Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прасіць, каб далі Ордэн маці, не лічу важным». Вядомыя шматдзетныя маці пра сям’ю як асабістую справу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Тры шматдзетныя маці, вядомыя і пасьпяховыя жанчыны ў Дзень маці разважаюць пра мацярынства бяз патасу і гучных словаў.

Зь кім абмяркоўваем:

  • Сьвятлана Шырвель, 44 гады. Журналістка, маці 17-гадовых двайнят Алісы і Багдана, 15-гадовага Іосіфа, 8-гадовай Алівіі, 6-гадовых двайнят Тадэвуша і Фаіны.
  • Тамара Лісіцкая, 45 гадоў. Пісьменьніца, тэле і радыёвядучая, сцэнарыстка, маці 11-гадовага Ігара, 15-гадовай Каці і 20-гадовага Матвея.
  • Ганна Харланчук-Южакова, 39 гадоў. Акторка, маці 17-гадовага Філіпа, 13-гадовай Івоны, 12-гадовай Адэлі, 9-гадовай Алівіі і 4-гадовай Паўліны.


Сьцісла

  • Сьвятлана Шырвель: Мая сямʼя — мая асабістая справа, і я не шукала ніякай падтрымкі ад дзяржавы.
  • Тамара Лісіцкая: І ва ўзорных маці дзеці могуць быць нешчасьлівыя.
  • Ганна Харланчук-Южакова: Я вельмі хацела дзяцёнка, у якога няма сямʼі, зрабіць шчасьлівым.

«Мне тут трэба распяцёрыцца»

— Ці праўда, што з кожным новым дзіцём становіцца не цяжэй, а лягчэй?

Ганна Харланчук-Южакова зь мужам Паўлам і дзецьмі
Ганна Харланчук-Южакова зь мужам Паўлам і дзецьмі

Ганна Харланчук-Южакова: Быццам і праўда. Лягчэй становіцца, калі вырасьлі. Малодшую Паўлінку даглядаюць старэйшыя. Гэта вельмі адчувальна ў параўнаньні з тым, калі старэйшыя былі ў такім узросьце як яна, бо яны тады болей патрабавалі мяне. Калі шмат дзяцей, цябе павінна быць болей, ты мусіш знайсьці болей часу ўкладацца ў дзяцей. Кожнаму трэба даць сваю ўвагу і мне тут трэба распяцёрыцца. Але цяжэй не становіцца, бо дзеці — не цяжар.

У нас двое ўсыноўленых дзетак. Я заўсёды марыла мець шмат дзяцей. У сьвядомым узросьце я думала пра тое, каб узяць дзяцей, вельмі хацела дзяцёнка, у якога няма сямʼі, зрабіць шчасьлівым. Магчыма, паўплывала і тое, што ў мяне было трое дзяцей у сямʼі і мая стрыечная сястра была прыёмнай. Перад вясельлем мы размаўлялі з Паўлам (Муж Ганны, актор Павал Харланчук-Южакоў — РС), і нашыя жаданьні наконт дзяцей супалі. Калі надышоў час, мы гэта зрабілі.

«З адным дзіцём не высыпаесься значна больш, чым з двума ці трыма»

Тамара Лісіцкая зь дзецьмі. 2010 год
Тамара Лісіцкая зь дзецьмі. 2010 год

Тамара Лісіцкая: Гэта калясальны досьвед, які памнажаецца ў пэўную колькасьць разоў. Сам працэс цяжарнасьці, родаў, «мамская» асаблівая любоў раскрываюцца ярчэй. Цяжарнасьці працякаюць ярчэй і лягчэй. Разумееш, не баісься, ведаеш, чаго чакаеш, як гэта будзе адбывацца. З адным дзіцём не высыпаесься значна больш, чым з двума ці трыма. Арганізм атрымлівае такую грунтоўную трэніроўку і далей па гэтай праграме працуе. Гэта перавагі некалькіх дзяцей.

Агульны фон — гэта радасьць, але пра складанасьці таксама трэба сказаць. Калі дзеці маленькія, ты ў асноўным засяроджаны на іх здароўі. Малодшаму, дасадаўскаму дзяцінству трэба надаваць шмат увагі, ты цалкам засяроджаны на бясьпецы дзяцей і кругласуткавым даглядзе. Зь першым падлеткам ты праходзіш практыку новага мацярынства, ужо экстрэмальнага. І дакладна гэтак жа з другім і трэцім. Калі дзеці пераходзяць у старэйшы падлеткавы ці малодшы дарослы ўзрост, ты сустракаесься з пытаньнямі твайго кола, філязофскімі — як кахаць, як і дзе працаваць. Нельга сказаць, што гэта лёгка. Важна ставіцца да гэтага ўсьвядомлена і разумець, што складанасьць — ня мэта. Мацярынскі інстынкт у дапамогу, калі нельга знайсьці іншай матывацыі.

Сьвятлана Шырвель з мужам Анатолем і дзецьмі
Сьвятлана Шырвель з мужам Анатолем і дзецьмі

Сьвятлана Шырвель: Гэта сапраўды так. Атрымоўваеш вопыт, шмат ведаеш і лягчэй становіцца. Менш засяроджваеш увагу на дробязях, больш на галоўным, на любові, абдымашках, бо для дзяцей самае галоўнае, каб яны ведалі, што яны — любімыя, патрэбныя, што яны — асобы.

«Трэба самой заяву пісаць, прасіць, каб табе далі гэты ордэн, паперкі ўсякія зьбіраць»

— У Дзень маці і з іншых нагодаў у Беларусі з высокіх трыбунаў часта гучаць патасныя словы пра «дарагіх маці і жанчын», пра падтрымку мацярынства і сямʼі. Што з гэтага толькі патас, а што рэальныя дзеяньні дзеля падтрымкі мацярынства, нараджальнасьці? Ці ўплывала на вашае рашэньне нараджаць дзяржаўная палітыка ў справе падтрымкі мацярынства?

Сьвятлана Шырвель: Я знаходжуся на адлегласьці ад усёй гэтай дзяржаўнай палітыкі. Я хацела вялікую сямʼю асэнсавана, сьвядома, і патасныя словы ніякай ролі не адыгрывалі. Я не цікавілася ўсімі гэтымі дапамогамі. У мяне нават няма Ордэну маці. Я нічога не чакаю ад дзяржавы і не шукала ніякай падтрымкі. Мая сямʼя — гэта мая асабістая справа.

— А чаму ў вас няма Ордэна маці?

— Там вельмі складаная працэдура. Трэба самой заяву пісаць, прасіць, каб табе далі гэты ордэн, паперкі ўсякія зьбіраць. Ініцыятывы ў самой дзяржавы няма ў гэтым пытаньні. Многія жанчыны робяць гэтыя дакумэнты, зьбіраюць, калі апошняму дзяцёнку спаўняецца год. Так многія робяць, каб атрымаць нейкую дапамогу. Я не лічу гэта важным. Што да патасных словаў пра вялікую ролю маці, то мне ўвогуле не падабаецца дзяржаўная палітыка. Я лічу, што гэта папулізм. Насамрэч вельмі мала робіцца для сапраўднай падтрымкі маці.

«Ці дзеля кватэры стала б нараджаць? Не»

Тамара Лісіцкая: Твае дзеці і твая сямʼя — твая справа. Калі ты маеш уяўленьне пра свае сілы і магчымасьці, разьлічваць на тое, што нейкая дапамога будзе звонку, зусім няслушна. З другога боку мы атрымалі сацыяльнае жытло пасьля нараджэньня трэцяга дзіцяці проста таму, што даведаліся, што такая магчымасьць ёсьць. Не кватэра была стымулам. Ці дзеля кватэры стала б нараджаць? Не. Калі такі бонус быў, ім скарысталіся. Калі гаворыцца, што ў маці асаблівы статус, трэба гэта карыстацца.

Ганна Харланчук-Южакова: Мы, як шматдзетныя, атрымалі кватэру. Мы ня ходзім у школу, навучаемся па індывідуальным пляне. Атрымліваем перад школай грошы, каб сабраць дзяцей у школу. Я ня ведаю, што кажуць чыноўнікі, што кажуць з высокіх трыбунаў. Яны мне нічым не перашкаджаюць. Я ня чую, што там кажуць. Мне добра са сваёй сямʼёй і дзецьмі.

«Чацьвёртае дзіця заплянавалі і чакалі сем сьвядомых гадоў»

— Цяпер адбываецца перапіс насельніцтва, і пытаньне пра плянаваньне дзяцей у ім задаюць толькі жанчынам пэўнага ўзросту. Як тлумачаць кіраўніца «Гендэрнага маршруту» Ірына Саламаціна, «усе статыстычныя дасьледаваньні паказваюць, што ў Беларусі менавіта жанчына адказвае за дзяцей. Таму так пытаньне і сфармуляванае, і я ня бачу тут дыскрымінацыі». Ці вы згодныя з Ірынай? Ці гэта слушна, што мужчынам не задаюць пытаньне пра плянаваньне дзяцей?

Ганна Харланчук-Южакова
Ганна Харланчук-Южакова

Ганна Харланчук-Южакова: Гэта няправільна. Мужчына адказны за сямʼю, а значыць за ўсё. Канчаткова мужчына адказны, што б не здарылася. Накірунак сямʼі вызначае мужчына. Ня ведаю, як у іншых семʼях, але для мяне мужчына адказны за сямʼю, нават калі я вызначаю, як дзеці будуць вучыцца. Я больш удзельнічаю ў навучальным працэсе, але мужчына канчаткова павінен сказаць «так» ці «не». Я бачу яго адказным перад сямʼёй, перад дзяржавай, перад Богам за сямʼю. Ён галоўны. Першапачаткова павінна гучаць гэтае пытаньне да мужчынаў.

Сьвятлана Шырвель
Сьвятлана Шырвель

Сьвятлана Шырвель: Ня згодная. Мужчыны і жанчыны павінны вырашаць. Яны ўсё робяць разам і падзяляюць адказнасьць. Калі нараджаецца дзіця, жыцьцё вельмі карэктуецца. На пэўны адрэзак жыцьця чалавек бярэ адказнасьць за выхаваньне асобы, за забесьпячэньне неабходнымі матэрыяльнымі рэчамі. Абавязкова трэба плянаваць, што будзе рэалізавана ў сямʼі. Ня ўсе людзі сёньня гатовыя на вялікую сямʼю. Нават калі плянуюць адно дзіця ці двух, гэта павінен быць сьвядомы выбар. У нашай сямʼі мы больш за ўсё чакалі чацьвёртае дзіця — сем сьвядомых гадоў. Алівушка — вельмі чаканая і заплянаваная.

Тамара Лісіцкая
Тамара Лісіцкая

Тамара Лісіцкая: Я разумею, чаму так кажа Ірына Саламаціна, вялікая спэцыялістка ў гэтай галіне, якая трымае руку на гендэрным пульсе жыцьця. Дзеці — гэта адказнасьць мужчын і жанчын, пытацца трэба і мужчын, і жанчын. Гэта — адваротны бок гендэрнай няроўнасьці, калі візуальна дзіўным чынам тут толькі жаночая адказнасьць. Адваротны бок — у судах, калі мужчыны кажуць, што дзеці застаюцца толькі з маці. Адказнасьць перанесеная толькі на жанчын. Канечне, мужчын гэта таксама не ўстройвае, тых мужчын, якія сьвядома ставяцца да бацькоўства. Гэта агульнае пытаньне для мужчыны і жанчыны.

«У добрых бацькоў могуць вырасьці дрэнныя дзеці, і ў дрэнных бацькоў могуць вырасьці добрыя дзеці»

— Ці могуць у добрых маці вырасьці дрэнныя дзеці?

Сьвятлана Шырвель: Я лічу, што ня могуць у добрай маці вырасьці дрэнныя дзеці. Мы закладаем нейкі падмурак, каштоўнасьці. Што робіць добрая маці? Падтрымлівае дзіця, упэўнівае ў сваёй любові, вучыць беражліва і з павагай ставіцца да іншых людзей. Галоўная характарыстыка добрага чалавека — ставіцца да бліжняга як да самога сябе. Мне здаецца, такі чалавек ня будзе рабіць благое іншым і разбураць сваю асобу. Ён будзе ствараць.

Тамара Лісіцкая: У добрых бацькоў могуць вырасьці дрэнныя дзеці, і ў дрэнных бацькоў могуць вырасьці добрыя дзеці. Што такое добрая маці? Гіпертрывожная маці, якая з раніцы да ночы кутае дзіця ў шалік, непакоіцца дзе яно, калі прыйдзе, што ела. Не дае жыць. Яна — добрая маці, але яе дзіця вырасьце, праўдападобна, ня самым лепшым чалавекам з пункту гледжаньня тых, хто побач зь ім. Ён ня будзе самастойным, ён будзе баяцца прымаць рашэньне.

Занадта валявая, мэтанакіраваная маці, якая ўсё паклала на алтар мацярынства, кінула сваю працу і карʼеру, прысьвяціла сябе дзіцяці і кожны раз нагадвае, як шмат яна робіць, таксама атрымае ня самы лепшы вынік. Маці, якая патраціла ўвесь час на тое, каб зарабіць грошы, каб у дзіцяці было ўсё самае найлепшае, якая адсутнічае ў сямʼі і аддала дзіця бабулі і дзядулі, таксама ў выніку атрымае вельмі дзіўны вынік. Ці будзе іх задавальняць фінальная карцінка? Складана сказаць, таму тут усё вельмі індывідуальна.

Цяпер ёсьць магчымасьць выпраўляць. Магчыма выпраўляць давядзецца і нам. Я кажу так упэўнена таму, што працую над вялікім праектам пра хатні гвалт, і сутыкаюся з тым, што на ўваходзе проста фэерычныя маці, якія маглі б быць на вокладцы, але дзеці іх — нешчасьлівыя.

Ганна Харланчук-Южакова: Канечне, могуць. Дзеяньні могуць быць кепскія, дрэнныя. Але не дзіця кепскае, проста кепскія рэчы робіць. Ты спадзяешься, што магчыма, тое, што ты ўклаў, прарасьце, і ён будзе інакш дзейнічаць, але дзеці выбіраюць свой шлях. Тут і грамадзтва, і ўплыў. Падмурак закладаць бацькі, але дзяцёнак сутыкаецца з нашай рэчаіснасьцю.

Хто для вас узор сапраўднай маці

Сьвятлана Шырвель: Як хрысьціянка я шукаю прыклады ў сваёй любімай кнізе Бібліі. Гэта Ганна, маці прарока Самуэля. У яе не было спачатку дзяцей, праз некаторы час нарадзіўся сын, ад удзячнасьці яна яго вырашыла аддаць на служэньне. Прыходзіла да сына ў храм, дзе ён жыў, размаўляла зь ім, прыносіла адзеньне, ежу. Можна было падумаць, што калі ён там жыў, яго выхоўвалі іншыя людзі. Але не, я бачу ў гэтым менавіта ўплыў маці, бо яна навучыла яго паслухмянасьці, мудрасьці і іншым якасьцям, якіх не было ў тых людзей, які жылі ў храме. Гэта была кніга, якую кожнае маё дзіця чула першай. Таксама прыкладам я лічу маю бабулю, у якой было чацьвёра дзяцей, і ўсе яны вырасьлі годнымі, адукаванымі людзьмі.

Тамара Лісіцкая: Мая маці для мяне — недасяжны ідэал. Яна ўмела сумяшчаць адказную працу і хатнюю гаспадарку. Прыгажуня. Ёй цяпер 65 гадоў, і маці заўсёды пры макіяжы, у яе заўсёды пазногці ў парадку. І яна вельмі добрая і ненавязьлівая. Гэта спалучэньне вельмі важных жаночых, чалавечых і мацярынскіх якасьцей. Мамачка, я цябе вельмі люблю, віншую цябе.

Ганна Харланчук-Южакова: Няма такой асобы, з каго б я цалкам брала прыклад. Мне падабаюцца рознае ва ўсіх.

Ці хочаце мець яшчэ дзяцей?

  • Тамара Лісіцкая: Я хацела б яшчэ дзяцей.
  • Сьвятлана Шырвель: Жыцьцё вельмі гарманічна цяпер складваецца. Старэйшыя заканчваюць школу, малодшыя ў наступным годзе пойдуць у першую клясу. Можна чакаць унукаў.
  • Ганна Харланчук-Южакова: Пакуль не, але мы не адмаўляемся ад думкі, што ў нас могуць быць яшчэ дзеці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG