Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самоты дакладна не баімся». Тацяна Гайлеш, Эла Матвіенка і Вера Сярдзюк пра шматдзетную семʼю як гарманічнае ўтварэньне


Сям'я Веры Сярдзюк. Фотаздымкі зь яе старонкі ў Фэйсбуку.
Сям'я Веры Сярдзюк. Фотаздымкі зь яе старонкі ў Фэйсбуку.

У перадачы «Толькі жанчыны» гаворым пра перавагі і праблемы шматдзетных семʼяў, а таксама стэрэатыпы пра іх.

Удзельніцы дыскусіі — маці сямярых дзяцей доктарка Тацяна Гайлеш, маці пяцярых дзяцей, кіраўніца цэнтру «Матуля» Вера Сярдзюк і маці чацьвярых дзяцей дызайнэрка Эла Матвіенка.

«Калі любоў працягваецца, зьяўляюцца дзеці»

Ганна Соўсь: Тацяна, Вера, Эла, прывядзіце тры асноўныя аргумэнты, чаму, з вашага пункту гледжаньня, трэба мець шмат дзяцей?

Тацяна Гайлеш. Фота зь яе старонкі ў Фэйсбуку
Тацяна Гайлеш. Фота зь яе старонкі ў Фэйсбуку

Тацяна Гайлеш: Найперш гэта важна для саміх дзяцей, якія растуць у вялікай сямʼі. Калі побач з табой расьце яшчэ пэўная колькасьць братоў і сёстраў, дзіця вучыцца наладжваць камунікацыю, дамаўляцца, ён разумее, што такое быць экалягічным. Я лічу, што дзіця, якое вырасла сярод вялікай колькасьці дзяцей, больш прыстасаванае да гарманічнага жыцьця. Мае дзеці ўмоўна дзеляцца на дзьве групы — старэйшая і малодшая. У старэйшай групе — 27 і 24 гады, у малодшай групе — 8, 7, 6 гадоў, 6 гадоў і адзін год.

Сям'я Веры Сярдзюк. Фота зь яе старонкі ў Фэйсбуку
Сям'я Веры Сярдзюк. Фота зь яе старонкі ў Фэйсбуку

Вера Сярдзюк: Я не хацела бы навязваць нікому, казаць, што гэта абавязкова, але як верніца я не магу не разумець, што нараджэньне дзяцей — гэта і запавет, які быў дадзены яшчэ ў раі, гэта і, як псыхолягі кажуць, базавая прашыўка чалавека. Пладзіцеся і размнажайцеся — гэта імкненьне любога нармальнага чалавека працягнуць сябе, свой род у прасторы і часе. Нармальны вынік шчасьлівых адносінаў сужэнцаў, нармальнае наступства каханьня. Калі каханьне працягваецца, зьяўляюцца дзеці.

Я абсалютна згодная з папярэдняй матуляй, што дзеці, якія растуць у шматдзетнай сямʼі, нашмат больш адаптыўныя, яны ў спрыяльнай абстаноўцы апрацоўваюць усе сацыяльныя ролі — старэйшага, малодшага, падначаленага, кіраўніка. Я гэта назіраю, я бачу, што маім дзецям ніколі не бывае сумна, што яны ўмеюць сябе забаўляць, умеюць уступіць у кантакт зь любым чалавекам, наладзіць стасункі, як бачу, што яны найбольш шчасьлівыя, найбольш вясёлыя. З боку кажуць, што мае дзеці больш паслухмяныя. Маёй старэйшай дачцэ 14 гадоў, малодшаму — 4 гады, у гэтым прамежку яшчэ трое дзяцей. Любы вернік, любы чалавек, які любіць жыцьцё, хутчэй за ўсё будзе шматдзетным.

Эла Матвіенка
Эла Матвіенка

Эла Матвіенка: Акрамя таго, што гэта трэба дзецям для іх самаразьвіцьця, гэта ў той жа ступені патрэбна і іхным бацькам. Таму што, калі дзіцёнак адзін, ён патрабуе шмат увагі, камунікацыі, у выніку ў пэўнай ступні, як я назіраю, бацькі становяцца нейкімі закладнікамі, мусяць увесь свой вольны час выдаткоўваць на нармальнае гарманічнае разьвіцьцё гэтага самага дзіцяці. А калі дзяцей некалькі, яны, па сутнасьці, займаюцца адзін адным, і ў бацькоў зьяўляецца нейкі дадатковы час для свайго самаразьвіцьця. Ёсьць ілюзія, што чым больш дзяцей, тым больш клопату. На самой справе не. Чым больш дзяцей, тым больш яны самі сябе арганізоўваць, і клопат зьмяншаецца. У мяне чацьвёра дзяцей — ад 10 да 17 гадоў. Дзьве старэйшыя — дзяўчынкі, адна скончыла 11-ю, другая — 9-ю клясу, і хлопчыкі вучацца ў сярэдняй школе.

«Я адчула з пэўнага моманту, што недзе ёсьць яшчэ адно маё дзіця, якое нарадзілася не ў маёй сямʼі»

Ганна Соўсь: Наколькі для вашай сямʼі гэта быў сьвядомы выбар мець шмат дзяцей, сваіх ці прыёмных?

Тацяна Гайлеш з дачкой
Тацяна Гайлеш з дачкой

Тацяна Гайлеш: Я бы сказала, што гэта было не маё ўсьвядомленае рашэньне, гэта было тое, што я адчула сэрцам. Інтуітыўны парыў, можа, наканаваньне, ня ведаю, як гэта патлумачыць. Я адчула з пэўнага моманту, што недзе ёсьць побач яшчэ адно маё дзіця, якое нарадзілася не ў маёй сямʼі, і таму я пайшла на ўдачарэньне пры магчымасьці нараджаць самой. Адначасова выплывае ўнутранае адчуваньне, што недзе хтосьці мяне чакае, кліча, нейкая душа мяне шукае, і я пачынаю ісьці ёй насустрач, шукаю і знаходжу. Дзеці нараджаюцца, яны табе ў радасьць, у шчасьце тады, калі ты жывеш сам у паўнавартаснай любові, калі ў цябе шлюб. Пра гэта вельмі слушна і мудра сказала Вера, што калі сапраўднае каханьне, у сапраўднай любові, у сапраўдных духоўных адносінах сужэнцаў нараджаюцца дзеці. І дзеці — гэта нам дар ад Бога, нам удзячнасьць, можа быць, за любоў, ня ведаю за што, але сапраўднае каханьне і нейкія ўнутраныя парывы душы прывялі да таго, што ў мяне шмат дзяцей.

Ганна Соўсь: Вера, натуральна, што для вас, для вашага мужа гэта быў сьвядомы выбар мець шмат дзяцей. А ў вас яшчэ будуць дзеці?

Сям'я Веры Сярдзюк
Сям'я Веры Сярдзюк

Вера Сярдзюк: Мы адкрытыя на прыход дзяцей. Я зьяўляюцца выкладчыцай мэтаду распазнаваньня плоднасьці, арыентуюся ў ведах, калі пачынаецца плоднае акно, сама выкладаю гэты мэтад. Але гэта цудоўнае адчуваньне таго, што ты можаш стаць тварцом новага жыцьця, гэта ўнікальнае адчуваньне, яго жанчыны хочуць адчуваць зноў і зноў. Я буду рада, калі Бог мне пашле яшчэ дзяцей.

Ганна Соўсь: Эла, вы разам з мужам Максімам прымалі рашэньне мець шмат дзяцей ці хтосьці з вас больш настойваў?

Эла Матвіенка і яе сям'я
Эла Матвіенка і яе сям'я

Эла Матвіенка: Шчыра кажучы, мы гэта ўвогуле не абмяркоўвалі, ці будзе ў нас шмат дзяцей, гэта не было заплянавала. Мы зусім не шкадуем, што іх у нас чацьвёра, мы глядзім на нашую сямʼю як на нейкае вельмі гарманічнае стварэньне.

«Ёсьць перадузятасьць да шматдзетных семʼяў, бо іх мала. У нас іх усяго 6%»

Ганна Соўсь: Вера калісьці ў перадачы «Толькі жанчыны» казала пра тое, што часам адчувае зьняважлівае, а бывае, і абразьлівае стаўленьне да сябе як да шматдзетнай маці. Чаму? Наколькі часта вы з такім сутыкаецеся?

Фота са старонкі Веры Сярдзюк у Фэйсбуку
Фота са старонкі Веры Сярдзюк у Фэйсбуку

Вера Сярдзюк: Калі ў мяне было трое пагодкаў, калі вязеш іх у вазку ці саначках, я ўвесь час адчувала погляды як на малпачку з мультыка, як яна цяпер будзе ўпраўляцца. Я рэальна была падобная на тую малпачку: дзеці ў мяне халерыкі, вельмі актыўныя, ва ўсе дзіркі залазілі, і паход у краму быў цэлым спэктаклем. Я наслухалася ўсяго, але потым я неяк адрэдагавала гэтае пытаньне, і мне ніхто ня робіць заўваг.

Мы — іншыя, нас ня так шмат

Зваротную сувязь я атрымліваю ад чыноўнікаў найчасьцей, паколькі я працую ў сфэры дапамогі жанчынам зь дзецьмі. і часта я чую: «Вы толькі такая, мы вас ведаем, вас вельмі мала нармальных, шматдзетных, а ўсе ў асноўным такія і такія». І я атрымліваю цэлы спэктар апісаньня, што такое шматдзетныя семʼі. Нават у школьнай анкеце, калі запаўняем, трэба пісаць ці нармальная сямʼя, ці шматдзетная, ці мама-адзіночка, нас адразу нібыта адносяць да крыху нядобранадзейных сьвядома ці не. Усё ж ёсьць перадузятасьць у дачыненьні да шматдзетных семʼяў, таму, што іх мала, у нас усяго 6% такіх семʼяў. Мы іншыя, нас ня так шмат, і трэба зразумець, як уладкаваны сьвет шматдзетнай сямʼі. Ён, безумоўна, не такі, як сьвет маладзетнай сямʼі.

"Вішнёвы вечар". Карціна мастачкі Ганны Каралёвай. Фота са старонкі Тацяны Гайлеш у Фэйсбуку
"Вішнёвы вечар". Карціна мастачкі Ганны Каралёвай. Фота са старонкі Тацяны Гайлеш у Фэйсбуку

Тацяна Гайлеш: Ніколі не сутыкалася. Найхутчэй з той прычыны, што пры любым кантакце са мной, калі высьвятляецца, што я мама ў шматдзетнай сямʼі, я настолькі напоўненая радасьцю, упэўненасьцю, самім жыцьцём, што ні ў кога нават не ўзьнікае жаданьня сказаць нешта нэгатыўнае, таму што я з усім спраўляюся, я ўсім задаволеная, я радасная і шчасьлівая. Напэўна, людзі, зь якімі я сутыкаюся, проста ня хочуць нават падсьвядома гэтае добрае і сьветлае разбурыць.

«Пасярод ночы прыходзіць зьмена, і тата сьпіць з малодшым дзіцём»

Ганна Соўсь: Наколькі раўназначна разьмеркаваныя абавязкі ў вашых семʼях паміж бацькам і маці? Якую частку хатняй працы робяць старэйшыя дзеці?

Усё ж нарадзіць у 46 гадоў, ужо пэўная жыцьцёвая мудрасьць ёсьць, якая дазваляе з усім лёгка ўправіцца

Тацяна Гайлеш: У нас поўная ўзаемазамяняльнасьць. Адзіны ў мяне прыярытэт — я гатую ежу, а ва ўсім іншым мы адно аднаго замяняем, нават да таго, што палову ночы я сплю з малодшым дзіцём, а пасярод ночы прыходзіць мне зьмена і тата сьпіць з малодшым дзіцём. І я высыпаюся, паколькі мне раніцай ехаць на працу. У нас усё так гарманічна і добра, мы пра ўсё дамаўляемся. Лёгка. Гэта, напэўна, узрост і мудрасьць. Усё ж нарадзіла ў 46 гадоў, ужо пэўная жыцьцёвая мудрасьць ёсьць, якая дазваляе з усім лёгка справіцца. Старэйшыя дзеці ў нас прыбіраюць, мы ўдзельнічаем у прыбіраньні толькі тады, калі гэта генэральная прыборка, а так яны прыбіраюць свае і нашы пакоі. Настолькі шмат усяго ўмеюць рабіць, у кожнага ёсьць фронт работ, свае абавязкі, усё натуральна і без праблемаў.

Мы не імкнёмся да паказной чысьціні ці ідэалу, навязанаму звонку. Мы самі яго фармуем

Вера Сярдзюк: На шчасьце, у мужа і ў мяне занятасьць не нармаваная, не з 9-й да 18-й, як у большасьці, таму мы ня надта прывязаныя да пэўнага рэжыму. Мы найчасьцей самі фармуем свой працоўны дзень, таму нам проста і мы ўзаемна дапаўняем адно аднаго. Муж возіць дзяцей на ўсялякія гурткі, дзеці шмат дапамагаюць у прыборцы і самаабслугоўваньні. У нас няма імкненьня да нечага ідэальнага, нам трэба зрабіць, каб усім было зручна. Мы не імкнёмся да паказной чысьціні ці ідэалу, навязанаму звонку. Мы самі яго фармуем і ня моцна пакутуем, калі нешта не пасьпяваем. Вылучаюцца асноўныя задачы. Думаю, што так у многіх шматдзетных семʼях, людзі разумеюць, што галоўнае, а што другаснае.

Ганна Соўсь: Эла, ведаю, што вы купілі вясковую хату ў Ракаве, дзе ўсё зрабілі фактычна сваімі рукамі, і жылі ў ёй даволі доўга. Як вы разьмяркоўваеце абавязкі?

Яна і Лёва з мамай Элай.
Яна і Лёва з мамай Элай.

Эла Матвіенка: Апошнія два гады мы жывём у Менску, такі быў зьбег абставінаў, што пераезд у Менск для нас аказаўся прыярытэтным. Калі мы жылі ў Ракаве, я б не сказала, што істотна адрозьнівалася пражываньне ад менскай гарадзкой кватэры. Адзінае, там было неяк больш свабодна, а ў пляне дабрабыту ўсё было прыстасавана гэтак жа, як і ў гарадзкіх кватэрах.

«Я ў дзяржавы нічога прасіць ня буду, таму што я сама магу шмат чаго дасягнуць»

Ганна Соўсь: Ці вам дзяржава дапамагае?

Эла Матвіенка разам з дочкамі
Эла Матвіенка разам з дочкамі

Эла Матвіенка: Як шматдзетная сямʼя мы атрымалі кватэру ў Менску, мы ў ёй цяпер і жывём. Што да камфортнасьці пражываньня шматдзетнай сямʼі, я магу сказаць, што першыя некалькі гадоў мы сьвядома і прынцыпова стараліся жыць якраз ня ў Менску, таму што з маленькімі дзецьмі ў вёсцы пражыць нашмат прасьцей, свабадней, менш праблемаў, зьвязаных з паходамі ў харчовыя крамы.

Ганна Соўсь: Тацяна, вы таксама жывяце ня ў горадзе, у пасёлку Калодзішчы. Што дала дзяржава вашай сямʼі? Ці адчуваеце вы падтрымку з боку дзяржавы?

Мой унутраны арыенцір на шматдзетнасьць зыходзіў з маіх уласных магчымасьцяў

Тацяна Гайлеш: У пляне жыльля абсалютна ніякай дапамогі не было. Увесь час мяняецца заканадаўства. Мы нават мэтанакіравана ад пачатку не прасілі. Мой унутраны арыенцір на шматдзетнасьць зыходзіў з маіх уласных магчымасьцяў, я прыкідвала свае фінансавыя магчымасьці і ведала ад самага пачатку, што я ў дзяржавы нічога прасіць ня буду, таму што я сама магу шмат чаго дасягнуць, зарабіць. У мяне свой бізнэс, і таму я нават не плянавала вырашаць жыльлёвае пытаньне з дапамогай дзяржавы, бо ня ўсе могуць, як я, арганізаваць бізнэс і зарабіць дастаткова. І я вырашыла, хай гэтыя грошы, якія ёсьць у дзяржавы, дастануцца таму, каму яны будуць больш патрэбныя. Я адчуваю ў сябе сілы зарабіць. І таму адзіная льгота, якой я карыстаюся, ад якой я ня стала адмаўляцца, гэта 50-працэнтная аплата за харчаваньне ў садку і ў школе. І нам гэта добрая дапамога. І ўсё.

Ганна Соўсь: Вера, а дзе вы жывяце, у доме ці кватэры? Якія льготы маеце?

Вера Сярдзюк: Я вельмі моцна адчуваю падтрымку дзяржавы. Я атрымала кватэру, і ўсе мае сяброўкі шматдзетныя атрымалі кватэры, і не па адной. Мы трапілі ў тое акно, што зьяўляліся наступныя дзеткі і можна было дабудавацца. Нехта атрымаў дадаткова ці базава, зямлю для будаўніцтва катэджа. На жаль, цяпер заканадаўства мяняецца. Нават працуючы з жанчынамі, якія зьвяртаюцца ў цэнтар «Матуля», разумею, што так лёгка, як гэты было некалькі гадоў таму, атрымаць кватэру і ўчастак ужо немагчыма. На жаль.

Фота са старонкі Веры Сярдзюк у Фэйсбуку
Фота са старонкі Веры Сярдзюк у Фэйсбуку

Але ўсё ж дзяржава зацікаўленая ў шматдзетных семʼях. Летась якраз шматдзетныя семʼі далі прырост насельніцтва, гэта былі другія-трэція роды. Я атрымала кватэру, ільготы на харчаваньне дзяцей для мяне вельмі істотныя. У мяне чацьвёра школьнікаў, яны ўсе харчуюцца бясплатна ў школе. Для мяне гэта важкая падтрымка. Аплата гурткоў на палову — таксама добрая рэч. У прынцыпе больш нічога ня трэба. Важна, каб было дзе камфортна жыць і было чым дзяцей пракарміць, усё астатняе — калі рухацца, можна зрабіць сваім дзеткам.

Вучыцца ня ў школе

Ганна Соўсь: Ведаю, што Эла і ваш муж Максім прынялі рашэньне вучыць дзяцей дома, бо мелі шмат прэтэнзій да школьнай адукацыі. Эла, якія посьпехі ў гэтым?

Максім Капран: Нашы дзеці больш разьвітыя і больш самастойныя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:36 0:00
Наўпроставы лінк

Эла Матвіенка: Посьпехі дастаткова разнаплянавыя. З рознымі дзецьмі атрымліваецца па-рознаму. Зараз трое нашых дзяцей усё ж пайшлі ў звычайную школу. Гэта зьвязана ня з тым, наколькі цяжка ці не вучыцца дома, а зь іншымі субʼектыўнымі абставінамі. А старэйшая дачка якраз працягвала вучыцца паводле індывідуальнага пляну. 11-ю клясу яна скончыла, не хадзіўшы ў школу. Мае нармальны атэстат, няблага здала тэставаньне, спрабуем паступаць у Акадэмію мастацтва на кераміку.

Як я гляджу па старэйшай дачцэ, асноўнае, што дае навучаньне па індывідуальным пляне, — гэта добрая самаарганізацыя і скіраванасьць вучыцца самаму дзеля сябе. Трэба арыентавацца на тое, што патрэбную інфармацыю трэба шукаць у інтэрнэце ці бібліятэцы, ты мусіш арганізаваць свой дзень так, каб табе хапіла часу на розныя рэчы. Па сутнасьці ў галаве застаецца больш інфармацыі на больш доўгі тэрмін, таму што ты больш намаганьняў сам прыклаў, каб гэта ў цябе было. Нарадзіць у 46 гадоў

Ганна Соўсь: Тацяна, вы ў 46 гадоў нарадзілі дачушку, калі ўжо мелі і ўнукаў. Што бы вы параілі тым жанчынам, якія спыняюцца на адным дзіцяці, матывуючы гэта тым, што няма горшай, часу, жыльлёвых умоваў?

Вялікдзень. Фота са старонкі Тацяны Гайлеш у Фэйсбуку
Вялікдзень. Фота са старонкі Тацяны Гайлеш у Фэйсбуку

Тацяна Гайлеш: Самае галоўнае, дзеля чаго мы жывем, гэта любоў. Нараджэньне дзіця ў жыцьцё прыносіць сапраўдную, безумоўную любоў, проста за тое, што ў цябе гэтае дзіця ёсьць. З нараджэньнем другога, трэцяга і наступных дзяцей гэтага пачуцьця, адчуваньня душы, любові становіцца болей. І гэта самае важнае, тое, дзеля чаго мы нараджаемся на зямлі. Я проста вельмі хацела бы дастукацца да тых семʼяў, якія адзін аднаго любяць па-сапраўднаму, каб яны «няма часу, няма грошай» адклалі. Таму што любоў — гэта значна больш, больш каштоўна, глыбока і важна, чым грошы, вольны час, чым выспацца ці схадзіць і зьезьдзіць нешта купіць. На другой чашы вагаў сапраўдны падарунак ад Бога, і тваё жыцьцё становіцца больш поўнае, больш запатрабаванае і карыснае. Гэта сапраўднае шчасьце.

Як быць матухнай

Ганна Соўсь: Вера, як гэта быць матухнай? Вы — жонка пробашча парафіі менскага храма Сьвяціцеля Мікалая Японскага. Чым вы адрозьніваецеся ад іншых жонак? Ці ёсьць пэўныя абмежаваньні?

Фотаздымак са старонкі Веры Сярдзюк у Фэйсбуку
Фотаздымак са старонкі Веры Сярдзюк у Фэйсбуку

Вера Сярдзюк: Звычайна я параўноўваю сябе з жонкамі вайскоўцаў, зь людзьмі, якія служаць, якія могуць быць паднятыя сярод ночы, ці з жонкамі лекараў, якія павінны ўсьведамляць, што ў мужа ёсьць служэньне, якому ён аддае больш чым сямʼі. Гэта — самая важная асаблівасьць. Калі сьвятара пасьвячаюць, яго жонка падпісвае спэцыяльную паперу пра тое, што яна падтрымлівае яго служэньне і гатовая паўсюль за ім ехаць. Гэта самае галоўнае адрозьненьне. Усё астатняе гэта ўжо на сумленьні кожнай жонкі сьвятара.

Я хацела дадаць пра адукацыю. Нягледзячы на тое, што ў нас цудоўная школа, цудоўнае сталеньне да дзяцей, у мяне і сьвякроў і бацька належаць да настаўніцкай дынастыі, і я бачу як з кожным годам усё больш зьяўляецца пісаніны ў дзяцей і ўсё менш магчымасьцей даваць дзецям самі веды. Праграма мяне таксама не задавальняе. Гэта ня значыць, што я забіраю дзяцей са школы, я ня бачу ў сябе такіх рэсурсаў, але я разумею, што за бацькамі застаецца абавязак навучыць дзяцей думаць. Атрымаць інфармацыю вельмі проста, навучыцца спалучаць, бачыць прычыну і сьледзтва, гэта ўжо задача бацькоў. Часта нашы сьняданкі, сямейныя абеды мы пераўтвараем у невялікія вучэбныя працэсы, пытаемся, што дзеці ведаюць, як бачаць гэта, як убудоўваюць гэта ў гісторыю і геаграфію, такое ёсьць у нас.

«Самоты мы дакладна не баімся»

Ганна Соўсь: Вельмі часта мне даводзілася чуць ад многіх людзей асьцярогі, што яны баяцца аказацца старым, хворым і стаць цяжарам для родных і блізкіх. Ці вы баіцеся адзінокай старасьці? А чаго вы баіцеся?

Старэйшая Яна ў дзіцячым пакоі ў хаце ў Ракаве.
Старэйшая Яна ў дзіцячым пакоі ў хаце ў Ракаве.

Эла Матвіенка: Ніколі не было такіх думак. Зь дзецьмі ў мяне сяброўскія адносіны, яны не саромеюцца мяне браць у школьныя паходы, адчуваюць, што мы зь імі на роўных. Я думаю, што надалей гэта не памяняецца. Маладосьць духу больш важная, чым фізычная нямоцнасьць. У мяне няма нават думкі ў галаве, што я ім буду непатрэбная, і калі-небудзь я стану для іх абузай.

Вера Сярдзюк: Самоты мы дакладна не баімся. Мы ўжо зь дзецьмі дамовіліся, што будзем зь іх унукамі сядзець па чарзе, а калі мы з бацькам станем нямоглыя, будзе год падзелены паміж кожным зь дзяцей і мы будзем па два месяцы ў кожнага гасьціць. Гэта ў якасьці жарту. Але мы гэта абмяркоўвалі зь дзецьмі. Мой асноўны страх, што я не змагу вырасьціць зь іх сапраўдных людзей. Мне хочацца, каб мае дзеці навучыліся радавацца жыцьцю, цалкам выкарыстоўваць усе свае дары і магчымасьці для таго, каб паслужыць гэтаму сьвету, і зразумець смак гэтага жыцьця.

Фотаздымак са старонкі Тацяны Гайлеш у Фэйсбуку.
Фотаздымак са старонкі Тацяны Гайлеш у Фэйсбуку.

Тацяна Гайлеш: На шчасьце, я не адчуваю гэтых страхаў, таму што жыцьцё мяне навучыла, пражываючы цяжкасьці, жыць і давяраць Богу. З пэўнага моманту ўсё, што ў маім жыцьці адбываецца, усё, што я раблю, думаю, я імкнуся прапускаць празь Яго прызму, каб Ён мне дапамагаў і падказваў. Мне здаецца, што я ўсё раблю разам зь Ім, і ўсё, што ў маім жыцьці адбудзецца, нават пэўныя цяжкасьці, усё роўна мы гэтыя складанасьці будзем пераадольваць разам з Богам. Калі ты не адзін, ужо ня страшна. Мне ў гэтым пляне вельмі лёгка і няма ніякіх страхаў. Мы проста жывём сёньня, радуемся таму, што маем, і імкнёмся надта далёка на будучыню не загадваць, таму што будзе толькі тое, што вашае жыцьцё зьменіць да лепшага.

Як пагуляцца зь блінчыкамі

Ганна Соўсь: Якая ўлюблёная страва на вялікім сямейным стале?

Эла Матвіенка: Блінчыкі, аладкі, запечаная курачка. Апошнім часам мы вельмі любім, калі прыяжджаем у Ракаў, купіць зэфіркі. Увечары ўсе садзяцца вакол вогнішча, смажаць гэтыя зэфіркі зь пячэньнем. Вельмі проста, але вельмі прыемна.

Вера Сярдзюк: Мы клясычныя беларусы, дзецям і мужу больш нічога ня трэба, калі я насмажу бульбы. Задужа простая ежа для маёй украінскай душы, якая любіць выгатоўваць, мне крыху складана прыняць такое спрашчэньне. Піражкі з капустай, піца, клясычная, цёплая, утульная ежа. Любая выпечка — гэта тое, што мае дзеці вельмі любяць і на пах прыбягаюць.

Тацяна Гайлеш: Улюблёная страва — смажаная бульба і блінцы, тонкія, на ўсю патэльню. Бульба — гэта проста вельмі смачна, з тонкіх блінцоў можна выядаць розныя рожыцы. Мы ў такім чароўным узросьце, вельмі любім выядаць прыгожыя тварыкі, і гуляцца, і есьці, таму блінчыкі — адна з улюблёных страваў. А так заўсёды ўсяго шмат рознага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG