Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены фанат Ільля Валавік скардзіцца на боль у сэрцы, лекі не дапамагаюць


Ільля Валавік, архіўнае фота

«Турэмнае лячэньне яму не дапамагае, а ўльтрагукавое дасьледаваньне ў турме ня робяць», — сказала Свабодзе маці вязьня Раіса Валавік.

Ільля Валавік, які адбывае 10-гадовы тэрмін зьняволеньня пасьля бойкі ў тралейбусе паміж футбольнымі фанатамі, скардзіцца на адсутнасьць патрэбнага лячэньня ад тахікардыі.

Хворыя сэрца і ныркі

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці вязьня Раіса Валавік пасьля спатканьня з сынам, якое адбылося ў Магілёўскай калёніі № 15.

Ільля Валавік, архіўнае фота
Ільля Валавік, архіўнае фота

«У калёніі ў сына паступова пачаліся праблемы з сэрцам. Быў моцны, загартаваны спортам хлопец, а цяпер у яго задужа хуткі рытм біцьця сэрца, больш за 100 удараў за хвіліну. Гэта яўная тахікардыя».

Маці мяркуе, што хвароба разьвілася ў сувязі з судом, сьмерцю бацькі і бабулі, перажываньнямі за сям’ю, малую дачушку, якая гадуецца безь яго.

«Пачаў скардзіцца на болі ў сэрцы, і дайшло да таго, што перастаў спаць, мусіў прымаць антыдэпрэсанты. Але звароты да лекараў у калёніі не дапамагаюць. Курс лячэньня, які там прызначылі, нічога ня даў, а больш эфэктыўных лекаў не прызначаюць».

Маці хоча, каб яе зьняволенаму сыну зрабілі ультрагукавое дасьледаваньне сэрца.

«Але ня робяць. Тое самае і з камянямі ў нырках і падазрэньнем на панкрэатыт. Ёсьць адчувальныя сымптомы, а лячэньня няма, бо, зноў жа, УГД ня робяць. Кажуць: „Калі будзе дрэнна, дык праверым“. Але чаму так: калі вязень, калі прызналі злачынцам, дык ужо і лячыць чалавека ня трэба?» — абураецца маці.

Зарабіў 70 капеек

Другі год Ільля Валавік знаходзіцца ў магілёўскай калёніі № 15. Вязень мае працу — ачышчае драты ад ізаляцыі. «Пасьля ўсіх адлічэньняў за месяц вось атрымаў заробак у 70 капеек. Хацеў бы фінансава дапамагаць сям’і на волі, дык самому трэба дапамагаць», — расказала Раіса Валавік пра знаходжаньне сына ў калёніі. Пры гэтым, паводле маці вязьня, прэтэнзій да яго з боку адміністрацыі калёніі няма.

У 2017 годзе Ільля Валавік быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня за злоснае хуліганства і кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй. Падставай стала бойка ў 2014 годзе ў тралейбусе паміж групоўкамі футбольных фанатаў. Толькі праз 2 гады на справу зьвярнулі ўвагу і пачалі расьсьледаваньне, якое закончылася гучным працэсам з асуджэньнем некалькіх чалавек. На думку праваабаронцаў, прычынай сталі падзеі ва Ўкраіне, дзе актыўнымі ўдзельнікамі Майдану сталі футбольныя фанаты.

Вінаватым сябе не прызнае

Праваабаронцы, удзельнікі форуму «Свабоду палітвязьням» зьвярталіся да ўладаў Беларусі і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з патрабаваньнем неадкладна вызваліць двух фігурантаў «справы фанатаў-антыфашыстаў» — Ільлю Валавіка і Зьмітра Цехановіча, называючы іх палітычнымі вязьнямі.

«У справе сына няма пазоўніка, няма пацярпелых, невялікія матэрыяльныя страты адразу былі кампэнсаваныя. Так, пабіліся хлопцы, вінаватыя. Але чаму ажно 10 гадоў за хуліганства, чаму гэтыя дзеяньні прызналі злоснымі? У чым суд убачыў варожасьць да сацыяльнай групы, мне незразумела», — кажа маці Ільлі Валавіка.

Ільля Валавік так і не прызнаў сябе вінаватым. У траўні 2018 году Вярхоўны суд Беларусі разглядаў чарговую скаргу вязьня на прысуд, але пакінуў яе без задавальненьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG