Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штомесяц ШЫЗА. «Антыфашыст» Бойка расказаў пра ціск у калёніі за паўгода да вызваленьня


Вадзім Бойка, архіўнае фота

Сябры Вадзіма Бойкі — фігуранта «справы антыфашыстаў», асуджанага на 4 гады пазбаўленьня волі за ўдзел у бойцы футбольных фанатаў — расказалі пра ціск на яго з боку адміністрацыі калёніі.

Як піша «Анархісцкі чорны крыж», Бойку «спрабуюць зрабіць злосным парушальнікам», а гэта можа прывесьці да новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК РБ і далейшага пазбаўленьня волі.

Праз тэлефон зьняволены расказаў, што ўжо адседзеў у штрафным ізалятары тры разы з пачатку году, цяпер можа трапіць туды чацьвёрты раз. Вядома, што прынамсі адзін раз яго пасадзілі ў ШЫЗА за адмову мыць прыбіральню.

«Праз тэлефон ня можа шмат казаць — гэта слухаюць, — расказвае Свабодзе ягоная знаёмая Марына Касінерава. — Ён кажа, што ГУБАЗіК прыяжджае пэрыядычна, спрабуе размаўляць, ён не ўступае ў дыялёг. Парушэньняў канкрэтна не называе, але кажа — за правакатыўныя дробязі. Лісты з паштоўкамі пры ім зьнішчаюць з прычыны таго, што там нібыта экстрэмісцкія выявы ці тое, што парушае парадак».

У Бойкі таксама працягваюцца праблемы са здароўем. Нядаўна яму зьнялі гіпс з нагі, якую ён нібыта выпадкова падвярнуў (Касінерава адзначае: што здарылася, «праз тэлефон сказаць ня можа»). Таксама яму патрэбная апэрацыя на руцэ — калі ён быў на волі, яму пасьпелі зрабіць адну апэрацыю з пухлінай, але прадугледжвалася і другая.

Акрамя таго, яму «прыйшла незразумелая позва на нейкую суму», але азнаёміцца зь ёй не даюць. Закупляцца таварамі яму дазваляюць раз на месяц на дзьве базавыя велічыні — 51 рубель.

Напісаць зьняволенаму можна на адрас 213004, Магілёўская вобласьць, горад Шклоў, вул. Заводзкая, д.8, ПК-17, атрад 9, Бойка Вадзім Сяргеевіч.

Вадзіма Бойку асудзілі 10 сакавіка 2017 году за здарэньне, якое адбылося ўлетку 2014 году. Паводле вэрсіі сьледзтва, група фанатаў футбольнага клюбу «Партызан» спыніла тралейбус, у якім ехалі фанаты ФК «Тарпэда Менск». Потым фанаты «Партызана» разьбілі ў тралейбусе шыбу, распылілі ў салёне сьлезацечны газ і ўчынілі бойку. Першапачаткова выпадак не займеў розгаласу, усіх затрыманых адпусьцілі. Аднак пасьля таго, як справай занялася Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, яе давялі да суду, а дзеяньні футбольных фанатаў расцанілі як асабліва злоснае хуліганства.

У выніку шасьцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня: Ільля Валавік — 10 гадоў пазбаўленьня волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады, Дзьмітры Ціхановіч — 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.

Частка праваабаронцаў ня бачыць у «справе антыфашыстаў» палітыкі: біць шкло ў тралейбусе — гэта сапраўды злачынства. Але іншая частка праваабаронцаў лічыць, што ўлады рэанімавалі «справу антыфашыстаў», каб сьцішыць актыўнасьць грамадзкіх актывістаў, у тым ліку футбольных фанатаў, якія выступалі супраць праяў фашызму сярод аматараў футболу. Самі беларускія антыфашысты пазьбягаюць кантактаў са СМІ і ўсялякай публічнасьці, імкнучыся захаваць ананімнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG