Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае пагадненьне ЭЗ зь Вялікабрытаніяй аб Brexit: што трэба ведаць


Прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер пасьля заключэньня новага пагадненьня аб Brexit, Брусэль, 17 кастрычніка 2019
Прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер пасьля заключэньня новага пагадненьня аб Brexit, Брусэль, 17 кастрычніка 2019

17 кастрычніка падчас пасяджэньня Рады Эзразьвязу Зьвяз і Вялікабрытанія заключылі новае пагадненьне аб выхадзе Злучанага Каралеўства з Эўразьвязу. Дакумэнт, каб уступіць у сілу, патрабуе зацьвярджэньня брытанскім парлямэнтам.

Што прапануе новае пагадненьне?

Будучыя адносіны Злучанага Каралеўства і Эўразьвязу

Бакі будуць імкнуцца да пагадненьня аб свабодным гандлі пасьля Brexit без тарыфаў і неабмежаваных квот.

Мытня

Паўночная Ірляндыя застаецца ў мытнай тэрыторыі Злучанага Каралеўства, але ўсе працэдуры ЭЗ будуць ужывацца да тавараў, якія будуць паступаюць туды. Ня будзе мытных праверак на востраве Ірляндыя — але пры перавозцы ў Брытанію яны будуць рабіцца ў партах. Да тавараў, якія будуць трапляць зь Вялікабрытаніі ў Паўночную Ірляндыю, тарыф ЭЗ ужывацца ня будзе.

Ніякія тарыфы ЭЗ ня будуць ужывацца адносна тавараў асабістага карыстаньня, якія перавозяцца падарожнікамі празь Ірляндыю, і на другую катэгорыю тавараў, якія могуць ужывацца толькі для неадкладнага спажываньня, а не для наступнай перапрацоўкі. Орган ЭЗ і Вялікабрытаніі пад назвай Сумесны камітэт вызначыць гэтую другую групу тавараў больш дакладна пасьля Brexit.

Мяжа ў Паўночнай Ірляндыі

Паўночна-ірляндзкі парлямэнт павінны будзе даць згоду пасьля Brexit на далейшае прыстасаваньне рэгіёну да рэгулятыўнага рэжыму ЭЗ. Праз чатыры гады пасьля Brexit паўночна-ірляндзкі парлямэнт будзе разглядаць пытаньне аб працягу гэтага рэжыму. Калі галасаваньне будзе станоўчым, сыстэму працягваюць яшчэ на чатыры гады.

Калі згода ня будзе атрыманая, сытуацыя будзе замарожаная на 2 гады, на працягу якіх бакі павінныя знайсьці новае рашэньне, каб не дапусьціць вяртаньня жорсткай мяжы на востраў Ірляндыя.

У адрозьненьне ад папярэдняга праекту ўгоды, які быў адхілены брытанскім парлямэнтам, сыстэма, якая прапаноўваецца, ня будзе замененая новым пагадненьнем аб свабодным гандлі паміж Вялікабрытаніяй і ЭЗ. Гэта азначае вялікую саступку з боку ЭЗ.

Пэрспэктывы ўхвалы новага пагадненьня пра Brexit брытанскім парлямэнтам

Саюзьнік кансэрватараў у брытанскім парлямэнце, Дэмакратычная юніянісцкая партыя Паўночнай Ірляндыі, заявіла, што партыя ўсё яшчэ не гатовая падтрымаць новую ўгоду. Гэтая партыя мае ў Палаце абшчынаў толькі 10 мандатаў з 639 галасуючых дэпутатаў, але яе пазыцыя важная таму, што на яе арыентуецца пэўная колькасьць кансэрватараў — прыхільнікаў Brexit.

Між тым нават разам з Дэмакратычнай юніянісцкай партыяй Паўночнай Ірляндыі фракцыя прэм’ера Борыса Джонсана ня мае ў Палаце большасьці. Лідэр галоўнай апазыцыйнай партыі, Лейбарысцкай, Джэрэмі Корбін, заявіў, што яго партыя не падтрымае новае пагадненьне з ЭЗ,

Прадстаўнікі партыі паведамілі, што падчас галасаваньня ў Палаце ў гэтую суботу па праекце пагадненьня лейбарысты будуць галасаваць за паўторны рэфэрэндум аб Brexit. Астатнія апазыцыйныя партыі ў брытанскім парлямэнце — Шатляндзкая нацыянальная, Лібэральна-дэмакратычная, Зялёная, Партыя Уэльса і Незалежная група за перамены — катэгарычна выступаюць за новы рэфэрэндум аб Brexit.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG