Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў для Паліенкі 6 гадоў строгага рэжыму


Разгляд справы Зьмітра Паліенкі, 17 кастрычніка
Разгляд справы Зьмітра Паліенкі, 17 кастрычніка

На працэсе над Зьмітром Паліенкам прайшлі судовыя спрэчкі.

Пазыцыя пракурора

Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня Аляксандар Кароль заявіў, што лічыць віну Зьмітра Паліенкі ў асабліва злосным хуліганстве даказанай цалкам, а ў пацярпелага Юрына няма падстаў да агаворваньня Паліенкі.

Тое, што ніхто са сьведак ня бачыў самога інцыдэнту, ня сьведчыць, мяркуе пракурор, на карысьць Зьмітра Паліенкі.

«Трэба крытычна паставіцца да паказаньняў Паліенкі, што Юрын быў у нецьвярозым стане і нібыта сам пачаў зь ім канфлікт», — заявіў пракурор. Паводле пракурора, паказаньні пацярпелага Юрына збольшага пасьлядоўныя, а «той факт, што пацярпелы па-рознаму ацэньваў ступень свайго алькагольнага ап’яненьня», не пацьвярджае пазыцыю падсуднага, лічыць пракурор.

Што да паказаньняў Зьмітра Паліенкі, то пракурор назваў іх непасьлядоўнымі. На думку абвінаваўцы, Паліенка «груба парушыў парадак», ён хворы на алькагалізм, адбываў раней пакараньне за крымінальнае злачынства, ня выправіўся і зноў учыніў крымінальнае злачынства.

Пракурор папрасіў прысудзіць Паліенку 6 гадоў зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму, але 1 год зьняць па амністыі. Таксама пракурор папрасіў для Паліенкі прымусовага лячэньня ад алькагалізму.

Пазыцыя пацярпелага Юрына

Пацярпелы Аляксей Юрын у судзе, 17 кастрычніка
Пацярпелы Аляксей Юрын у судзе, 17 кастрычніка

Пацярпелы Аляксей Юрын папрасіў суд, калі ёсьць такая магчымасьць, не ўжываць да падсуднага цяжкі артыкул. «Я не настойваю на строгім пакараньні, ён малады чалавек, ужо асэнсаваў тое, што зрабіў», — сказаў пацярпелы. Матэрыяльны пазоў да Паліенкі ён не выстаўляў.

Пазыцыя адваката

Паводле абаронцы Паліенкі — адваката Тацяны Лішанковай, доказаў ягонай віны, акрамя паказаньняў пацярпелага, ніякіх няма.

  • На адзеньні Паліенкі і пацярпелага няма сьлядоў пярцовага газу.
  • Пацярпелы быў у значнай ступені алькагольнага ап’яненьня, пра што сьведчаць у тым ліку паказаньні ягонай жонкі.
  • Сьледчы не забраў відэазапіс з камэры, якая сочыць за пад’ездам. З гэтага запісу магчыма было б высьветліць ступень алькагольнага ап’яненьня пацярпелага.
  • Паказаньні пацярпелага «надзвычай супярэчлівыя» ня толькі адносна свайго стану, але і акалічнасьцяў інцыдэнту.
  • Зьміцер Паліенка бараніў сябе і не перавысіў ступень гэтай абароны.
  • Балёнчык «Пякучы перац» ня ёсьць забароненым сродкам.
  • У дзеяньнях Паліенкі няма складу злачынства.
  • Экспэртыза ня вывучыла ўсіх дакумэнтаў, якія сьведчаць, што Паліенка вылекаваўся ад алькагалізму.

«У мяне ёсьць радзіма і любоў — Настачка»

З апошнім словам выступіў Зьміцер Паліенка. Ён зьвярнуўся да публікі і суду па-беларуску і адразу сказаў, што ня верыць у апраўдальны вырак, бо ў Беларусі «няма справядлівай судовай сыстэмы».

На думку Зьмітра Паліенкі, на лаве падсудных у Беларусі гэтак можа апынуцца кожны грамадзянін. Але ён не шкадуе, што змагаецца.

«Няхай сыстэма робіць зь мяне злачынцу, але я чысты перад сумленьнем, я хачу зрабіць Беларусь чыстай і годнай. У мяне ёсьць радзіма і любоў — Настачка. Мяне пазбавяць свабоды, але не пазбавяць гонару і сумленьня».

«Беларусь будзе вольнай. Воля альбо сьмерць, ні кроку назад», — сказаў Паліенка ў судзе.

«Мне агідна ўдзельнічаць у гэтым цырку, але трэба было выказацца. Жыве Беларусь! На нашым баку праўда, і гэта маё не апошняе слова», — казаў Зьміцер Паліенка.

Сябры і журналісты стоячы віталі ягоную прамову воплескамі, гучалі воклічы «Жыве Беларусь».

Калі будзе агалошаны прысуд Зьмітру Паліенку, яшчэ не вядома.

Што важна ведаць пра справу Паліенкі

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG