Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абразіў Шуневіча. На зьняволенага анархіста Паліенку завялі яшчэ дзьве крымінальныя справы


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Актывістка Марына Касінерава апублікавала на Facebook ліст ад зьняволенага анархіста Дзьмітрыя Паліенкі.

Вязень расказвае, што супраць яго завялі яшчэ дзьве крымінальныя справы:

1. За абразу цяпер ужо былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча паводле арт.369 КК РБ. Касінерава кажа, гэтая абраза выявілася ў «карцінцы ў роліку». Пакараньні, якія прадугледжвае артыкул, — штраф, грамадзкія працы, папраўчыя працы на тэрмін да 2 гадоў, арышт або абмежаваньне волі да 3 гадоў).
2. За графіці ў Курапатах у падтрымку мэмарыялу паводле арт. 341 КК РБ. Магчымыя пакараньні — штраф, грамадзкія работы, арышт.

Адносна Паліенкі ўжо распачалі справы паводле трох артыкулаў:

3. За графіці «Менты убивают людей» паводле арт. 341 КК РБ.
4. За распальваньне варожасьці да міліцыі за відэаролік пра гэтае графіці паводле арт. 130 КК РБ. Магчымыя пакараньні — штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў (калі групай асобаў, то ад 5 да 12 гадоў турмы).
5. За хуліганства, якое ён і ягоныя сябры называюць самаабаронай ад п’янога нападніка, паводле ч.3 арт.339 КК РБ. Магчымыя пакараньні — абмежаваньне волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Паліенку затрымалі 20 сакавіка, яго трымалі пад вартай без выстаўленьня абвінавачаньня да 5 красавіка (хоць можна толькі 10 дзён). Розныя абвінавачаньні аб’ядналі ў адну справу:

  • Увечары 13 сакавіка, як сьцьвярджае СК, Паліенка распыліў пярцовы газ з балёнчыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне ў пад’езьдзе (паводле сяброўкі Паліенкі, гэта была самаабарона — да Зьмітра чапляўся «п’яны агрэсіўны мужчына»);
  • 23 студзеня распачалі таксама крымінальную справу за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску. Разам з Паліенкам у справе фігуруюць Яўген Чуліцкі і Настасься Гусева.

Паліенку пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сёлета яго ўжо штрафавалі за «экстрэмісцкую шапку».

​У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году, праз два з паловай гады зьняволеньня.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.

У зьняволеньні Паліенка абвяшчаў галадоўку, патрабаваў аказаньня мэдычнай дапамогі і права на лісты сябрам. СК сьцьвярджаў, што галадоўкі не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG