Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Паліенку ў калёніі трымаюць пад асаблівым наглядам


Зьміцер Паліенка

Актывіст анархісцкага руху Зьміцер Паліенка пасьля пападаньня ў Бабруйскую калёнію прайшоў карантын і быў зьмешчаны ў 9-ы атрад. 18 траўня вязьня ў калёніі наведаў адвакат. Зьвесткамі пра ўмовы зьняволеньня Зьмітра Паліенкі падзялілася ягоная знаёмая Марына Насенка.

«Раней Зьміцер пісаў нам, што ня ўсе лісты да яго даходзяць, і мы гэта пабачылі на сваім прыкладзе. Як цяпер расказала адвакат, пасьля таго, як у мэдыя зьявілася інфармацыя пра гэта, ён атрымаў адразу некалькі лістоў, нават тыя, якія яму пісалі ў красавіку. Значыць, некаторыя лісты зь невядомай нам прычыны яму доўга не перадавалі, і толькі пасьля паведамленьня пра гэта ў прэсе лісты аддалі», — распавяла Марына Насенка.

На ціск у Бабруйскай калёніі Зьміцер Паліенка ня скардзіцца, але, паводле вязьня, адміністрацыя ня лічыць яго звычайным вязьнем:

«Яго амаль адразу выклікалі ў адміністрацыю зь нейкімі хлопцамі і зачыталі рапарт. Пра сябе ён пачуў, што знаходзіўся ў складзе нейкай экстрэмісцкай анархісцкай групоўкі і таму мусіць знаходзіцца пад асаблівым наглядам. Каб гэта пазначыць, яму на вопратку павесілі адмысловую бірку, якую ён мусіць насіць заўсёды. Напрыклад, калі вязьні выходзяць на пастраеньні, ён мусіць быць у першых шэрагах. Бірка вылучаецца, хоць колер яе ня мае асаблівага значэньня, гэта проста пэўная тканіна, якая там ёсьць. Можа быць белая ці жоўтая, але сэнс у тым, што да такіх вязьняў асаблівая ўвага. Калі ў калёнію трапляюць футбольныя фанаты, дык іх таксама так пазначаюць, а яшчэ пазначаюць палітычна актыўных», — пераказала Марына Насенка зьвесткі ад Зьмітра Паліенкі.

У калёніі Зьмітра Паліенку ўжо накіравалі на працу — ён шые рабочыя рукавіцы ў тым самым цэху, дзе працаваў і старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі.

26 траўня Зьмітру Паліенку споўніцца 23 гады. Сябры Зьмітра заклікаюць віншаваць палітвязьня з днём народзінаў, пішучы на адрас: Бабруйск, ПК 2, вуліца Сікорскага-1, 9-ы атрад, індэкс 212800.

«Дарэчы, год таму Зьміцер сустрэў дзень народзінаў у СІЗА, цяпер — у калёніі. Але настрой у яго бадзёры. За тыя лісты і дапамогу, што ўжо дайшлі, ён усім перадаваў вялікі дзякуй», — кажа знаёмая актывіста.

«Шчыра дзякую табе і паплечнікам. Наша салідарнасьць і воля ў сэрцах мацнейшыя за іхныя турмы, дабро ўсё ж пераможа зло», — гэта цытата зь ліста Зьмітра Паліенкі на волю.

«Там ёсьць трэнажоры, тэлевізар, кнігі, розныя гульні — умовы збольшага нармальныя. Прайшоў рамонт, колер будынка — як пажарная машына», — адзначыў Зьміцер Паліенка адным зь лістоў сябрам.

Год таму грамадзкі актывіст Зьміцер Паліенка быў арыштаваны падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса» і нібыта за напад на міліцыянта атрымаў ад суду зьняволеньне з адтэрміноўкай. Восеньню мінулага году Паліенка выйшаў на волю, зноў стаў браць удзел у акцыях пратэсту і салідарнасьці. У выніку актывіста паўторна арыштавалі, а ў сакавіку 2017 году адтэрміноўку зьняволеньня зьмянілі на рэальны тэрмін, які мусіць закончыцца налета.

Беларускія праваабаронцы прызналі Зьмітра Паліенку палітвязьнем і патрабуюць ягонага неадкладнага вызваленьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG