Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзякаваць, любіць, рызыкаваць». Як Юля з інваліднасьцю дапамагае здаровым быць шчасьлівымі


Юля

Праз абыякавасьць дактароў Юля нарадзілася зь цяжкою хваробаю — дзіцячым цэрэбральным паралюшам. Дзяцінства правяла ў вазку. Аднак пасьля навучылася хадзіць, вывучылася на псыхоляга і цяпер дапамагае «здаровым» людзям быць шчасьлівымі.

Юля зь дзяцінства марыла дапамагаць людзям. «Але кім быць? Доктарам? Зь фізычнымі абмежаваньнямі — наўрад ці атрымаецца. У падлеткавым узросьце трапіла ў рэабілітацыйны цэнтар. Там з намі працавалі псыхолягі. Мяне абурыла іхная праца, бянтэжылі іх мэтады. Я вырашыла быць псыхолягам — але іншым псыхолягам», — сьмяецца дзяўчына.

Мноства апэрацыяў, немагчыма хадзіць, вакол адны абмежаваньні.

«Цяпер я ведаю, што ўсе межы і рамкі — фізычныя, фінансавыя, узроставыя — толькі ў галаве. Найгоршая турма — тая, якую мы пабудавалі ў сваёй галаве», — разважае псыхоляг. Сама яна увесь час усьміхаецца і часта сьмяецца.

Была завадатаркай усіх дваровых гульняў і спаборніцтваў

Маці нараджала дзяўчынку ўначы.

«Потым ужо стала вядома — маці мусілі рабіць кесарава, дактары ноччу не хацелі залішне пераймацца, вырашылі — сама народзіць. Ціснулі на жывот, я выходзіла ўся сіняя, толькі праз тры дні апрытомнела. Калі маці сказалі пра дыягназ — у яе быў шок. Цяпер я разумею, як ёй тады прыйшлося цяжка — бо ёй было толькі дваццаць гадоў», — узгадвае Юля.

Дзяцінства яна ўзгадвае як бесклапотны час.

«Я марыла бегаць, але не магла. Затое сядзела ў вазку ў двары і была завадатаркай усіх гульняў для дзяцей! Прыдумляла — як прабегчы, паскакаць, спаборніцтвы розныя. Са мной усе сябравалі — і меншыя дзеці, і большыя. Падлеткавы пэрыяд быў бурны, як ва ўсіх аднагодкаў. Кампаніі, цыгарэты, сваркі з бацькамі. У шаснаццаць гадоў я стаяла на ростанях — што рабіць далей?» — кажа Юля.

Да дзесяці гадоў яна поўзала па кватэры на каленях — яны былі страшныя, чорныя. Бабуля была верніца, пяцідзясятніца. Веру перадала і ўнучцы.

«Я веру. Але не адношу сябе да ніводнай канфэсіі. Ня думаю, што Богу так істотна — каталік чалавек, ці праваслаўны, ці пратэстант», — кажа псыхоляг.

«Мне хацелася бегчы, бегчы — упасьці і злавіць гэты кайф»

Юля прызнаецца, што не пераставала верыць: хвароба — гэта не назаўжды, ёй стане лепш, яна пачне хадзіць. Бацькі ставіліся да дачкі як да здаровай, былі патрабавальнымі, і «гэта было здорава!».

«Я не адчувала сябе нейкай непаўнавартаснай. Мне заўсёды хацелася бегаць! Вось так бегчы — да страты прытомнасьці, потым упасьці і злавіць гэтае задавальненьне», — кажа Юля.

Школьную адукацыю яна атрымала праз хатняе навучаньне. Выкладаць прадметы прыходзілі розныя настаўнікі, з многімі Юля сябруе і цяпер. У 16 гадоў яна закахалася — і гэта было яшчэ адным стымулам вывучаць псыхалёгію.

«Я хацела больш даведацца пра каханьне. Чаму менавіта гэты чалавек, ня іншы? Што такое каханьне?», — гэтыя пытаньні наблізілі яе да паступленьня ў ВНУ.

Поле перайшла — значыць, і жыцьцё паддасца

Унівэрсытэт не сустрэў абдымкамі абітурыентку зь фізычнымі абмежаваньнямі. На той час Юля не магла сама хадзіць — яе вадзілі блізкія пад руку.

«Мне як чалавеку з інваліднасьцю належалі нейкія льготы пры паступленьні, але нам адмовілі. Прыёмная камісія паставілася да мяне нэгатыўна. Было вельмі складана. На бясплатнае навучаньне я не прайшла, на платнае мы ня мелі грошай. Нам ніхто не сказаў, што ва ўнівэрсытэце якраз адкрылася завочнае аддзяленьне псыхалёгіі. Мы абсалютна выпадкова даведаліся, пабеглі з маці — і там было апошняе бясплатнае месца. Для мяне!», — сьмяецца Юля.

Яна старанна рыхтавалася да заняткаў, сэсіяў, здавала экзамэны ў першай пяцёрцы. Адчувала сябе сярод аднагрупнікаў камфортна. Бабуля ці маці даводзілі Юлю да ўнівэрсытэту, аднагрупнікі сустракалі і вялі да аўдыторыяў. Дзяўчына паставіла сабе мэту: да выпуску з унівэрсытэту пачаць хадзіць самастойна, з кіёчкам.

«Прымусіла сябе і пайшла, з усяе моцы. Мне было так страшна! Баялася, што ўпаду і буду куляцца. Але страх — натуральны спадарожнік чалавека. Толькі дурні нічога не баяцца. Кажуць, што жыцьцё пражыць — ня поле перайсьці. Паехалі з татам, мамай і сястрой у вёску. Там было вялікае поле па дарозе. І я вырашыла: калі самастойна перайду яго — усё ў маім жыцьці будзе добра. І пайшла сама церазь яго. Сястра крыкнула: „Ты куды гэта?“ А ў мяне знутры біла такая энэргія! І я яго перайшла. Ёсьць здымак — якая я тады шчасьлівая!», — кажа Юля.

«Мы хочам, каб псыхоляг была прыгожай!»

Неўзабаве яна скончыла ўнівэрсытэт, атрымала дыплём і грамату «За прафэсійную матывацыю». Потым пачаўся «найцяжэйшы год». Дыплём на руках — працы няма.

Заканадаўства сьцьвярджае, што чалавеку з інваліднасьцю абавязаны даць працу пасьля ВНУ. На практыцы Юля ўбачыла ня працу, а вялікія вочы супрацоўнікаў упраўленьня занятасьці. Максымум, што прапанавалі — працу выхавальніцай у дзіцячым садку.

«Але якія ў мяне фізычныя дадзеныя, каб бегаць за дзецьмі? Дый вышэйшая адукацыя, столькі высілкаў. Мы пачалі з маці шукаць працу самастойна, званілі ў дзіцячыя садкі, каб уладкавацца псыхолягам. Але калі ў садках даведваліся, што ў мяне інваліднасьць, то казалі: „Не, не, не. Вы што? Мы хочам, каб псыхоляг была прыгожай!“. Што? Гэта было так крыўдна! Яны мяне нават ня бачылі! Для мяне быў жахлівы час — сядзець склаўшы рукі і нічога не рабіць. Пачаліся праблемы са здароўем. Бо ад такога настрою ўсе балячкі абвастраюцца — ад напружаньня такога ў целе», — узгадвае Юля.

У гэты складаны час яна трапіла на прыём да фізіятэрапэўта Аляксандра Макарчыка. «Ён зрабіў сапраўдны цуд для мяне! Ён паверыў у мяне. Няма нічога больш важнага, чым калі ў цябе вераць», — узгадвае псыхоляг.

Пасьля была яшчэ адна сустрэча — з ксяндзом Славамірам, які раней служыў у Гомлі. «Ён накіраваў мяне ў прафэсійную дзейнасьць», — зазначыла Юля.

Яна пачала працаваць у Дзіцячай вёсцы (Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця), які пабудавалі на замежную дапамогу дабрачыннай каталіцкай місіі «Карытас». Юля працавала зь дзецьмі-інвалідамі, некаторыя мелі цяжкія асаблівасьці. Затым была праца псыхоляга ў самой місіі «Карытас».

Першыя кліенты былі жанчыны з цяжкім лёсам, шматдзетныя, беспрацоўныя, якія мелі патрэбу ў псыхалягічнай дапамозе. Цяпер Юля мае свой кабінэт, да яе ходзяць на прыёмы зусім розныя людзі. Дзьве суботы на месяц — індывідуальная праца з маладымі людзьмі з інваліднасьцю. Па серадах раз на месяц Юля праводзіць сэмінары для ўсіх ахвочых.

«Я слабая, я хворая, я ахвяра... — Не!»

Асноўныя праблемы, зь якімі людзі ідуць да Юлі — самота і пошук «ідэальнага партнэра».

«Ідэальнага партнэра не існуе. Мы маем ілюзіі, „будуем“ у галаве чалавека, які нам пасуе. Праз пэўны час выяўляецца, што ён „зусім не такі, які быў раней“. Ён такі і быў. Проста мы ня бачылі. Наагул варта выбіраць чалавека паводле яго недахопаў і хібаў — тых, зь якімі мы згодныя мірыцца, на якія мы згодныя заплюшчваць вочы», — лічыць псыхоляг.

З ўсіх кірункаў псыхалёгіі Юлі найбліжэйшы кагнітыўны аналіз. Псыхоляг упэўненая: большасьць чалавечых праблемаў — ад нэгатыўных паставаў у галаве. Іх можна і варта зьмяняць.

«Калі я буду лічыць жыцьцё цудоўным, яно такім і будзе. Калі не — то не. Усё наша жыцьцё залежыць ад пазытыўных паставаў. Калі б я ня верыла, калі б акцэнтавала ўвагу на хваробе, то атрымлівала б пэнсію па інваліднасьці і сядзела дома зь перакананьнем „я слабая, я хворая, я ахвяра“. Я так не лічу. Сьвет вельмі вялікі, і мне хочацца пазнаваць, адчуваць, дзякаваць і любіць», — з натхненьнем кажа Юля.

Яна ўпэўненая, што

  • безвыходных сытуацыяў не бывае;
  • усё варта і трэба зьмяняць — працу, партнэра, месца жыхарства;
  • людзі часам лічаць за лепшае ныць і скардзіцца, бо банальная лянота і страх блякуюць чалавека, людзі баяцца рызыкаваць;
  • у жыцьці ўсё магчыма.

«Папраўдзе жыцьцё вельмі кароткае, і трэба не баяцца дзейнічаць. Навошта хадзіць на нелюбімую працу? Шукайце нешта сваё. Ніколі ня позна зьмяніць жыцьцё. Не падабаецца тут жыць — пераяжджайце. Ня ведаеце іншай мовы — вучыце, — кажа Юлія. — У мяне была кліентка, якая казала, што ня любіць мужа. Разводзіцца яна не хацела, бо ў кватэры добры рамонт, і яны купілі „новыя прыгожыя дываны“. Дываны можна разрэзаць і падзяліць, я так думаю».

«Я не магу зьмяніць іншых — гэта нерэальна!»

За сваё жыцьцё Юля сутыкалася з непрыманьнем. Часам у грамадзкім транспарце не саступаюць месца.

«Значыць, гэтыя людзі больш абмежаваныя, чым я ў сваім фізычным целе. Я не магу зьмяніць іншых — гэта нерэальна! Магу зьмяніць толькі самую сябе. Дзеці не акцэнтуюць увагі на нейкіх фізычных абмежаваньнях у людзей, адрозна ад дарослых. Неяк я чакала на прыпынку транспарт, і з тралейбуса выйшаў малы з маці, які закрычаў: „Мама, мама, глянь, які ў цёці прыгожы кіёк! Праўда — ён незвычайны, не ўва ўсіх такі ёсьць“», — узгадвае Юля.

За мяжой яна адчувае сябе вальнейшай: «Там на мяне не глядзяць як на іншаплянэцянку». Яна кажа, што любіць сваю працу, бо кожны чалавек — гэта сусьвет, у які яна паглыбляецца. «Мне цікавыя гісторыі людзей. Іхныя жыцьцёвыя этапы дапамагаюць мне праходзіць сваё жыцьцё», — зазначыла псыхоляг.

«Ніякага рэцэпту шчасьця не існуе»

«Насамрэч ніякага ўнівэрсальнага рэцэпту шчасьця не існуе. Гэта ўсё суб’ектыўна. Адзіная ўнівэрсальная парада — ня ставіць сабе рамкі. Бо ніякіх рамак не існуе — ні фізычных, ні ўзроставых, ні фінансавых, ніякіх. Галоўнае — жаданьне. Што хачу я? Хачу быць удзячнай, хачу, каб любоў заўсёды была ў маім жыцьці, хачу падарожнічаць!», — кажа Юля.

Яна самастойна, на дзіва і страх сваіх блізкіх, падарожнічала па розных краінах.

«„Табе ня страшна?“ — пыталіся ў мяне. Вядома, страшна! Але варта быць адкрытай, не саромецца прасіць дапамогі — і людзі адгукаюцца. Зноў жа — пазытыўныя паставы ў галаве, што ўсё будзе добра, што вакол — людзі, і яны мне дапамогуць. Я лічу, што не бывае добрых і злых людзей. Усе роўныя. Толькі бываюць розныя сытуацыі і абставіны», — дадала Юля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG