Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны ў Кітаі ўйгурскі навуковец стаў ляўрэатам прэміі Сахарава


Ільгам Тохці

Эўрапарлямэнт у чацьвер прыняў рашэньне прысудзіць прэмію Сахарава ўйгурскаму навукоўцу Ільгаму Тохці, які быў асуджаны ў Кітаі да пажыцьцёвага зьняволеньня па абвінавачваньнях у сэпаратызьме.

Прафэсар эканомікі Пэкінскага ўнівэрсытэту неаднаразова крытыкаваў палітыку кітайскіх уладаў у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў. У 2014 годзе суд у Ўрумчы вынес яму прысуд, абвінаваціўшы ў дзейнасьці, накіраванай на падрыў дзяржаўнага ладу ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР.

Прэмія Сахарава прысуджаецца за праваабарончую дзейнасьць. Спікер Эўрапарлямэнта Давід Сасолі, які аб’явіў аб тым, што Тохці стаў яе ляўрэатам, заклікаў Пэкін вызваліць навукоўца. Ён адзначыў, што Тохці прытрымліваецца ўмераных поглядаў і заўсёды выступаў за дыялёг.

Агенцтва адзначае, што рашэньне Эўрапарлямэнту хутчэй за ўсё выкліча рэзкую рэакцыю кітайскіх уладаў і можа прывесьці да абвастрэньня адносін паміж Кітаем і ЭЗ.

Праваабаронцы шэрагу краінаў, у тым ліку і ЗША, у апошнія гады крытыкавалі Кітай за стварэньне так званых лягераў перавыхаваньня, куды, па шматлікіх сьведчаньнях, улады гвалтоўна зьмяшчаюць сотні тысяч мусульман — жыхароў Сіньцзянам-Уйгурскага раёна. Улады Кітая сьцьвярджаюць, што гаворка ідзе пра праграму барацьбы з тэрарызмам, і ўдзел у ёй добраахвотны.

У мінулым годзе прэмію Сахарава атрымаў украінскі рэжысёр Алег Сенцоў, які тады знаходзіўся ў калёніі ў Расеі. У гэтым годзе на прэмію вылучалі расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, але ў шорт-ліст ён ня трапіў.

Прэмію Сахарава атрымлівалі ў 2004 годзе Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006 — былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG