне, не было.

Далей мне заставалася толькі чытаць. І тут мяне чакаў куды большы ўдар па сьвядомасьці, чым шклянка гарэлкі.

У чамадан я паклаў «Поднятую целину» Шолахава, якую трэба было «прайсьці» па школьнай праграме, адкрыў кнігу ў вагоне. Першыя фразы — пра вішні — спадабаліся, а далей не пайшло. Я схаваў кнігу, разьлічваючы, што за два месяцы неяк адолею гэты шэдэўр сацыялістычнага рэалізму, і ўзяўся за часопіс «Нёман», які ў апошні момант купіў у кіёску віцебскага вакзалу. Павесяліла прозьвішча аднаго з аўтараў, яно падалося пародыяй на Карла Маркса. Спачатку падумаў, што гэта нешта нецікавае, антырэлігійнае (пра патрыярха), але некалькі абзацаў усё ж прачытаў.

І не адарваўся, пакуль не дачытаў апошнія радкі.

Прычым гэта, здаецца, быў толькі фрагмэнт (твор друкаваўся з працягам у некалькіх нумарах), але прачытанае ў той вечар зьмяніла мае ўяўленьні пра тое, якой можа быць сучасная літаратура.

Пазьней я чуў, што гэты пераклад «Восені патрыярха» Габрыэля Гарсія Маркеса, выкананы Валянцінам Тарасам і Карласам Шэрманам, не зусім дасканалы, і нават не з прычыны іх літаратурнага майстэрства (у недахопу майстэрства ні Тараса, ні Шэрмана ніхто ня возьмецца абвінавачваць), але — з прычыны цэнзуры. Савецкая цэнзура выкінула тое, што не ўкладалася ў яе ўяўленьне ня толькі сацыялістычнага рэалізму, але і рэалізму магічнага, заснавальнікам якога лічыцца Маркес. Ня выключана, што і самі перакладчыкі апусьцілі нейкія радкі, разумеючы немагчымасьць іх публікацыі.

Зусім магчыма, ня буду спрачацца.

А з самім Карласам Шэрманам я пазнаёміўся толькі праз два дзесяцігодзьдзі, у кампаніі з Уладзімерам Арловым і Рыгорам Барадуліным, і распавёў яму пра тое першае знаёмства з Маркесам, і нават выпіў зь ім гарэлкі (але меней, чым тады, у Воршы).

За тыя пару гадоў, што я быў сакратаром камісіі Вярхоўнага Савету ў справах галоснасьці і правоў чалавека, і разам з кіраўніком камісіі Анатолем Вярцінскім мы сумесна з Шэрманам падрыхтавалі некалькі дакумэнтаў — якія, на жаль, ня ўсе прайшлі праз цяпер ужо дэпутацка-камуністычную цэнзуру.

Народжаны ў Мантэвідэа сын эмігранта-габрэя з Заходняй Беларусі і індыянкі, Карлас Шэрман паказаў, што такое важнае для некаторых «пытаньне крыві» ня мае ніякага значэньня, нават калі вядзецца пра сапраўдны патрыятызм. Зь ягонай дапамогай па-гішпанску загаварылі творы Коласа, Купалы, Быкава, Барадуліна. Шэрман быў адным з заснавальнікам беларускага ПЭНу. Як прыгадваў пазьней наступнік Шэрмана на пасадзе віцэ-прэзыдэнта ПЭН-цэнтра Андрэй Дынько, «Ён быў адным з найбольшых, найвярнейшых памочнікаў Васіля Быкава, які дапамагаў яму ва ўсім у самыя цяжкія моманты 90-х» — гэта і тыя моманты, калі па БТ Быкава называлі «літаратурным паліцаем»...

У дні 85-гадовага юбілею тыя, хто сябраваў з Карласам Шэрманам, хто быў знаёмы зь ім лепей за мяне, канешне, прыгадаюць і іншыя ягоныя заслугі перад Беларусьсю.

Але я яшчэ ўдзячны яму і за тыя магічныя старонкі, прачытаныя ў цягніку Менск-Кішынёў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG