Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Паліенка спрабаваў ускрыць вены на судзе. Працэс пагадзіліся адкрыць. ФОТА

абноўлена

Зьміцер Паліенка ў судзе, 17 кастрычніка
Зьміцер Паліенка ў судзе, 17 кастрычніка

На пачатку працэсу Паліенка спрабаваў ускрыць сабе вены на знак пратэсту супраць таго, што працэс робяць закрытым. Праз гадзіну яго вярнулі ў залю суду, працэс пагадзіліся зрабіць адкрытым. Высьветлілася, што з чатырох абвінавачаньняў засталося адно — «асабліва злоснае хуліганства».

Актывіст анархісцкага руху Зьміцер Паліенка спрабаваў ускрыць вены на судзе 17 кастрычніка на знак пратэсту супраць закрыцьця працэсу — тройчы парэзаў руку шпількай. Яго вывелі з залі, але актывісты, якія прыйшлі яго падтрымаць, адмаўляюцца яе пакідаць. Пракурор выйшаў з памяшканьня.

Паліенка пасьпеў крыкнуць: «Ганьба такому суду!»

Наведнікам суду сказалі, што паседжаньне пераносіцца ў іншую залю, але туды людзей не пускаюць. Міліцыянты на ўваходзе ў залю адмаўляюцца размаўляць з прэсай. Памочніца старшыні суду, якая размаўляла са СМІ, сышла і не вяртаецца.

Сяброўка Паліенкі Наста Гусева расказала, што яе выклікалі ў суд на 13 гадзінаў. Канваіры сьцьвярджаюць, што пагрозы жыцьцю Паліенкі няма, а суд можа пачацца безь яго.

Прэсавы сакратар Менскага гарадзкога суду Надзея Антонік пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды, што працэс пад Паліенкам ідзе, але падрабязнасьцей яна ня ведае, бо працэс закрыты. Ці аказвалі мэдычую дапамогу Паліенку, яна не сказала.

«Людзі ў цывільным» нападалі на наведнікаў суду

«Людзі ў цывільным» ужываюць гвалт супраць тых, хто прыйшоў падтрымаць Паліенку. Пацярпелі Ніна Багінская, Сяргей Спарыш, Максім Вінярскі, актывісты анархісцкага руху.

Людзі празь дзьверы спрабуюць дакрычацца да Паліенкі: «Дзіма, мы з табой!», скандуюць: «Свабоду Паліенку!» У калідоры перад заляй адключылі сьвятло.

Перад заляй заставалася каля 20 чалавек — актывісты, журналісты, праваабаронцы і «людзі ў цывільным». У натоўп прыйшлі некалькі міліцыянтаў — сталі гвалтам кудысьці выцягваць анархіста Вячаслава Касінерава, Багінскую, Спарыша і іншых. Актывісты заявілі, што будуць здымаць пабоі.

«Людзі ў цывільным» і анархіст Вячаслаў Касінераў (у цэнтры)
«Людзі ў цывільным» і анархіст Вячаслаў Касінераў (у цэнтры)

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч заявіў, што тое, як адбываецца працэс над Паліенкам, яшчэ раз пацьвярджае палітычны характар перасьледу актывіста. Паводле яго, праваабаронцы сапраўды зьбіраюцца прызнаць яго палітычным зьняволеным.

Праз гадзіну працэс адкрылі

А палове на 12-ю наведнікаў сталі пускаць у залю, дзе пачынаўся працэс, абшукваць на ўваходзе. Праз гадзіну па здарэньні Паліенку вярнулі ў залю, дзе пачынаўся працэс. Суд пагадзіліся зрабіць адкрытым. Паліенка заявіў, што свайго дамогся. Яго сустрэлі авацыяй.​

У залі таксама прысутнічае «пацярпелы» ў справе Аляксей Юрын. Паліенка сьцьвяржае, што ў Юрына ёсьць прычыны на яго паклёпнічаць: маўляў, пры ім у 3-м аддзеле ГУБАЗіК «пацярпеламу» прапаноўвалі за гэта «добрую кампэнсацыю».

Паводле адваката Паліенкі Тацяны Лішанковай, пракурор адмовіўся ад усіх абвінавачаньняў акрамя асабліва злоснага хуліганства. Паліенка у перапынку сказаў, што не прызнаваў сябе ні ў чым вінаватым.

Зьміцер Паліенка пасьля спробы ўскрыць вены
Зьміцер Паліенка пасьля спробы ўскрыць вены
Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі
Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі
Пацярпелы Аляксей Юрын
Пацярпелы Аляксей Юрын

***

Судовы працэс над былым палітвязьнем Паліенкам меў пачацца 25 верасьня ў закрытым рэжыме. Але разгляд справы адклалі нібыта з прычыны хваробы судзьдзі Пятра Арлова.​

На знак пратэсту супраць закрыцьця працэсу Паліенка раней абяцаў маўчаць у судзе. Праваабаронцы заяўлялі, што калі працэс не адкрыюць, то падсуднага прызнаюць палітвязьнем.

Ад сакавіка Зьмітра Паліенку трымалі у СІЗА на вуліцы Валадарскага, каралі карцарам.

Паліенку абвінавачваюць у пашкоджаньні маёмасьці нанясеньнем графіці антыміліцэйскага зьместу, у распальваньні варожасьці да міліцыянтаў і ў злосным хуліганстве — нібыта ён з хуліганскіх памкненьняў распыліў пярцовы газ у вочы грамадзяніну. Ён віны ў хуліганстве не прызнае і даводзіць, што мусіў абараняцца ад нападу невядомага ў пад’езьдзе. Інцыдэнт актывіст называе правакацыяй праваахоўнікаў.

Што важна ведаць пра справу Паліенкі?

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG