Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Паліенку пасадзілі ў ШЫЗА на 4 дні за адмову мыць прыбіральню


Зьміцер Паліенка

Актывістка Марына Насенка распавяла Свабодзе пра чарговы ліст ад Зьмітра Паліенкі, прызнанага праваабаронцамі палітвязьнем.

У лісьце Паліенка распавядае, што толькі выйшаў са штрафнога ізалятару, куды яго пасадзілі на 4 дні ў тым ліку за адмову мыць санвузел — за гэта быў адзін з апошніх пратаколаў.

«Па турэмных панятках, калі ты мыеш санвузел, ты трапляеш у касту „адсаджаных“, — кажа Насенка. — То бок гэта такая спроба адміністрацыі, каб ён трапіў у гэтую касту, гэта ціск праз турэмныя паняткі».

Тэарэтычна, прымусіць мыць санвузел могуць любога зьняволенага, на практыцы ж адміністрацыі турмаў часта прызначаюць такія заданьні толькі пэўным вязьням за пэўныя правіны.

«Чырвонае і чорнае». Масьці і касты беларускіх турмаў

Паліенка ў лістах ня скардзіцца на здароўе. Але раней ён распавядаў таксама пра тое, што быў пазбаўлены спатканьняў на 3 месяцы і што быў абмежаваны ў карыстаньні грашовым рахункам. Паліенку ў калёніі трымаюць пад асаблівым наглядам, яго пазначылі «жоўтай біркай» — як «экстрэміста».

***

У кастрычніку 2016 году былога сябра НБП, прыхільніка анархісцкага руху Зьміцер Паліенка быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся ў траўні мінулага году ў Менску. Міліцыянты брутальна спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

Пасьля суду Зьміцер Паліенка браў удзел у пікетах салідарнасьці ды іншых пратэставых акцыях. Увесну 2017 году актывіста зноў арыштавалі і на пачатку красавіка прысудзілі яму адбываць тэрмін ва ўмовах зьняволеньня. Суд толькі залічыў 5 месяцаў, якія Паліенка ўжо адбыў за кратамі падчас сьледзтва па справе «Крытычнай масы». Пасьля новага суду над Зьмітром Паліенкам беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

XS
SM
MD
LG