Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чырвонае і чорнае». Масьці і касты беларускіх турмаў


Ілюстрацыйнае фота. Папраўчая калёнія №13 у Глыбокім
Ілюстрацыйнае фота. Папраўчая калёнія №13 у Глыбокім

Парадкі ў беларускіх вязьніцах за апошні час сталі больш строгімі. Большасьць турмаў цяпер «чырвоныя», кантралююцца адміністрацыямі. Але каставы падзел, вядомы з савецкіх часоў, застаўся нязьменным.

Ад савецкага часу турэмна-лягерная сыстэма ў Беларусі, як і ў большасьці былых саюзных рэспублік, мела, так бы мовіць, два колеры.

Чырвоны — калі ўсё трымаецца на строгім захаваньні рэжыму згодна з Папраўча-працоўным кодэксам і ўсялякімі ўнутранымі загадамі ды інструкцыямі; калі ня толькі фармальна, але рэальна ўстановай кіруе міліцэйская адміністрацыя. Чорны — калі зладзейскія традыцыі ды правілы («паняцьці») дамінуюць над міліцэйскімі і нефармальна ўстановай кіруюць апазыцыйна настроеныя да адміністрацыі ды праваахоўных органаў асуджаныя на чале з «аўтарытэтамі». Найчасьцей абодва колеры прысутнічалі і паціху суіснавалі ледзь ня ў кожнай асобна ўзятай турэмна-лягернай установе.

У Беларусі адносная раўнавага двух колераў, паводле «сядзельцаў са стажам», трымалася недзе да 2005–2010 гадоў. Сёньня беларуская турэмна-лягерная сыстэма лічыцца адной з самых «чырвоных» на тэрыторыі былога СССР.

Зладзеі ды касты

«Няма ўжо зладзеяў у законе ў Беларусі, а калі яны і ёсьць, то ніякага ўплыву на сытуацыю ў турмах ужо ня маюць», — кажа палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які ад 2001 году жыве ў Нямеччыне, аднак адсочвае сытуацыю ў галіне, дзе калісьці працаваў.

Колішні начальнік «Валадаркі» (Менск) ды калёніі ў Навасадах (Барысаўскі раён) зьвязвае адсутнасьць крымінальных аўтарытэтаў у краіне зь цяперашнімі жорсткімі законамі супраць крыміналу ды з пасьпяхова праведзенай у 2000-я барацьбой за «чырвонае» адзінаўладзьдзе за кратамі.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

​«Можа, калі тыя зладзеі былі, — кажа Алкаеў, — было „весялей“. Яны ня шкодзілі і нават неяк разумна ўсё трымалі. Яны мелі сваю зладзейскую касу, або так званы фонд узаемадапамогі для злачыннай супольнасьці — „общак“, сродкі зь якога ішлі, між іншым, на падтрымку зьняволеных, якія апынуліся ў цяжкай сытуацыі (напрыклад, у СІЗА, ПКТ, у спэцпалатах турэмнага шпіталя, дзе лячылі вязьняў турэмнага, асобага і пажыцьцёвага рэжымаў), таксама на подкуп адміністрацыі і г.д. А таму, хоць пра гэта ўголас не казалі, былі зацікаўленыя ў тым, каб „блатныя“ хадзілі на працу. Гэта супярэчыла зладзейскім „паняцьцям“, але ж паступленьні ў „общак“ ішлі ад гульні ў карты... А дзе тыя грошы ўзяць, калі ніхто не працуе?»

Паводле палкоўніка міліцыі, на зоне існаваў своеасаблівы негалосны кансэнсус паміж «чырвонымі » і «чорнымі»:

«Днём лягер належаў адміністрацыі, а ноччу — бандытам. Бо ўночы на ўсю зону, дзе сядзелі тысячы крымінальнікаў, прыпадаў усяго толькі адзін дзяжурны афіцэр і недзе шэсьць кантралёраў. Калі сядзельцы разнашэрсныя, то ўзьнікала шмат праблем — адны другіх рэзалі, забівалі. Таму было лягчэй, калі зонай па вечарах, па начах кіраваў нейкі адзін аўтарытэт».

«На сёньня значэньне крымінальных аўтарытэтаў, вядома, прыніжана. А маладняк — ужо іншай фармацыі. Паявіліся „беспрэдзельшчыкі“ маладыя, я іх ужо ня ведаў», — кажа былы супрацоўнік савецкай ды беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Блатныя, мужыкі, казлы, пеўні, шныры

Ілюстрацыйнае фота. Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску
Ілюстрацыйнае фота. Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску

​Нягледзячы на фактычную адсутнасьць прызнаных крымінальных аўтарытэтаў, за кратамі ў Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, па-ранейшаму існуе своеасаблівая каставая герархія. Самую высокую прыступку ў ёй займаюць прафэсійныя злачынцы, або «блатныя». Далей ідзе асноўны працоўны касьцяк усіх лягераў — «мужыкі». Гэта звычайныя зьняволеныя, якіх большасьць. Далей тыя, хто адкрыта супрацоўнічае з адміністрацыяй — «казлы», ад турэмнікаў яны атрымліваюць пасады кшталту днявальных, заўгасаў і г.д. У «чырвонай» беларускай зоне гэтая «масьць» паступова пачынае выцясьняць «блатных» з вышэйшай прыступкі ў турэмнай герархіі. Нярэдка, як сьведчаць тыя, каму давялося сядзець самым апошнім часам, актывістамі становяцца прафэсійныя злачынцы. Той жа «левы» бізнэс (гандаль рознымі забароненымі таварамі кшталту мабільнікаў і.г.д.), які на зоне традыцыйна належаў блатным, сёньня мае гаспадароў у асобе актывістаў.

І, нарэшце, найніжэйшая, самая бяспраўная і недатыкальная каста — «апушчаныя», або «пеўні». Яны мусяць займацца самай прыніжальнай, з гледзішча арыштанцкай маралі, працай — мыць прыбіральні ды чысьціць сьметніцы, сталавацца асобна ад іншых зьняволеных, спаць ды жыць на адмыслова прызначаных ім месцах.

Існуюць яшчэ розныя прамежкавыя групы, у якія ўваходзяць тыя вязьні, які парушылі «паняцьці». Напрыклад, «шныры» — своеасаблівыя служкі прадстаўнікоў вышэйшых кастаў. Яны за плату мыюць за іншымі посуд, адзеньне і г.д. Ёсьць «адсаджаныя» — часова прызнаныя недатыкальнымі, пакуль пытаньне іх пераводу ў самую ніжэйшую касту ня вырашыцца канчаткова. Згодна са зладзейскай герархіяй, статус можа толькі паніжацца.

Вельмі істотны момант: за кратамі ўсе зэкі, незалежна ад прыналежнасьці да кастаў, зьвяртаюцца адзін да аднаго на «ты».

Ілюстрацыйнае фота. Вязьні ў турме
Ілюстрацыйнае фота. Вязьні ў турме

Саша, які быў «блатным», а стаў «мужыком»

Здараюцца выпадкі, калі колішні «блатны» становіцца «мужыком». Гэта выключна асабістае рашэньне, і прадыктавана яно бывае пераглядам уласных жыцьцёвых пазыцыяў.

Адзін з такіх прыкладаў — 42-гадовы рэцыдывіст Саша. Апошняя ягоная адседка была самая кароткая ў ягоным жыцьці — тры гады калёніі ў Горках. На судзе атрымаў пяць, але за добрыя паводзіны ў папраўчай установе выйшаў па амністыі.

Гэты спартовага выгляду мужчына, вонкава зусім не падобны на крымінальніка-рэцыдывіста, расказвае, што ўпершыню атрымаў турэмнае пакараньне ў 18. Агулам за кратамі адседзеў больш за палову жыцьця ва ўсіх, як сам кажа, месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі. Да касты блатных належаў доўгі час, але апошнім разам быў «мужыком». Працаваў, імкнуўся не парушаць правілаў унутранага распарадку. З адміністрацыяй, аднак, не супрацоўнічаў. Сядзеў за правіны ў штрафных ізалятарах, праўда, да арт. 411, які нярэдка вешаюць так званым «асабліва непаслухмяным», гэтым разам не дайшло. «Відаць, устаноўкі такой цяпер на мяне не было», — лічыць былы асуджаны.

Ілюстрацыйнае фота. Вязьні працуюць у папраўчай калёніі ў Навасадах
Ілюстрацыйнае фота. Вязьні працуюць у папраўчай калёніі ў Навасадах

Назад за краты Саша абсалютна ня хоча. У ягоных плянах няма месца крыміналу. Хоча зьехаць за мяжу. Ёсьць да каго і ёсьць куды. Аднак, як той казаў, ад астрогу няма перасьцярогу.

«Цяпер на многае ў жыцьці гляджу па-іншаму»

«Цяпер, калі шмат гадоў адседзеў за кратамі, — кажа Саша, — на многае глядзіш па-іншаму. Раней, калі я трапляў у месцы пазбаўленьня волі маладым, то блатаваў, быў прасякнуты той рамантыкай. Я не разумеў, што я раблю. Мне казалі старэйшыя „корашы“ — вось гэта рабіць можна і трэба, а гэта забаронена. Напрыклад, нельга прыбіраць, хоць гэта і супярэчыла майму сялянскаму выхаваньню, хлапчуком я дапамагаў родным. Але юнаком я ўжо больш слухаў іншых дарослых, так званых „блатароў“. Я сядзеў, бадай, на ўсіх беларускіх зонах, і па маладосьці спрабаваў у тых умовах змагацца зь ветракамі. І зразумеў, што гэта глупства. Вядома, ніхто ня мае права прыніжаць іншых... Але ж сьвята верыць у прынцыпы „блатных“, якія цяпер таксама „працуюць на адміністрацыю“, я б ужо не сьпяшаўся. Усё мяняецца на зоне. Таго аўтарытэту, які ў іх быў раней сярод крымінальнікаў, яны ўжо ў Беларусі з самых розных прычын ня маюць».

Ілюстрацыйнае фота. Вязень у папраўчай калёніі №13 у Глыбокім
Ілюстрацыйнае фота. Вязень у папраўчай калёніі №13 у Глыбокім

У бытавым пляне ў турмах шмат што стала лепш

На пытаньне, калі «простаму сядзельцу» на зоне было лепш — тады ці цяпер — Саша адказвае:

«Апошнім часам, асабліва ў бытавым пляне, многае стала лепш. Тое, што цяпер у беларускіх турмах практычна ўсё вырашае адміністрацыя, таксама правільна. Зэкі зусім ня белыя і пухнатыя, як яны ў большасьці выпадкаў любяць расказваць пра сябе. У 50% выпадкаў гэтая публіка сядзіць і думае, як бы ўчыніць нешта незаконнае — напрыклад, наладзіць тую ж перадачу з волі на зону тэлефонаў, наркаты, яшчэ нечага. Адміністрацыя пільнуе, робіць адпаведныя захады. Але ж сваімі рукамі караць не зьбіраецца. І, як і раней, даручае вырашыць пытаньне з парушальнікамі тым жа „блатным“. У гэтым пляне ў Горках нічога не мяняецца дзесяцігодзьдзямі».

Падчас Сашавай апошняй адседкі ў горацкай калёніі такіх «блатных памагатых» было пяцёра. Маладыя, здаровыя, якія ўвесь час «качаліся» ды займаліся спортам. Гэта былі так званыя «смотрящие», або тыя, хто ў турмах ды на зонах адказвае за сытуацыю. Хлопцы нідзе не працавалі, але начальства закрывала на гэта вочы. Саша мяркуе, што ўсе яны падпісалі паперы аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй.

«У іх абавязкі, — кажа Саша, — уваходзіла адсочваць парушэньні сярод асуджаных, інфармаваць адміністрацыю, зь яе ведама караць парушальнікаў. Напрыклад, нехта нахуліганіў, некага зьбіў. Тыя прыйшлі да гэтага парушальніка, папярэдзілі ці нават добра пабілі. Але... Маюць на гэта права.

Што тычыцца астатніх „блатных“, то яны ніякага права голасу ня маюць, выходзяць на працу, як і ўсе астатнія, ціха выконваюць унутраныя правілы калёніі. Здараецца, што на зону заяжджаюць тыя, хто катэгарычна не ідзе на супрацоўніцтва зь міліцыянтамі, разумныя хлопцы, са стрыжнем. Яны прынцыпова ня хочуць падпарадкоўвацца мянтам, і тады супраць іх ужываюць штрафныя санкцыі ў выглядзе ШЫЗА, ПКТ, турмы. Тое ж самае тычыцца і палітычных».

Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні

Палітычныя

Саша ўзгадвае, як пры ім у Горках (але падчас ранейшай судзімасьці — на пачатку 2010-х) сядзеў адзін палітычны. Ён увесь час размаўляў з усімі толькі па-беларуску. Яго адміністрацыя ўзяла ды кінула ў ШЫЗА да «блатных», хоць звычайна ў камэру да іх саджалі выключна прадстаўнікоў іхнай касты. Хлопец анічым не парушаў зладзейскіх «паняцьцяў», аднак «блатныя» ў ШЫЗА, як расказвалі ў лягеры, пачалі зьдзекавацца зь яго: абсыпаць яму галаву цыгарэтнымі «бычкамі», выліваць на галаву кашу, зьбіваць. Гэта пераважна рабіў зэк па мянушцы «Магіла». Здаровы такі, пад два мэтры ростам ды пад 120 кг вагой. А палітычны — хлопчык маленькі, худзенькі. Казалі, што ён крычаў, прасіў аб дапамозе. Аднак ніхто з кантралёраў з дапамогай не сьпяшаўся. Калі тэрмін у ШЫЗА скончыўся, палітычнага перавялі ў атрад, дзе «смотрящий» быў... Магіла. Ён забараніў іншым зэкам кантактаваць з хлопцам, загадаў «адсадзіць» яго з агульнага стала. Цяперашнія сядзельцы збольшага людзі зашуганыя, а таму зрабілі ўсё, як ім загадалі. Бязь ведама адміністрацыі і яе санкцыі такі «беспредел» быў бы немагчымы. Хлопца празь нейкі час вывезьлі ў іншую зону. Паводле Сашы, калі трэба пазьдзекавацца з «палітычных» ці іншых вязьняў, якія «не даспадобы», іх накіроўваюць менавіта ў Горкі ці Шклоў.

«Я някепска знаў таго Магілу, — кажа былы асуджаны. — У звычайным штодзённым жыцьці быццам бы нармальны хлопец, добры бацька сваім дзецям. Цяпер вось на волі, езьдзіць па Эўропе. А тады выконваў загады адміністрацыі. Напэўна ж, каб яму добра сядзелася. Адміністрацыя можа знайсьці ў кожным сваю слабіну і выкарыстаць шантаж, каб не самой, а рукамі вось такіх усё і рабіць».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як кажа Саша, раней падобныя прыклады «беспредела» даводзіліся да «зладзеяў у законе». Сёньня розных «каранаваных» шмат, аднак яны нічога не вырашаюць. Цяпер блатным нічога ня плацяць у «общак», цяпер усё ідзе міліцыянтам. Вось сядзіць «пад крыткай» у Горках, у ізаляцыі ад усіх у камэры, «злодзей у законе» Галей. Дык хто яго прызнае? Ён увесь час у адзіночцы. Нядаўна ў інтэрнэт трапіла, што ён быццам бы працуе. Зразумела, гэта быў наўмысны фэйк. Вось такое стаўленьне да каранаваных зладзеяў.

Што тычыцца «паняцьцяў», дык, паводле Сашы, стаўленьне да іх таксама мяняецца. Калісьці вельмі жорстка каралі за «крысятніцтва» — крадзяжы ў сваіх жа. Цяпер з пакараньнем — як атрымаецца:

«У нашым атрадзе зэкі неяк схапілі крадуна за руку. Прыйшоў «смотрящий» Ліс. Разам зь іншымі паваліў «крадуна», потым мужыкі ўзялі качалку і добра адлупцавалі віноўніка па задніцы. Ну, а потым адміністрацыя такіх пераводзіць у атрад № 13, дзе ў Горках сядзяць розныя «пакрыўджаныя» — так званыя «крысы», «фуфлыжнікі» (асобы, якія паводзяць сябе нягодна, часьцей за ўсё ў пытаньнях картачнага доўгу), «пеўні», таксама тыя зэкі, якіх адміністрацыя хоча зламаць.

«Апушчаныя»

«Так, вязьніца мяняецца, — паўтарае Саша. — Такога, як раней, няма, калі тыя ж „апушчаныя“ былі цішэй вады, ніжэй травы. Так, турэмнікі па-ранейшаму накіроўваюць іх „у петушатню“ — кубрыкі ў атрадах, дзе, асобна ад іншых зэкаў, месьціцца ніжэйшая каста. Але ж цяпер гэтая катэгорыя адчувае сябе нашмат больш упэўнена. Каб раней хто зь іх паспрабаваў не прапусьціць уперад у сталоўку „мужыка“... Цяпер гэта лёгка. Яны ведаюць, як сябе з кім паводзіць. Аблізваюць адміністрацыю, некаторых іншых, каго баяцца».

Зэк старой фармацыі, Саша ставіцца да «апушчаных» гэтаксама, як і большасьць. Ня можа сабе ўявіць, як гэта — дакрануцца да такога чалавека ці ягоных рэчаў, есьці зь ім з аднаго посуду... Так, былі спробы саджаць людзей з падобным статусам разам з усімі за адзін стол. Мыць прыбіральню прымушалі ня толькі «пеўняў», а ўсіх. І людзі ў выніку «ўскрываліся», рэзалі вены. Гэта традыцыі, якія ўсё яшчэ жывуць. Тым ня менш само жыцьцё прымушае сёньня шмат што пераглядаць.

Досьвед палітвязьня

Былы палітвязень Мікола Дзядок, які адседзеў за кратамі як фігурант справы анархістаў каля пяці год у розных калёніях ды турмах, кажа, што насамрэч цяперашняя айчынная «чырвоная» пэнітэнцыярная сыстэма не такая і простая, як можа здавацца на першы погляд:

Мікола Дзядок
Мікола Дзядок

«Відаць, сур’ёзныя міліцэйскія аналітыкі доўга і грунтоўна працавалі над тым, каб зламаць сыстэму „чорную“, — дзеліцца сваімі думкамі Мікола. — Аднак яе ня цалкам зламалі ды замянілі сваёй, новай, а пакінулі шэраг карысных для сябе інстытутаў так званай блатной культуры. Напрыклад, дзікунскую каставую сыстэму, якая паходзіць зь сярэднявечча. Там ёсьць свае прастытуткі ды служкі, бо так прасьцей кіраваць».

У выдадзенай сёлета сваёй кніжцы «Фарбы паралельнага сьвету» Мікола Дзядок ставіць, між іншым, і такое пытаньне: чаму беларуская пэнітэнцыярная сыстэма, якая змагаецца зь перажыткамі злачыннага сьвету, ніяк ня можа супрацьдзейнічаць існаваньню кастаў і ў адпаведнасьці з правіламі ўнутранага распарадку ўсталяваць на зоне строгую ды жорсткую дысцыпліну? Адказ палітвязьня такі: «Цяперашняй сыстэме гэта проста ня трэба».

Мікола Дзядок спасылаецца на вядомыя яму прыклады, калі сама меней тром палітвязьням, зразумела, не бязь ведама адміністрацыі, спрабавалі навесіць статус «апушчаных». Нехта з «блатных» ці «казлоў», напрыклад, выстаўляў чалавеку абвінавачваньне кшталту: сядзеў у адной камэры з некім зь «пеўняў», ці піў зь імі з аднаго кубка, ці меў зь імі зносіны на волі. Абвінавачваньні ня мелі нічога агульнага з рэальнасьцю. Але ж знаходзіліся зэкі, гатовыя пацьвердзіць, што гэта было на іх вачах. Калі існуе выразная ўстаноўка зьверху на адпаведнае вырашэньне пытаньня з надта нязручным вязьнем, рознага кшталту сьведкі заўсёды знойдуцца.

Паводле Міколы Дзядка, створаныя калісьці ў зладзейскім сьвеце «паняцьці» ды міліцэйскія правілы ўнутранага распарадку цяпер хутчэй узаемна інтэграваліся, чым канфрантуюць між сабой. І той, і другі бок маюць ад гэтага пэўную выгаду для сябе. У выніку «ўсе задаволеныя. Акрамя, вядома, „мужыкоў“, якія, як водзіцца, апынуліся паміж двух агнёў і фактычна ў падвойным падначаленьні».

Не далучацца ні да «чорных», ні да «чырвоных»

Тым часам другі колішні палітвязень, таксама фігурант справы анархістаў Ігар Аліневіч, які адседзеў за кратамі прыкладна такі ж тэрмін, што і Мікола Дзядок, узгадвае выпадак, калі, не без «рэкамэндацыяў» зьверху, з асуджанага за згвалтаваньні пэдафіла блатныя нават імкнуліся зьняць атрыманы ім адпачатку статус «апушчанага».

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Аднойчы ў іхні атрад даставілі вязьня, у чыёй справе стаяла: групавы сэксуальны гвалт дзяцей. З гледзішча «паняцьцяў» — адзін з самых страшных грахоў для арыштанта. Але ж блатныя суправадзілі сядзельца пастановай, што зь ім усё нармальна і трэба лічыць яго «мужыком». У Ігаравым атрадзе, які, кажа Ігар, адрозьніваўся ад іншых высокім узроўнем, так бы мовіць, «неблатной самаарганізацыіc, такія рэкамэндацыі выклікалі абурэньне. За адным сталом з гвалтаўніком-пэдафілам сядзець ніхто не хацеў. Нават тыя ж служкі-шныры байкатавалі яго, адмаўляючыся браць ягоныя цыгарэты. Празь некалькі месяцаў асуджаны ня вытрымаў такога жыцьця і быў ізаляваны ў адзіночцы БУРу (барак узмоцненага рэжыму).

У сваім артыкуле «Па той бок плота», дзе былы палітвязень прыводзіць гэты выпадак, ён таксама дае шэраг рэкамэндацыяў тым, хто ўпершыню апынуўся за кратамі, але хоча выйсьці адтуль незламанай асобай. Адна зь іх: не далучацца ні да «чорных», ні да «чырвоных». Бо падачкі ад той ці іншай групы псуюць чалавечую годнасьць больш, чым рэпрэсіі. На зоне ўвогуле трэба дыстанцыявацца ад розных груповак. Калі некага трымацца, дык «мужыкоў». Гэтыя людзі вельмі часта застаюцца без падтрымкі з волі, яны робяць на прамзоне, рэжуць лыжкі, прыгожа падпісваюць паштоўкі, але пры гэтым захоўваюць сваю годнасьць ды не ідуць у служкі, як тыя ж «шныры», хоць гэта і магло б палепшыць іх становішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG