Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Зьміцер Паліенка з Бабруйскай калёніі: «Тут ведаюць пра «Крытычную масу»


Зьміцер Паліенка

Больш за два тыдні няма лістоў ад актывіста Зьмітра Паліенкі, якога ў красавіку адправілі адбываць пакараньне ў Бабруйскую калёнію.

Ад сына з калёніі бацька вязьня Аляксандар Паліенка атрымаў толькі адзін ліст. «Напісаў, што ў калёніі яго трымаюць у карантыне. Ня скардзіўся, не разгубіўся. Пра ціск на яго нічога не напісаў. Папрасіў даслаць пэўныя рэчы ды харчы, а потым сувязь чамусьці прыпынілася. Больш за два тыдні лістоў ад яго няма», — сказаў карэспандэнту Свабоды Паліенка-старэйшы.

На перапынак у ліставаньні са Зьмітром Паліенкам наракаюць і ягоныя сябры. Марына Насенка непакоіцца, што няма зьвестак пра тое, ці атрымаў Зьміцер пасылку, якую яму адправілі ў Бабруйскую калёнію.

«Чамусьці да яго нічога не даходзіць. Ён як у нейкай ізаляцыі. Мы яму адправілі ў красавіку пасылку, але яна яшчэ не дайшла. Лічу гэтак, бо мусілі нам электронна паведаміць, калі забяруць пасылку ў калёніі, але дагэтуль ад іх нічога няма. Ведаю яшчэ ад адваката, што Зьмітра разьмеркавалі ў 9 атрад, але ці трапіў ужо туды — невядома. Раней пісаў, што там у калёніі вязьні пра яго ведаюць, і што нават ведаюць і пра акцыю „Крытычная маса“, празь якую ён трапіў за краты».

Марына Насенка заклікала сяброў і неабыякавых людзей падтрымаць Зьмітра Паліенку лістамі і паштоўкамі. «Гэта вельмі важна — аказаць яму такую падтрымку, бо ў калёніі і вязьні, і адміністрацыя з гэтым лічацца. Трэба накіроўваць лісты Зьмітру Паліенку ў Бабруйскую калёнію, у 9 атрад», — сказала Марына Насенка.

У кастрычніку 2016 году Зьміцер Паліенка быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся ў траўні мінулага году ў Менску. Міліцыянты брутальна спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Зьмітра Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

Пасьля суду Зьміцер Паліенка браў удзел у пікетах салідарнасьці ды іншых пратэставых акцыях. Увесну 2017 году актывіста зноў арыштавалі і на пачатку красавіка прысудзілі яму адбываць тэрмін ва ўмовах зьняволеньня. Суд толькі залічыў 5 месяцаў, якія Зьміцер Паліенка ўжо адбыў за кратамі падчас сьледзтва па справе «Крытычнай масы».

Пасьля новага суду над Зьмітром Паліенкам беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

XS
SM
MD
LG