Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пырснуў у вочы, стала цяжка дыхаць», — пацярпелы даў паказаньні супраць Паліенкі

абноўлена

Зьміцер Паліенка ў судзе

Адзін з эпізодаў абвінавачаньня, якое выстаўлена анархісту Зьмітру Паліенку, суд вырашыў разглядаць у адкрытым працэсе. Ён тычыцца ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі (асабліва злоснае хуліганства), за што актывісту пагражае 10 гадоў зьняволеньня.

Паводле сьледзтва, у пад’езьдзе дома Зьміцер Паліенка пырснуў у вочы пярцовы газ пацярпеламу Аляксею Юрыну. Паліенка віны ў гэтым эпізодзе не прызнае.

Што распавёў пацярпелы

Пацярпелы, Аляксей Юрын, на выгляд старэйшы за 40 гадоў, працуе арматурнікам на будоўлі, раней з Паліенкам знаёмы ня быў. Сказаў, што ў яго няма прычынаў узводзіць паклёп на Паліенку.

Аляксей Юрын
Аляксей Юрын

Актывіст на гэта запярэчыў. Паводле Паліенкі, у 3-м аддзеле ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй міліцыянты прапанавалі Юрыну на яго паклёпнічаць, за што Юрын зможа атрымаць «добрую кампэнсацыю». Паліенка сказаў, што прысутнічаў пры той размове.

Пра падзеі 13 сакавіка Юрын распавёў так: «У адказ на заўвагу не паліць у пад’езьдзе Паліенка пырснуў у вочы з балёнчыка. Усё, пасьля гэтага я пайшоў дадому спаць».

Піва і 300 грамаў гарэлкі

Юрын прызнаў, што напярэдадні здарэньня ўжываў алькаголь зь сябрам у кавярні «Хмяльная застава»: 150 грамаў піва і грамаў 300 гарэлкі. Пра свой стан сказаў: «Нармальны стан чалавека, які ўжыў алькаголь. У мяне быў добры настрой. Выйшаў з тралейбуса і пайшоў пешшу. Зайшоў у пад’езд, на лесьвічнай пляцоўцы малады чалавек курыць цыгарэту. Зрабіў яму заўвагу».

Як адзначыў Юрын, у пад’езьдзе яго дома вісіць таблічка пра забарону курэньня, але некаторыя суседзі кураць, даводзіцца рабіць заўвагі. Непасрэдна пра Паліенку згадаў: «Я сказаў, каб ён выйшаў з пад’езду і там пакурыў. Дакладна ня памятаю ўсіх словаў, але без пагроз. Магчыма, у інтанацыі ён мог нешта пачуць, але ня памятаю дакладна».

Паводле пацярпелага, у адказ яму імгненна пырснулі ў вочы. «Стала цяжка дыхаць. Нічога ня бачыў, смыленьне на твары. Увесь твар быў чырвоны. Потым я прамываў твар і закапваў вочы».

Што пацярпелы памятае пра балёнчык зь пярцовым газам

Пацярпелы ўпэўнена заявіў, што Паліенка «выцягнуў з кішэні штаноў балёнчык і зь яго пырснуў», але ня змог згадаць, ці бачыў у руках падсуднага балёнчык з газам, і ня змог яго апісаць. Сказаў, што яму дапамаглі вярнуцца дамоў сын і дачка. Паліенкі ён больш на лесьвічнай пляцоўцы ня бачыў.

Заяву ў міліцыю Аляксей Юрын напісаў амаль праз два дні пасьля інцыдэнту, 15 сакавіка. Чаму столькі разважаў, запытаў судзьдзя Пётра Арлоў. Той адказаў, што не адразу асэнсаваў, што здарылася.

Да мэдыкаў ён таксама зьвярнуўся празь некалькі дзён, да таго лячыўся сам. Мэдыкі знайшлі ў яго пашкоджаньне правага вока. На пытаньне суду, як сябе адчувае цяпер, пацярпелы адказаў: «Ды ўсё нармальна».

Зьміцер Паліенка задаў Юрыну толькі адно пытаньне: «У цябе ёсьць сумленьне?» Пацярпелы адвярнуўся і нічога не адказаў. Судзьдзя зрабіў заўвагу Паліенку.

Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі на судзе над Паліенкам
Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі на судзе над Паліенкам

У чым супярэчнасьці

Суд пастанавіў агучыць паказаньні пацярпелага падчас сьледзтва, бо, паводле пракурора, ёсьць супярэчаньні ў тым, што Юрын казаў тады і цяпер, у судзе. Пракурор зачытаў паказаньні Юрына ў міліцыі Маскоўскага раёну.

  • У тых сьведчаньнях Юрын казаў, што сам быў у момант інцыдэнту цьвярозым. Дык быў нападпітку ці не? Пацярпелы адказаў суду, што не надаў увагі свайму стану, бо сам нічога супрацьпраўнага не ўчыніў.
  • Другі момант у паказаньнях тычыўся нібыта курэньня з боку Паліенкі. У паказаньнях суду пацярпелы казаў, што Паліенка ўжо курыў, калі ён зрабіў яму заўвагу, а на сьледзтве сьцьвярджаў, што той толькі запальваў цыгарэту. Дык як было папраўдзе, спытаў пракурор. «Якая розьніца? Пах ужо быў», — адказаў Юрын.
  • Трэці момант, які выклікаў пытаньні ва ўдзельнікаў працэсу, — што пацярпелы нібыта страціў прытомнасьць пасьля таго, як яму пырснулі ў вочы. Юрын так казаў на сьледзтве, але ў судзе пра стан непрытомнасьці ўжо ня згадваў. Дык страчваў ён прытомнасьць ці не? «Гэта я так тады думаў, але потым перадумаў», — сказаў Юрын.

Што важна ведаць пра справу Паліенкі

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG