Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Антыфашыста» Бойку пасадзілі ў ШЫЗА за адмову мыць прыбіральню. Таксама як раней палітвязьня Паліенку


Вадзім Бойка, архіўнае фота

Фігуранта «справы антыфашыстаў», фаната ФК «Партызан» Вадзіма Бойку пасадзілі ў штрафны ізалятар за адмову мыць санвузел, расказаў Свабодзе Вячаслаў Касінераў, які атрымаў гэтыя зьвесткі ад даверанай асобы Бойкі.

Касінераў кажа, што схема зьняволеньня была такой жа, паводле якой раней у ШЫЗА пасадзілі палітвязьня Зьмітра Паліенку, які адбывае пакараньне ў адной калёніі з Бойкам:

«Падставай было тое, што ён адмовіўся мыць санвузел, — сьцьвярджае Касінераў. — Гэта турэмныя паняткі, паводле якіх чалавек, які займаецца такой працай, пераходзіць у ніжэйшую касту, адпаведна зь яго мясцовыя зьняволеныя пачынаюць зьдзекавацца.

Адміністрацыя, як відаць, ужо другі раз выкарыстоўвае такі ціск. Плюс парушэньні цяпер вельмі лёгка навешваць, бо ён, таксама як Паліенка, атрымаў бірку „экстрэміста“. А гэта значыць, чалавек на ўсіх зборах-пастраеньнях стаіць у першых шэрагах, да яго асаблівая ўвага.

Я так разумею, пасьля ШЫЗА яны запісваюцца як „злосьнікі“, як парушальнікі рэжыму, а гэта падстава іх далей абмяжоўваць — у спатканьнях і ва ўсім астатнім».

Паводле зьвестак Касінерава, Бойку неўзабаве могуць перавесьці ў іншую калёнію.

Тэарэтычна прымусіць мыць санвузел могуць любога зьняволенага, на практыцы ж адміністрацыі турмаў часта прызначаюць такія заданьні толькі пэўным вязьням за пэўныя правіны.

«Чырвонае і чорнае». Масьці і касты беларускіх турмаў

***

Вадзіма Бойку асудзілі 10 сакавіка 2017 году за здарэньне, якое адбылося ўлетку 2014 году. Паводле вэрсіі сьледзтва, група фанатаў ФК «Партызан» спыніла тралейбус, у якім ехалі фанаты ФК «Тарпэда Менск». Потым фанаты «Партызана» разьбілі ў тралейбусе шыбу, распылілі ў салёне сьлезацечны газ, а таксама ўчынілі бойку. Першапачаткова выпадак не атрымаў розгаласу, усе затрыманыя былі адпушчаныя. Аднак пасьля таго, як справай занялася Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, яе давялі да суду, а дзеяньні футбольных фанатаў расцанілі як асабліва злоснае хуліганства.

У выніку шасьцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня: Ільля Валавік — 10 гадоў пазбаўленьня волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады, Дзьмітры Ціхановіч — 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.

Частка праваабаронцаў ня бачыць у «справе антыфашыстаў» палітыкі: біцьцё шкла ў тралейбусе — гэта сапраўды злачынства. Але яшчэ частка праваабароонцаў лічыць, што «справа антыфашыстаў» была «рэанімаваная» ўладамі, каб сьцішыць актыўнасьць грамадзкіх актывістаў, у тым ліку футбольных фанатаў, якія выступалі супраць праяў фашызму сярод аматараў футболу. Самі беларускія антыфашысты пазьбягаюць кантактаў са СМІ і ўсялякай публічнасьці, імкнучыся захаваць ананімнасьць.

XS
SM
MD
LG