Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Паліенкам адклалі: судзьдзя захварэў. Відэа, фота

абноўлена

Акцыя ў падтрымку Зьмітра Паліенкі ля Менскага гарадзкога суду, 25 верасьня

Суд у справе Зьмітра Паліенкі адклалі на няпэўны тэрмін, паведаміла журналістам сакратарка суду раніцай 25 верасьня. Дата пачатку працэсу пакуль невядомая.

Афіцыйнай прычынай пераносу стала хвароба судзьдзі Пятра Арлова. Працэс меўся быць закрытым, прычыну закрыцьця не называлі.Пад будынкам Менскага гарадзкога суду ўтварыўся сход у падтрымку Паліенкі.

Сабраліся каля 20 чалавек, у тым ліку анархісты, чальцы «Эўрапейскай Беларусі» і «Народнай грамады». Праваахоўнікі патрабавалі, каб людзі разышліся, але не ўжывалі гвалту.

Удзельнікі акцыі адказалі, што гэта пікет па зборы подпісаў за кандыдата ў дэпутаты, і што яны знаходзяцца ў больш як 50 мэтрах ад суду.

На пікет у падтрымку Паліенкі сярод іншых прыйшоў палітык Мікалай Статкевіч. Ён асудзіў перасьлед Паліенкі:

«Уладзе ўвесь час трэба палохаць грамадзтва, — разважае Статкевіч. — Яны выбралі ў якасьці такой баксэрскай грушы анархістаў і малоцяць іх. Паліенку ведаю, гэта вельмі прыстойны хлопец, але з актывіста зрабілі хулігана, што няпраўда».

Мікола Статкевіч на акцыі ў падтрымку Зьмітра Паліенкі
Мікола Статкевіч на акцыі ў падтрымку Зьмітра Паліенкі

Ён мяркуе, што працэс адклалі з прычыны пазыцыі Эўразьвязу, бо «Захад патрабуе ад Лукашэнкі адзінага: каб на час выбараў не было пасадак». Але, дадае Статкевіч, усё можа аднавіцца пазьней, таму вельмі «важная салідарнасьць» грамадзтва, бо «калі мы разам абаронім Паліенку, суду не будзе».

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка 2019 году, з таго часу ён знаходзіцца за кратамі. Ён абвінавачваецца ў тым, што распыліў пярцовы газ з балёнчыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне ў пад’езьдзе. Сам актывіст настойвае, што гэта была самаабарона ад п’янага нападніка. На судзе, калі той будзе закрытым, ён абяцаў маўчаць.

Прадстаўнікі Amnesty International (другі, трэцяя і чацьвёрты зьлева) таксама прыйшлі да суду
Прадстаўнікі Amnesty International (другі, трэцяя і чацьвёрты зьлева) таксама прыйшлі да суду

Што важна ведаць пра справу Паліенкі?

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG