Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выходзь за мяне, перастану касячыць». Абаронцы Курапатаў Гусева і Паліенка рыхтуюцца да шлюбу, хоць жаніху пагражае 10 гадоў


Архіўнае фота. Палітвязень Зьміцер Паліенка на волі, Наста Гусева сустракае яго ў Менску разам зь іншымі сябрамі. 24 кастрычніка 2018 году

Каб зарэгістраваць шлюб, Насьце і Зьмітру трэба дачакацца суду. Справа Паліенкі з 12 жніўня знаходзіцца ў Менскім гарадзкім судзе, але дата пачатку працэсу яшчэ невядомая.

Наста Гусева
Наста Гусева

«Мы абое вельмі хочам, каб суд быў хутчэй. Бо пакуль мы нават ня можам пабачыцца. Зьміцер мне піша рэгулярна, толькі яго лісты прыходзяць з купюрамі. Спрабую прачытаць на лямпе ягоныя словы, якія цэнзары закрэмзалі. Разабрала, што гэта не асабістае — пра палітыку, пра Шуневіча. Ну дык і хай сабе», — сьмяецца ў размове Наста Гусева.

Як здарыўся турэмны раман

Наста Гусева апавядае, што пазнаёміліся яны на пачатку 2017 году, калі абаранялі Курапаты ад пабудовы камэрцыйнага цэнтру. Наста тады была актывісткай «Маладога фронту», падчас абароны нават начавала зімой у намёце.

«Такі быў актыўны: толькі што сядзеў побач, прайшло некалькі хвілін, — а ён ужо палову плота ўлёткамі абклеіў», — згадвае Зьмітра Наста.

Але далей за знаёмства тады справа не зайшла. Наста тады сустракалася зь іншым абаронцам Курапат.

Калі ў 2018 годзе Зьміцер выйшаў з калёніі, яна сустракала яго на менскім вакзале. Яны абняліся. «І толькі потым усё пачалося. Ён сказаў, што з Курапат я яму падабаюся, але тады ён мяне „празяваў“».

Зьмітра Паліенку сустракаюць на менскім вакзале пасьля вызваленьня з турмы. 24 кастрычніка 2018 году
Зьмітра Паліенку сустракаюць на менскім вакзале пасьля вызваленьня з турмы. 24 кастрычніка 2018 году

«Расьпішамся хоць у турме і будзем разам»

Наста кажа, што яшчэ да арышту Зьмітра яны гаварылі пра шлюб.

«Першым пра гэта загаварыў Дзіма. Ён нешта зрабіў ня тое, я выгаварыла, дык ён адказаў: „Вось выйдзеш за мяне, тады ня буду касячыць“. Мы пасьмяяліся, і ўсё пайшло далей. А тут раптам яго забіраюць, „шыюць“ справу, і я разумею, што ўсё сур’ёзна і надоўга. Тады я пішу яму ліст, што згодная на ягоную прапанову, што таксама кахаю яго. Але той ліст яму, як аказалася, не перадалі. Але нарэшце ўжо ад яго прыйшоў ліст з прызнаньнем і прапановай, і гэтак мы дамовіліся».

Зьміцер Паліенка сядзеў на «Валадарцы», яму пагражала 10 гадоў зьняволеньня. Наста кажа, што спачатку ўсур’ёз пачалі думаць, як расьпісацца, не чакаючы заканчэньня сьледзтва.

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Наста спытала ў лісьце, які ў Зьмітра памер пярсьцёнка. Зьміцер даслаў у лісьце нітку, якую абмотваў вакол пальца, каб вызначыць памер. Але сьледчы перавёў Насту ў статус «сьведкі», і, хоць яна адмовілася даваць паказаньні, яе ўсё роўна могуць выклікаць у суд, а значыць, сустракацца ім да суду нельга.

«Нічога, жывём лістамі і надзеямі. Зьміцер піша, што хоча мець ад мяне „маленькага Дымочка“ (Дымок — гэта ягоная мянушка) ці „маленькую Ластачку“ — Дзіма даў мне такую мянушку пасьля песьні пра Ластачку, дзе яму пачулася Настачка. Пасьля суду нам усё роўна ня змогуць забараніць сустрэцца — расьпішамся хоць у турме і будзем разам. Вядома, калі прысудзяць 10 гадоў, будзе цяжка, але, спадзяюся, столькі не дадуць», — кажа Наста Гусева.

З турэмнага ліста Зьмітра Паліенкі Насьце Гусевай:

«Я часта ўспамінаю абарону Курапатаў. Гэта па-сапраўднаму сьвятое месца. Бо гэтае месца яднае людзей. Усіх тутэйшых, неабыякавых і сапраўдных людзей, нягледзячы на розныя палітычныя погляды. І гэта тое месца, дзе мне ўпершыню давялося ўбачыць і пазнаёміцца з табой! З прыгожай, загадкавай і чароўнай дзяўчынкай!»

Наста Гусева — актывістка анархісцкага руху, раней была ў «Маладым фронце», удзельнічала ў шэрагу акцый апазыцыі. Нарадзілася ў Калодзішчах пад Менскам, з 2 да 15 гадоў гадавалася ў бабулі ў Глускім раёне. Скончыла каледж харчовай прамысловасьці, працавала на малаказаводзе майстрам, звольнілася і цяпер шукае працу. Летась у лютым была затрыманая міліцыяй разам са Зьмітром Паліенкам і Яўгенам Чуліцкім за графіці пра тое, што міліцыянты зьбіваюць людзей. Расповед Насты Гусевай пра тое, як з затрыманымі абыходзіліся ў пастарунку, не давалі скарыстацца прыбіральняй, абышоў шмат якія незалежныя мэдыя.

Зьміцер Паліенка — былы працаўнік Менскага аўтазаводу, палітвязень, які летась у кастрычніку выйшаў з калёніі ў Бабруйску, адседзеўшы там паўтара года за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай. Першы прысуд Паліенка атрымаў пасьля ўдзелу ў акцыі «Крытычная маса» за зьмены ў правілах дарожнага руху, на якой, паводле суду, парваў вопратку міліцыянту. Цяпер Зьмітра Паліенку вінавацяць у пашкоджаньні маёмасьці і распальваньні варожасьці да супрацоўнікаў міліцыі, а таксама — у злосным хуліганстве. Нібыта ён напаў на чалавека ў пад’езьдзе і пырснуў на яго газам. Паводле Насты, Зьміцер кажа, што гэта на яго напаў невядомы п’яны хуліган, а ўжо ён мусіў бараніцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG