Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экстрэмісцкая» шапка: анархіста Паліенку аштрафавалі за фота ў «Фэйсбуку»


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Заводзкі раённы суд Менску аштрафаваў Зьмітра Паліенку на 1275 рублёў (50 базавых велічынь) за зьмяшчэньне ў Фэйсбуку фатаздымка з надпісам, прызнаным экстрэмісцкім.

Каб асудзіць актывіста, яго амаль два дні трымалі ў Заводзкім РУУС і ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Пастанову вынесла судзьдзя Алена Капцэвіч.

«Гэта зьдзек. Выклікалі б у суд позвай, я б прыйшоў. Дык не, трэба было затрымаць напярэдадні ўначы і трымаць ва ўмовах, горшых за турэмны карцэр. Яўна помсьцяць за тое графіці», — сказаў перад судом Зьміцер Паліенка, якога затрымалі 28 студзеня позна ўвечары.

Сёньняшні суд актывіст назваў цыркам і сказаў, што будзе абскарджваць вырак.

«Той надпіс быў прызнаны экстрэмісцкім у сакавіку мінулага году, ужо пасьля таго, як я зьмясьціў яго на сваёй старонцы. То бок наўмыснага распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў з майго боку адназначна не было. А што ня выдаліў пазьней, дык я не магу ведаць пра ўсе здымкі, якіх на маёй старонцы сотні, якімі іх дзе прызналі», — сказаў актывіст.

Судзілі Зьмітра Паліенку за «выраб, распаўсюд і (альбо) захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП) паводле пратаколу, які быў складзены яшчэ ў канцы мінулага году. На ягонай старонцы ў Фэйсбуку праваахоўнікі знайшлі фота шапкі з надпісам, які лічыцца экстрэмісцкім. За гэтае ж фота ўжо двойчы былі аштрафаваныя анархіст Вячаслаў Касінераў і ягоная жонка Марына Касінерава.

Зьмітра Паліенку затрымалі ўвечары 29 студзеня. Ноч і раніцу 30 студзеня ён правёў у Заводзкім РУУС, адкуль яго меліся адвезьці ў раённы суд. Сябры чакалі Паліенку ў судзе ўвесь дзень, але яго так і не прывезьлі. У судзе сказалі, што дакумэнты на Паліенку зь міліцыі не прывозілі.

У Заводзкім РУУС адмовіліся камэнтаваць затрыманьне Зьмітра Паліенкі і тлумачыць, чаму яго не даставілі ў суд 30 студзеня.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на Паліенку ёсьць два не разгледжаныя ў судзе пратаколы:

  • за «выраб, распаўсюд і (альбо) захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП);
  • за «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўніка міліцыі» (арт. 23.4 КаАП).

На мінулым тыдні Зьмітра Паліенку, Насту Гусеву і Яўгена Чуліцкага трое сутак трымалі ў ізалятары ў межах справы аб графіці антыміліцэйскага зьместу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG