Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Брытаніі і ЭЗ па Brexit на мяжы правалу


Барыс Джонсан
Барыс Джонсан

Перамовы паміж Вялікабрытаніяй і Эўразьвязам пра новае пагадненьне наконт Brexit на мяжы правалу. Пра гэта ў аўторак паведамілі брытанскія СМІ са спасылкай на крыніцу ў атачэньні прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Барыса Джонсана.

Паводле яго слоў, у аўторак Джонсан гаварыў па тэлефоне з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркэль. У ходзе размовы яна настойвала на тым, каб Паўночная Ірляндыя пасьля Brexit заставалася ў мытным саюзе з ЭЗ — іншых варыянтаў, каб вырашыць праблему ірляндзкай мяжы, на яе думку, няма.

«Калі гэта афіцыйная пазыцыя ЭЗ, пагадненьне немагчымае ня толькі цяпер, але і ў прынцыпе» — сказалі ў атачэньні Джонсана.

Брытанскі прэмʼер на днях прапанаваў шэраг паправак у пагадненьне аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ, якое раней заключыў урад Тэрэзы Мэй, але адхіліў брытанскі парлямэнт. Гэтыя прапановы, аднак, былі холадна сустрэтыя ў Эўразьвязе.

Афіцыйныя прадстаўнікі ЭЗ кажуць, што перамовы з Брытаніяй працягваюцца. Аднак кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск адрэагаваў на сытуацыю эмацыйным твіты без адказу Джонсану.

«Вырашаецца будучыня Эўропы і Вялікабрытаніі, бясьпека і інтарэсы іх грамадзян. Вы ня хочаце пагадненьня, не жадаеце адтэрміноўкі Brexit, не жадаеце яго адмены, чаго ж вы хочаце?» — напісаў Туск.

Ён таксама абвінаваціў брытанскага прэмʼера ў імкненьні зваліць на Брусэль віну за сытуацыю.

Джонсан неаднаразова заяўляў, што, калі дамовы аб Brexit дасягнуць не атрымаецца, Брытанія пакіне ЭЗ 31 кастрычніка без пагадненьня. Між тым, парлямэнт нядаўна прыняў закон, які загадвае Джонсану ў выпадку адсутнасьці пагадненьня прасіць ЭЗ аб адтэрміноўцы. Брытанская апазыцыя асьцерагаецца, што прэмʼер знойдзе спосаб абыйсьці гэты закон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG