Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія і Эўразьвяз заключылі новае пагадненьне аб умовах Brexit


Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан

Вялікая Брытанія і Эўразьвяз заключылі новае пагадненьне аб умовах выхаду Брытаніі з ЭЗ. Пра гэта паведамілі ў чацьвер перад пачаткам саміту Эўразьвязу ў Брусэлю прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.

Борыс Джонсан заклікаў брытанскі парлямэнт у суботу ўхваліць пагадненьне

Жан-Клёд Юнкер таксама пацьвердзіў дасягненьне дамоўленасьцяў і заклікаў кіраўнікоў краін Эўразьвяза ўхваліць яго.

Яшчэ раніцай 17 кастрычніка, у дзень адкрыцьця саміту ЭЗ, перамовы аб новай рэдакцыі дамовы аб Brexit ня былі скончыны.

Тэкст новага пагадненьня пакуль не апублікаваны. Раней паведамлялася, што Брытанія пайшла на саступкі, у прыватнасьці, наконт пытаньня мяжы паміж Ірляндыяй (Рэспублікай) і Паўночнай Ірляндыяй (якая ўваходзіць у склад Вялікай Брытаніі). На ёй ня будзе мытнага кантролю, які замест гэтага будзе ажыцьцяўляцца пры перапраўцы грузаў з Паўночнай Ірляндыі на востраў Вялікай Брытаніі.

Пры гэтым 19 кастрычніка скончыцца тэрмін, які брытанскі парлямэнт даў прэмʼеру Борысу Джонсану для таго, каб ён вынес на галасаваньне дамову аб Brexit. Калі гэтага не адбудзецца, Джонсан па законе будзе абавязаны папрасіць аб пераносе даты выхаду Брытаніі з ЭЗ з 31 кастрычніка на больш позьні тэрмін.

У сераду перамовы ішлі ўвесь дзень. Увечары зьявіліся паведамленьні, што тэкст дамовы ў асноўным узгоднены. На шляху ўзгадненьня дамовы, акрамя лейбарыстаў, лібдэмаў і іншых апазыцыйных партый, усталі прадстаўнікі Дэмакратычнай юніянысцкай партыі Паўночнай Ірляндыі

Бязь іх галасоў прэмʼер Джонсан, па ўсёй верагоднасьці, ня будзе мець шанцаў на ўхваляваньне дамовы аб Brexit ў парлямэнце. Юніяністы раніцай у чацьвер 17 кастрычніка заявілі, што цяперашні чарнавы варыянт дамову іх не задавальняе. Перамовы працягваюцца. Брытанскі парлямэнт мае намер абмеркаваць вынікі саміту ЭЗ у суботу 19 кастрычніка.

Лейбарысты ўжо заявілі, што, калі Джонсан вынесе пагадненьне аб Brexit на галасаваньне, яны прапануюць папраўку аб тым, каб яно было ўхвалена на рэфэрэндуме. Прэмʼер неаднаразова заяўляў, што Брытанія ў любым выпадку выйдзе з ЭЗ 31 кастрычніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG