Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З ног валіцца пасьля дня народзінаў». Чаму жонка пацярпелага, які даў паказаньні на Паліенку, адмовілася ад хуткай дапамогі для мужа?


Зьміцер Паліенка ў судзе
Зьміцер Паліенка ў судзе

17 кастрычніка па абедзе суд, які разглядае справу анархіста Зьмітра Паліенкі, пачаў дапытваць сьведак. Іх толькі двое, і абодва паведамілі, што ня бачылі моманту інцыдэнту, які адбыўся ўвечары 13 сакавіка ў пад’езьдзе дома па вуліцы Гурскага. Паводле сьледзтва, Паліенка нематывавана распыліў пярцовы газ у вочы Аляксею Юрыну.

«Паводзіў сябе прыстойна, заўваг не было»

Сьведка Ірына Суворава працуе адміністратарам у кавярні «Хмельная застава», дзе перад інцыдэнтам пацярпелы Аляксей Юрын адпачываў зь сябрам, Леанідам Каратаевым. Паводле паказаньняў сьведкі, Юрын і ягоны сябар у кавярні паводзілі сябе прыстойна, заўваг да іх не было, правялі ў кавярні каля 1,5 гадзіны.

«Я б не сказала, што яны былі нецьвярозыя, так, нападпітку», — сказала сьведка пра наведнікаў. Ірына Суворава згадала, што рахунак Юрына і ягонага сябра быў 42 рублі. «У тым ліку за 3 куфлі піва і 300 грам гарэлкі». Аляксея Юрына яна пазнала, бо ён часта наведвае гэтую кавярню.

«Сустрэліся з нагоды дня нараджэньня»

Другім сьведкам суд дапытаў Леаніда Каратаева, сябра пацярпелага Юрына, зь якім той адпачываў у кавярні.

«Адзначалі дзень народзінаў, які быў напярэдадні», — сказаў сьведка. Як і Ірына Суворава, Каратаеў інцыдэнту з удзелам Паліенкі ня бачыў, а даведаўся пра яго ад жонкі Юрына. Празь невялікі час пасьля разьвітаньня ён пазваніў Юрыну, каб даведацца, як той дабраўся дамоў, але слухаўку ўзяла жонка сябра і сказала, што мужу ў пад’езьдзе пырснулі ў твар з балёнчыка.

«Я ўзяў таксі і прыехаў да іх. Аляксей ляжаў з чырвоным тварам і скардзіўся на пякоту ў вачах», — згадаў сьведка. Па словах сьведкі, толькі праз тыдзень сам Юрын расказаў яму пра прычыну інцыдэнту — што ён зрабіў заўвагу хлопцу, які курыў у пад’езьдзе, і той пырснуў газам.

Пацярпелы Аляксей Юрын
Пацярпелы Аляксей Юрын

Некаторыя акалічнасьці справы сьведка памятае недасканала. Прыкладам, ня ўспомніў назвы кавярні, у якой адпачываў 13 сакавіка разам зь Юрыным. Але памятаў, што сам выпіў два куфлі піва, а Юрын — гарэлку. Ступень ап’яненьня Юрына ў той вечар ён ацаніў гэтак — «паміж лёгкім і сярэднім». Судзьдзя спытаў, чаму толькі праз тыдзень сьведка пацікавіўся ў свайго сябра Юрына, зь якой прычыны ў таго ўзьнік канфлікт з падсудным.

«Ня памятаю, чаму раней не пытаўся», — спачатку адказаў сьведка Леанід Каратаеў. Але пасьля роспытаў узгадаў, што спрабаваў на другі дзень даведацца, якая была прычына інцыдэнту, але «новага нічога» Юрын яму не сказаў. Сам Юрын патлумачыў: «Не хацеў нічога расказваць». Чаму тады расказаў пра ўсё праз тыдзень? — «Так атрымалася».

Паводле матэрыялаў справы, на допыце сьведкі Каратаева сьледчы пытаўся ў яго, чаму жонка Юрына ці сам Юрын ня выклікалі хуткую дапамогу. Юрын сьледчым адказаў, што яны не хацелі, каб Юрына паклалі ў шпіталь і каб пра інцыдэнт даведалася міліцыя.

Матэрыялы справы

Справу завялі ўжо 15 сакавіка, у той жа дзень, як Юрын напісаў заяву пра напад на яго «невядомай асобы». Тады ж Юрына прызналі ў гэтай справе пацярпелым.

  • Паводле мэдычнай экспэртызы, у Юрына быў зафіксаваны крывападцёк на твары, пачырваненьне твару, пашкоджаньне сьлізістай вачэй. Пашкоджаньні не прызнаныя траўмамі, якія прывялі да кароткачасовай страты здароўя.
  • Пратакол вобшуку ў кватэры Зьмітра Паліенкі: забралі 2 газавыя балёнчыкі «Жгучий перчик», вопратку, 2 ноўтбукі, 2 мабільныя тэлефоны Samsung.
  • Экспэртыза пашкоджаньняў Паліенкі. Зафіксаваныя цялесныя пашкоджаньні, ссадзіны (не чуваць дзе). Прызнана, што гэтыя пашкоджаньні не прывялі да кароткатэрміновага разладу здароўя.
  • Вынік мэдычнай экспэртызы Паліенкі — «сындром залежнасьці ад алькагалізму». Але «можа ўдзельнічаць у судзе»
  • На паліто Юрына і адзеньні Паліенкі сьлядоў газу «Жгучий перчик» ня выяўлена.

Жонка пацярпелага: «Муж не транспартабэльны, з ног валіцца»

У судзе агучылі пратакол агляду флэшкарты з запісам размовы жонкі Юрына зь лекарам службы 103. Размова адбылася ўвечары 13 сакавіка. Жанчына пытаецца, як аказаць дапамогу мужу, якому нейкі маладзён пырснуў у вочы з балёнчыка. Лекар прапануе прыслаць дзяжурную брыгаду, але жонка Юрына адмаўляецца і кажа пра стан мужа, што ён «не транспартабэльны». «З ног валіцца пасьля дня народзінаў, мы яго паклалі і прамываем вочы».

Суд спытаў у Юрына, як ён можа патлумачыць словы жонкі пра тое, што ён быў у стане цяжкага алькагольнага ап’яненьня. «Мая жонка — чалавек эмацыйны, магла перабольшыць», — адказаў пацярпелы Юрын. Пра словы жонкі, што ён быў «нетранспартабэльны», пацярпелы патлумачыў: «Ну так, да кухні ня мог дайсьці».

Што важна ведаць пра справу Паліенкі

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG