Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У анархіста, які пікетаваў гатэль Marriott, учынілі ператрус


Анархісты зладзілі акцыю пратэсту на ўваходзе ў гатэль, дзе праходзіў форум «Менскі дыялёг». 7 кастрычніка 2019 году
Анархісты зладзілі акцыю пратэсту на ўваходзе ў гатэль, дзе праходзіў форум «Менскі дыялёг». 7 кастрычніка 2019 году

Раніцай 10 кастрычніка дома ў анархіста Сяргея Сазановіча, які зарэгістраваны ў Століне, прайшоў ператрус. Праваахоўнікі забралі цьвёрды дыск кампутара і ноўтбук, якія належыць анархісту, а таксама іншыя прылады.

Самога Сяргея Сазановіча дома не было. Менскія анархісты зьвязваюць перасьлед аднадумца з акцыяй салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам, якая прайшла 25 сакавіка, а таксама пікетам каля гатэля Marriott 7 кастрычніка.

Маці Сяргея Іна Сазановіч расказала пра ранішні візыт:

«Паказалі ордэр на вобшук, што расьсьледуюць справу аб псаваньні маёмасьці Менскага гарадзкога суду. Запомніла час, калі гэта адбылося, паводле той паперы, — 24 верасьня ў 23.53. Таксама там было прозьвішча сябра майго сына Сяргея Неўдаха, але, ці правялі і ў ягонай хаце ператрус, мне невядома. Забралі, што ім трэба, і пайшлі. Паводзілі сябе карэктна», — адзначыла Іна Сазановіч.

Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава пацьвердзіла, што аб псаваньні маёмасьці Менскага гарадзкога суду праводзіцца праверка, у межах якой «вядуцца неабходныя дзеяньні».

Паводле маці анархіста Сяргея Сазановіча, яе сын адмаўляе сваю датычнасьць да справы аб псаваньні маёмасьці суду. Менскі актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў, які кантактуе зь Сяргеем Сазановічам і Сяргеем Неўдахам, таксама кажа, што яны ня маюць дачыненьня да пэцканьня фарбай будынку гарсуду.

Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

«За фарбу ўзяла адказнасьць іншая група анархістаў, але Сазановіч і Неўдах тут ні пры чым. Так, яны бралі ўдзел у пікеце салідарнасьці з Паліенкам, Сяргей Сазановіч нават сьпяваў і граў на гітары, алені ён, ні Неўдах не рабілі дзеяньняў, якія кваліфікуюць як злачынства. Сяргей Сазановіч таксама быў сярод нашых актывістаў пад гатэлем Маriott тры дні таму. Натуральна, гэтак хлопцам помсьцяць за актыўнасьць», — лічыць Вячаслаў Касінераў.

25 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе меўся пачацца працэс над актывістам анархісцкага руху Зьмітром Паліенкам, якога вінавацяць у злосным хуліганстве і зьнявазе міліцыянтаў. Раніцай каля суду прайшоў збор подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты, падчас якога анархісты і актывісты іншых арганізацыяў патрабавалі спыніць перасьлед Зьмітра Паліенкі. Суд над актывістам так і не пачаўся — паведамілі, што нібыта захварэў судзьдзя. Да акцыі стала вядома, што напярэдадні нехта кінуў у будынак суду шклянку з чырвонай фарбай. Падчас акцыі ля суду затрыманых не было.

7 кастрычніка 5 анархістаў у грыме Джокера далучыліся да збору подпісаў, які праводзілі актывісты «Эўрапейскай Беларусі» каля гатэля Mariott, дзе пачыналася міжнародная канфэрэнцыя аб праблемах бясьпекі ў Эўропе. Пікетоўцы пратэставалі супраць дыктатуры ў Беларусі і будаўніцтва Астравецкай АЭС, а таксама нагадалі пра палітвязьняў. Тады нікога з удзельнікаў збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама не затрымлівалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG