Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апаленыя дэкрэтам № 18. За што могуць адабраць дзіця

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота.

На якіх падставах могуць забраць дзіця зь сям’і? Калі такія захады абгрунтаваныя? Ці законна забіраць дзіця зь сямʼі, якая жыве ў галечы? Як дэкрэт № 18 «Пра абарону дзяцей у праблемных семʼях» можа быць скарыстаны супраць палітычна актыўных людзей?

Абмяркоўваюць Галіна Коцкая, выхавацелька ў сацыяльным прытулку ў Горадні, Натальля Янушкевіч, адна зь ініцыятарак грамадзянскай кампаніі «Недзіцячая справа» супраць дэкрэту № 18, старшыня грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач і грамадзкая актывістка Алеся Садоўская, чыя дачка восем месяцаў жыла ў прыёмнай сямʼі і была вернутая маці дзякуючы вялікім намаганьням грамадзкасьці і праваабаронцаў.

Каротка пра галоўнае

Галіна Коцкая: Гвалтоўна ў нас дзяцей ні ў каго не забіраюць. У прытулку, дзе я працую ўжо 15 гадоў, не было такіх выпадкаў, каб дзіця забралі проста вось так без падставы. Забіраюць дзяцей, якіх ўжо сапраўды трэба вымаць з сем’яў. Бывае, што гэта шматдзетныя сем’і, пяць дзяцей ад розных татаў – у нас вельмі многа такіх. У нас дзеці ў прытулку пачынаюць сябе адчуваць людзьмі. Многія ў нас раскрываюцца.

Натальля Янушкевіч: Я выхоўвала ў сваёй сям’і дзяцей, якія па тых ці іншых прычынах былі адабраныя зь сямей. Маім матывам было найперш захаваць іх права на жыцьцё ў сям’і. І настаў такі момант, калі ўся мая сям’я трапіла пад прэсінг 18-га дэкрэту. У 2015-м годзе мая сям’я была гвалтоўна разбураная. Зараз мы аднаўляемся, дзеці павырасталі, усе вярнуліся да мяне, і я ім дапамагаю далей сацыялізавацца ў жыцьці.

Вольга Карач: Эканамічная прычына адабраньня дзяцей зь сем’яў -- асноўная прычына. Але чаму раней такія выпадкі ня мелі розгаласу? Калі да маці пачынаюць прыходзіць усе гэтыя камісія, міліцыянты, прадстаўнікі выканкамаў, яна адчувае ціск, у яе ўнутраны сорам і адчуваньне, а раптам я сапраўды дрэнная маці. Вельмі часта жанчыны, у якіх з прычыны беднасьці забіраюць дзіця, проста саромеюцца ісьці да незалежных мэдыяў.

Алеся Садоўская: У першую чаргу вялікі дзякуй Гары Пятровічу Паганяйлу з праваабарончай арганізацыі БХК. Ён суправаджаў мяне ў судах, складаў скаргі, звароты, уся юрыдычная праца была на ім. Сама ж я для сябе вылучыла, што калі бацькі нязгодныя з дзеяньнямі органаў апекі, то першай справай яны павінныя даведацца, на якой падставе дзейнічаюць дадзеныя органы.

Коцкая: «Паступаюць дзеці пераважна зь недабранадзейных сем’яў, большасьць стаяць на ўліку за крадзяжы і хуліганства»

Ганна Соўсь: Нагодай для дыскусіі стаў выпадак у Лоеве, калі ўлады забралі ў бацькоў 3-месячнага першынца, і прычынай стала беднасьць бацькоў. Галіна, вы працуеце ў Горадні ў сацыяльным прытулку, у якім часова знаходзяцца дзеці, якіх забралі зь семʼяў, якія лічаць праблемнымі. Распавядзіце, калі ласка, у якіх выпадках найчасьцей дзеці трапляюць у прытулак? У якім стане дзеці знаходзяцца? Як часта гэта адбываецца? Колькі цяпер выхаванцаў у вашым прытулку?

Галіна Коцкая.
Галіна Коцкая.

Галіна Коцкая: Паступаюць да нас дзеці пераважна зь недабранадзейных сем’яў, большасьць — старэйшага ўзросту, з 11 да 17 — ужо стаяць на ўліку за крадзяжы, хуліганскія паводзіны. Перш чым яны да нас трапляюць, зь імі праводзяцца розныя мерапрыемствы, далучаюць бацькоў, наведваюць дома, і калі зьменаў ніякіх у лепшы бок няма, тады іх забірае камісія па справах непаўналетніх да нас у прытулак. На дадзены момант у нас 20 чалавек. Узрост — ад 3 да 18 гадоў. Ёсьць сем’і, зь якіх адразу 5 чалавек у прытулку. Дзяцей да трох гадоў накіроўваюць у дом дзіцяці, а пасьля трох гадоў — ужо да нас.

Бывае, што да нас нават паступаюць такія дзеці, якія самі просяцца да нас, ці мамы, напрыклад, захварэлі ці ў санаторыі, ці ў іх малодшыя дзеці хворыя. У такіх выпадках дзяцей да нас накіроўваюць часова. Пішуць заяву пра часовае накіраваньне ў прытулак.

Ганна Соўсь: Ці часта бывае, што бацькі нязгодныя з тым, што забралі дзяцей, і прыходзяць, спрабуюць сустракацца, спрабуюць забраць? Ці ёсьць такія магчымасьці?

Галіна Коцкая: Канешне, у нас усе бацькі нязгодныя, што ў іх забралі. Ім даюць сустракацца з дзецьмі, пачынаюць разьбірацца. Яны ж ня проста так да нас трапілі! Яны трапілі таму, што ўжо стаялі на ўліку. Быў такі выпадак, калі ішлі маці з татам і дачкой дзесьці аб 11 гадзіне іх забрала міліцыя, таму што з непаўналетнім дзіцём ішлі з гасьцей, ці адкуль. Дзяўчынку ў прытулак прывезьлі. Назаўтра разабраліся і аддалі дзіця. Потым у нас быў выпадак, калі хлопчык паскандаліў з татам дома. Сям’я нармальная, былі госьці, і тата яго ўдарыў. Канешне, суседзі пазванілі, дзіця забралі да нас у прытулак. Назаўтра ён павінен быў ісьці здымаць пабоі, а там сьлядоў пабояў і не было, ён адмовіўся, потым нашы спэцыялісты разабраліся, што і ў таты добрая характарыстыка, і у мамы добрая характарыстыка, і дзіця аддалі.

Янушкевіч: Самае страшнае ў гэтым дэкрэце — адсутнасьць выразных фармулёвак, выразных крытэраў дабранадзейнасьці-нядабранадзейнасьці

Ганна Соўсь: Натальля Янушкевіч, вы самі пэдагог і шматдзетныя маці, у вас ёсьць прыёмныя дзеці, вы адна зь ініцыятарак грамадзянскай кампаніі «Недзіцячая справа» супраць 18-га дэкрэту. Што вас у гэтым дэкрэце найбольш не задавальняе, непакоіць?

Натальля Янушкевіч.
Натальля Янушкевіч.

Натальля Янушкевіч: Пачынаючы з таго часу, як дэкрэт толькі быў прыняты ў 2006-м годзе, я ўжо адчула пэўную непрыязьнь. Самае страшнае ў гэтым дэкрэце — адсутнасьць выразных фармулёвак, выразных крытэраў дабранадзейнасьці-нядабранадзейнасьці і прычынаў, па якіх дзіця можа быць адабранае зь сям’і і сям’я можа прызнаная ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Акрамя таго, гэты дэкрэт усталёўвае такую норму, як адабраньне дзіцяці без суду. На сёньняшні дзень гэта ўсё больш і больш набірае абароты. Па сутнасьці падставай для адабраньня дзіцяці можа быць любая трактоўка — норма-не норма. Нават зараз, слухаючы выхавацеля прытулку, я чую: сям’я нармальная.

У сям’і гвалт зь дзіцяці, і гэтая сям’я — нармальная. Таму што характарыстыкі добрыя, таму што, пэўна, парадак, нейкая іншая ўстаноўка, якая трактуецца як нармальная. І ў той жа час, іншую сям’ю, у якой няма парадку, але цалкам прыемныя ўзаемаадносіны паміж дзецьмі і бацькамі, будуць трактаваць як ненармальную, бо яна не ўпішацца ў суб’ектыўныя рамкі канкрэтнага спэцыяліста па сацыяльнай працы. Там яшчэ ёсьць такая фармулёўка «і іншыя». І вось пад гэтыя «іншыя» можна ўсё што заўгодна накіраваць супраць любой сям’і ў любой сытуацыі, калі гэта будзе патрэбна.

Вытрымка з Дэкрэту №18: «Дзеці падлягаюць дзяржаўнай абароне і зьмяшчэньню на дзяржаўнае забесьпячэньне ў выпадку, калі ўстаноўлена, што бацькі (адзіны бацька) вядуць амаральны лад жыцьця, што аказвае шкоднае ўзьдзеяньне на дзяцей, зьяўляюцца хранічнымі алькаголікамі ці наркаманамі альбо іншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкі па выхаваньні і ўтрыманьню дзяцей, у сувязі з чым яны знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы».

Ганна Соўсь: Натальля, калі мы з вамі напярэдадні абмяркоўвалі ваш удзел у перадачы, вы заўважылі, што пераважная большасьць удзельніц апаленыя гэтым дэкрэтам. Як вас ён апаліў?

Натальля Янушкевіч: Я аказалася па два бакі барыкад воляй лёсу. Я выхоўвала ў сваёй сям’і дзяцей, якія па тых ці іншых прычынах былі адабраныя з сямей. У некаторых выпадках гэтыя прычыны былі аб’ектыўныя, у некаторых нават было бачна, што гэта здарылася позна, па сутнасьці ўжо ў такой сытуацыі, калі літаральна дзіця ледзь ня гінула. Было таксама многа сытуацый, калі проста зь сям’ёй не палічылі патрэбным працаваць і напружвацца. Асабліва гэта тычыцца сям’і, дзе бацькі мелі інтэлектуальную недастатковасьць ці інваліднасьць ці хранічную беднасьць.

Яны маглі прыніжаць мяне ў прысутнасьці дзяцей, капацца ў маіх рэчах, абвінавачваць у тым, чаго няма на самай справе.

Гэта таксама адзін з крытэраў — мама адна, яна не спраўляецца, мама ня можа ўтрымліваць сямʼю па патрэбным, зноў жа, незразумела якім, меркам. Такія дзеці аказваліся ў маёй сям’і. Я сама даволі актыўны чалавек, і маім матывам было найперш захаваць іх права на жыцьцё ў сям’і, у сямейным асяродзьдзі, а таксама дапамагчы ім вярнуцца ў свае сем’і і рэалізаваць іх правы, калі ўжо яны зробяцца дарослымі.

На жаль, такая мая пазыцыя ня вельмі падабалася майму працадаўцу, выканкаму. І настаў такі момант, калі ўся мая сям’я трапіла пад прэсінг вось гэтага 18-га дэкрэту. Да мяне ў дом, матывуючы тым, што я супрацоўніца ўпраўленьня адукацыі, што ў мяне жывуць прыёмныя дзеці, супрацоўнікі спэцыяльнай службы школы, супрацоўнікі ўпраўленьня адукацыяй лічылі магчымым хадзіць у любы час дня і ночы, літаральна нагой у дзьверы. Яны маглі прыніжаць мяне ў прысутнасьці дзяцей, капацца ў маіх рэчах, абвінавачваць у тым, чаго няма на самай справе. Гэта былі яшчэ кветачкі, такое прыніжэньне, перасьлед, гэта, аказваецца, далёка ня самае горшае.

Мае родныя дзеці таксама вельмі вялікія траўмы атрымалі ў гэтай сытуацыі, ад якіх мы не можам дагэтуль аправіцца.

Нашае заканадаўства і той жа самы 18-ы дэкрэт, дадаткі да яго, мэтадычныя рэкамэндацыі і інструкцыі мелі на ўвазе падрыхтоўку актаў дасьледаваньня жыльлёвых умоваў людзей, на падставе якіх потым робяць высновы, забіраць дзяцей ці не забіраць, што рабіць з гэтай сям’ёй. Там не прадугледжаны подпіс правяраючай асобы. Аказваецца, іх можна проста было падрыхтаваць седзячы ў кабінэце, і так вось і рабілася. І робіцца да сёньняшняга дня, на жаль. Фактычна не прыходзячы дадому да чалавека, можна на яго напісаць невядома што, і чалавек практычна ня можа гэта аспрэчыць. Подпіс не прадугледжаны, і дакажы, правяралі цябе ці не. Я трапіла ў такую сытуацыю.

На жаль, у 2015-м годзе мая сям’я была вось так гвалтоўна разбураная. Зараз мы аднаўляемся, дзеці, якія павырасталі, усе вярнуліся да мяне, са мной, я ім дапамагаю далей сацыялізавацца ў жыцьці. Але мае родныя дзеці таксама вельмі вялікія траўмы атрымалі ў гэтай сытуацыі, ад якіх мы не можам дагэтуль аправіцца.

Алеся Садоўская: «У дэкрэце адсутнічае канкрэтыка па крытэрам адабраньня дзяцей»

Ганна Соўсь: Алеся Садоўская, ваша гісторыя шырока асьвятлялася ў СМІ. Праблемы пачаліся пасьля таго, як у навагоднюю ноч у 2012 годзе вас зьбілі ў міліцыі, у выніку вашых спробаў аднавіць справядлівасьць, маладзечанскія чыноўнікі накіравалі вас у псыхіятрычны шпіталь, дзе вам паставілі няправільны дыягназ, на падставе якога ў вас адабралі дачку, якая пражыла восем месяцаў асобна ад вас. Вы шмат змагаліся і з дапамогай грамадзкага розгаласу і праваабаронцаў вам удалося вярнуць дачку. Алеся, што бы вы параілі рабіць бацькам, у якіх забіраюць дзяцей, і якія хочуць іх вярнуць?

Алеся Садоўская.
Алеся Садоўская.

Алеся Садоўская: У першую чаргу вялікі дзякуй Гары Пятровічу Паганяйлу з праваабарончай арганізацыі Беларускі хэльсынскі камітэт. Я зьвярнулася туды, і мне прапанавалі дапамогу. Поўнасьцю суправаджаў мяне Гары Пятровіч у судах, і складаў скаргі, звароты, уся юрыдычная праца была на ім. Сама ж я для сябе вылучыла, што калі бацькі нязгодныя з дзеяньнямі органаў апекі, то першай справай яны павінныя даведацца, на якой падставе дзейнічаюць дадзеныя органы. У залежнасьці ад стадыі рэалізацыі дэкрэту і ад той сытуацыі, гэта могуць быць рашэньні з установы адукацыі, якую наведваюць іх дзеці, то бок пастаноўка пад назіраньне, да рашэньняў выканкаму па пастаноўцы ў сацыяльна небясьпечны стан ці адабраньне.

У выпадках, калі дзеяньні органаў апекі абгрунтаваныя рашэньнем, то неабходна гэтае рашэньне атрымаць на рукі, вывучыць, у выпадку нязгоды абскардзіць у судзе. Такі плян дзеяньняў, такі альгарытм, і без яго ніяк нельга разабрацца, на якой падставе дзіця адабранае альбо сям’я пастаўленая ў сацыяльна небясьпечнае становішча. Што тычыцца самога дэкрэту нумар 18. Чыноўнікі пастаянна цьвярдзяць, што дэкрэт выключна аказвае дапамогу сем’ям, а на справе мы бачым, што гэтыя заявы фармальныя. І тыя дзеяньні, якія яны называюць дапамогай, такой не зьяўляюцца, бо па сутнасьці яны неэфэктыўныя.

Чыноўнікі пастаянна цьвярдзяць, што дэкрэт выключна аказвае дапамогу сем’ям, а на справе мы бачым, што гэтыя заявы фармальныя.

З чаго вынікае, што дзеяньні службовых асобаў, якія рэалізуюць гэты дэкрэт, аказваюцца неадпаведнымі. І яны ня могуць аказаць неабходную дапамогу і стварыць бясьпечныя ўмовы для пражываньня малалетніх у сем’ях. І ў той сытуацыі, у якой апынулася наша сям’я, гэта якраз той паказальны выпадак, калі дэкрэт мог дапамагчы вельмі хутка вярнуць дзіця, але ён не быў прыменены. То бок у нейкіх выпадках яны дэкрэт прымяняюць, у нейкіх яны не хочуць прымяняць, таму што спрацоўваюць суб’ектыўныя меркаваньні. Вельмі слушна сказала Наташа, што ў дэкрэце адсутнічае канкрэтыка па крытэрам адабраньня, выкладзеная ў заканадаўстве. Увесь дэкрэт вельмі расплыўчаты, і кожны выкарыстоўвае для прыняцьця рашэньня сваё суб’ектыўнае меркаваньне.

«Эканамічная прычына адабраньня дзяцей — асноўная прычына, але раней такія выпадкі ня мелі розгаласу»

Ганна Соўсь: Вольга Карач, вы самі ледзь ня сталі ахвярай дэкрэту нумар 18, калі адразу пасьля нараджэньня сына віцебскія ўлады пачалі правяраць умовы яго ўтрыманьня ў сямʼі. Як вы тады заяўлялі, гэтыя праверкі былі зьвязаныя з вашай актыўнай грамадзкай дзейнасьцю. «Наш дом» дапамагае семʼям, якія трапляюць у падобныя сытуацыі. Калі раней у СМІ траплялі палітычна матываваныя выпадкі, калі праз пагрозу забраць дзіця ўлады спрабавалі ціснуць на палітыкаў, актывістаў, журналістаў незалежных СМІ, то цяпер розгалас набываюць выпадкі, калі дзяцей забіраць проста за беднасьць, за неналежныя ўмовы жыцьця. Ці гэта новая зьява, зьвязаная з пагаршэньнем сацыяльна-эканамічных умоваў у Беларусі, ці проста раней такія выпадкі ня мелі розгаласу?

Вольга Карач з сынам. Архіўнае фота.
Вольга Карач з сынам. Архіўнае фота.

Вольга Карач: Насамрэч такіх выпадкаў было шмат, і на мой погляд, эканамічная прычына адабраньня дзяцей зь сем’яў — гэта асноўная прычына, з майго вопыту. Але чаму раней такія выпадкі ня мелі розгаласу? Гэта вельмі зразумела. Калі да маці пачынаюць прыходзіць усе гэтыя камісія, міліцыянты, прадстаўнікі выканкамаў, яна адчувае такі ўнутраны ціск, у яе ёсьць унутраны сорам, і ёсьць адчуваньне, а раптам я сапраўды дрэнная маці. І калі мы кажам пра палітычных актывістак ці журналістак, то ў гэтых выпадках чалавек абсалютна ўпэўнены, што ў яго ўсё добра дома. А вось калі жанчына бедная, то ў яе ёсьць такое ўнутранае пачуцьце, што яна ня можа забясьпечыць пэўныя эканамічныя ўмовы для свайго дзіцяці.

Цягам тыдня да майго сына прыходзілі дзевяць праверак — Карач

Вельмі часта было, і зараз ёсьць, калі жанчыны, у якіх з прычыны беднасьці забіраюць дзіця, проста саромеюцца ісьці да незалежных мэдыяў. І такіх выпадкаў шмат. І яны жахлівыя, у тым ліку сытуацыя, як у Лоеве здарылася. Я б хацела прывесьці прыклад Крысьціны Багрэц, гэта бабуля, якая трапіла ў шпіталь, і яе ўнука проста скралі са школы, таму што бабуля, якую «хуткая» увозіла, не пасьпела патэлефанаваць ноччу ў выканкам і папярэдзіць, што ўнук, якому 15 гадоў (а гэта не маленькі дзіцёнак, ёсьць родныя цёці, іншыя нейкія сваякі), застаўся адзін на некалькі дзён без бабулі. Гэта ж абсурд проста!

І асабліва часта забіраюць за камунальныя плацяжы, за тое, што чалавек, маці, якая жыве адна і выхоўвае адна дзіцёнка, ня можа нейкім чынам аплаціць камуналку, ёсьць запазычанасьць, і гэта сустракаецца вельмі часта. Ёсьць вялікая праблема ў тым, што няма дакладных прычынаў, па якіх могуць забраць дзіця зь сям’і. Я б хацела нагадаць 6-ы пункт Праграмы выхаваньня і абароны правоў дзяцей (гэтая праграма ад 2011-га году), там ідзе пералік розных прычынаў. Напрыклад, ёсьць нават такія, як часты зварот па дапамогу ў выканкам. І для мяне гэта такая дзіўная рэч. Вось калі жанчына трапіла ў нейкую крызысную сытуацыю, у бяду, куды яна павінна ісьці, калі яна адна? Яна павінна ісьці да грамады? Яна павінна ісьці да мэдыяў? Ці яна павінна ўсё ж ісьці да дзяржавы і казаць, у мяне крызысная сытуацыя, калі ласка, дапамажыце. І звычайна людзі так і робяць. Яны прыходзяць у гарвыканкам, просяць дапамогі, а ў выніку ў іх забіраюць дзяцей. І гэта штосьці такое вельмі-вельмі нездаровае ў нашай дзяржаве, калі яны так робяць.

Коцкая: «У нас не было такіх выпадкаў, каб дзіця забралі без падставы. Забіраюць дзяцей, якіх сапраўды трэба вымаць зь сем’яў»

Ганна Соўсь: Спадарыня Галіна, вы ня маеце дачыненьня да прыняцьця рашэньняў аб адабраньні дзяцей, але вы непасрэдна дапамагаеце дзецям адчуць сябе больш-менш камфортна ў складанай сытуацыі. Якая колькасьць з вашых выхаванцаў зь вельмі бедных сем’яў, зь вельмі праблемных семʼяў? Ці гэта пераважная большасьць дзяцей?

Галіна Коцкая: Я б не сказала, што яны такія бедныя. Бывае, што гэта шматдзетныя сем’і, пяць дзяцей і ад розных татаў — у нас вельмі многа такіх. Тады ўжо можна зразумець, што яны ў сацыяльна небясьпечным становішчы знаходзяцца. Яны прыходзяць да нас у нармальным адзеньні, нармальныя дзеткі. Але калі зь імі пачынаеш праводзіць розныя карэкцыйныя мерапрыемствы, іх апытваеш, тады ўжо выяўляецца: у іх вельмі многа ўнутранай нэрвовасьці. У нас дзеці ў прытулку пачынаюць сябе адчуваць у многім людзьмі. Яны пачынаюць удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, яны наведваюць школы.

Канешне, першы час бегункі, якія часта з дому ўцякалі, і ў нас стараюцца ўцякаць, таму ў нас вельмі вялікая праводзіцца праца сацыёлягаў, вялікая праца псыхолягаў. Дзіцячы сацыяльны цэнтар з намі разам знаходзіцца, у нас вельмі многа спэцыялістаў. Дзеці ў нас шмат атрымліваюць цяпла, дабрыні. І мамы, я лічу, многія, ад якіх дзеці да нас трапляюць... многія бацькі ў нас выпраўляюцца. Можа быць іх, бывае, позна забіраюць, раней, можа быць, трэба біць трывогу. Але гвалтоўна, як я вось чула тут, у нас дзяцей ні ў каго не забіраюць. У нас у прытулку, я працую ўжо 15 гадоў, не было такога, каб вось проста з пустога месца забралі дзяцей.

Ганна Соўсь: Сапраўды, крытычна выказваліся ўдзельніцы праграмы пра 18-ты дэкрэт. А ці лічыце вы яго патрэбным? Ці трэба нейкія карэктыроўкі ў яго ўнесьці?

Паверце, у нас не было такіх выпадкаў, каб дзіця забралі проста вось так без падставы.

Галіна Коцкая: Я не псыхоляг і не сацыёляг, таму не магу сказаць, якія карэктыроўкі патрэбныя ў дэкрэце. Вось у адным выпадку я падтрымліваю наш гэты дэкрэт. Калі ў нас адкрыўся інтэрнат у 2002-м годзе, была група інтэрнатаўская пры дзіцячым садку, і бацькі нічога не плацілі. Яны прыходзілі як у піянэрскі лягер, проста маглі наведваць, маглі не наведваць дзяцей. Многія папрадавалі кватэры, дзеці засталіся без жыльля.

Калі гэты дэкрэт набыў моц, яны ўжо ня мелі права прадаваць кватэры, яны сталі ўладкоўвацца на працу, бо яны павінныя аплачваць утрыманьне дзяцей. Можа быць іх крыху заганяюць у яму тым, што яны плацяць многа і атрымліваюць мала — ну гэта ўжо... Некаторым прабачаюць даўгі, скасоўваюць. Калі бачаць, што шматдзетныя сем’і. Паверце, у нас не было такіх выпадкаў, каб дзіця забралі проста вось так без падставы. У нас забіраюць дзяцей, якіх ужо сапраўды трэба вымаць з сем’яў. Маленькія, канешне, вельмі сумуюць па мамах, але гэта маленькія. І ўсе дзеці сумуюць па бацьках сваіх, усе хочуць да мамаў. Але многія ў нас раскрываюцца. Мы ў школу іх суправаджаем, гаворым з настаўнікамі, і тыя кажуць, што дзіця раскрываецца. Адзінае, што кепска яшчэ, калі яны паступаюць да нас, іх пераводзяць у іншую школу — гэта іншы калектыў, значыць ужо ў дзяцей нэрвовае напружаньне. А так яны прывыкаюць.

Янушкевіч: «Павінен быць прыняты іншы закон, і не дэкрэтам называцца, мы не ў ваенны час жывем»

Ганна Соўсь: Натальля, вы называеце гэты дэкрэт недасканалым. Якія зьмены патрэбныя, ці ўсё ж гэтыя захады неабходныя, як сьведчыць спадарыня Галіна. Якія вашы прапановы?

Натальля Янушкевіч: Выхавацель сацыяльнага прытулку таксама бачыць толькі канчатковы вынік. Магчыма, у кантынгенце прытулку большасьць дзяцей сапраўды знаходзілася ў складаным становішчы, і сацыяльным, і можа нават фізычным. Але яна ня можа меркаваць, наколькі былі апраўданыя дзеяньні па адабраньні, таму што сам працэс і сям’ю яна ўжо бачыць постфактум.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Наколькі я ведаю, прыёмныя бацькі знаходзяцца прыкладна ў той жа пазыцыі, яны атрымліваюць дзіця толькі пасьля таго, як усё адбылося, і часта з нэгатыўным настроем да яго бацькоў. На жаль, ёсьць такое, што ўжо ў самім дэкрэце нават прасьлізгвае, людзі, зь якімі такое адбылося, у якіх адабралі дзяцей, адразу ж робяцца абавязанымі асобамі, яны адразу ўшчамляюцца ў многіх правах.

І я б не пагадзілася, што гэта вельмі добра, што гэты дэкрэт прадугледжвае выманьне сродкаў на ўтрыманьне дзяцей і г. д. Насамрэч і раней бацькі абавязаныя былі ўтрымліваць сваіх дзяцей, проста гэта рэгулявалася крыху інакш у больш цывілізаваным варыянце. Па маім меркаваньні, той дэкрэт, як я і лічыла ў 2006-м годзе, і не адна я так лічыла і лічу, насамрэч не павінен існаваць у тым выглядзе, у якім ён зараз ёсьць. Павінен быць прыняты іншы закон, і не дэкрэтам называцца, мы не ў ваенны час жывем. Урэшце мы не адзіная краіна, у якой ёсьць гэтая праблема, і трэба арыентавацца на досьвед іншых краін, якія дамагліся рэальнага посьпеху, у тым ліку ня толькі ў працы зь сем’ямі і іх рэсацыялізацыі, але і з уладкаваньнем дзяцей у далейшым.

Празь беднасьць у бацькоў забралі 3-месячнага сына
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:21 0:00

На жаль, колькі б не гаварылася, што сям’я на першым месцы, у нас гэта ўсё больш на паперах, нават вось гэтыя сытуацыі прымяненьня дэкрэту — дзесьці ён прымяняецца сапраўды праз край, дзесьці ён прымяняецца ў якасьці рэпрэсіўнай меры, у тым ліку ў адносінах да актыўных людзей, ня толькі палітычна, але і сацыяльна. Вось, напрыклад, у мінулым годзе сям’я Міронавых — яскравы прыклад прымяненьня 18-га дэкрэту як рэпрэсіі, калі іх дзіця забралі менавіта — адкрытым тэкстам гэта было бачна — з прычыны актыўнасьці бацькоў, якія адстойвалі проста сацыяльныя правы дзіцяці і іншых дзяцей.

Садоўская: Трэба, каб на адабраньне дзяцей быў накладзены мараторый, і сам дэкрэту быў накіраваны на аказаньне дапамогі сем’ям

Алеся Садоўская: Хачу адзначыць, што па пісьмовай заяве бацькоў ці апекуна, органа апекі, дзеці могуць знаходзіцца да 6 месяцаў без афармленьня апекі з бацькамі і блізкімі. Гэта вельмі важны момант, таму што ў сувязі з гэтым пры захаваньні гэтага права можна пазьбегнуць большасьці адабраньняў. Калі на адабраньне дзяцей у дэкрэце нумар 18 будзе накладзены мараторый, і сам дэкрэт будзе накіраваны на аказаньне дапамогі сем’ям, то менавіта ў такім выглядзе дэкрэт павінен існаваць.

Суд адабраў дзіця ў жанчыны, якая ўдарыла міліцыянта жаночай торбачкай

Трэба, у першую чаргу, усталяваць адказнасьць чыноўнікаў, канкрэтызаваць адхіленьні ад нормаў, устаноўленых дэкрэтам, таксама ўстанавіць магчымасьць уступленьня ў законную сілу і абскарджаньня рашэньняў выканкаму па адабраньні і пастаноўцы на сацыяльна небясьпечнае становішча. Неабходна таксама падзяліць, калі дзеці трапляюць выпадкова ў сацыяльна небясьпечны стан, то бок застаюцца без нагляду бацькоў, а таксама ў сувязі з неналежным выкананьнем сваіх абавязкаў бацькамі, і ў розных выпадках распрацаваць розныя альгарытмы дзеяньняў.

Вольга Карач: Я лічу, што гэты дэкрэт павінен быць вельмі грунтоўна перапрацаваны. І самае галоўнае, што там павінна зьмяніцца, гэта тое, што адабраньне дзяцей з сем’яў не павінна быць прафіляктыкай. Гэта павінна быць вельмі крайняй мерай. Я слухала спадарыню Галіну, і мне проста вуха рэжа, што людзі кажуць. Дзеці зьбягаюць у сем’яў — гэта можа быць абсалютна нармальная сям’я, але тое, што дзіцёнак зьбег адзін раз, гэта ўжо можа быць прычынай, што яго забяруць з сям’і. і ніякіх псыхолягаў, ніякай дапамогі гэтая сям’я не атрымлівае. Гэта абсалютна ўсё няправільна акрамя, канешне, сытуацый сэксуальнага і фізычнага гвалту — гэта ўжо, на мой погляд, крымінальныя справы.

Калі ёсьць нейкія праблемы ў сям’і, дзяржава павінна дапамагаць. Яна не павінна караць, не павінна гэтую сям’ю забіваць. Па-другое, няма ніякай адказнасьці чыноўнікаў за тое, што яны неабгрунтавана забралі дзіця зь сям’і. І гэта вялікая праблема. Калі стаіць выбар, ці працаваць з сям’ёй, у якой ёсьць нейкія праблемы, напрыклад, яна ня плаціць камуналку, ці забраць дзіця, то чыноўнік ведае, што трэба забраць, бо калі не забярэ, да яго будуць пытаньні, а калі забярэ, то ніякай адказнасьці няма. Няхай у гэтым іншыя людзі разьбіраюцца, хай там бацькі ваююць.

Чаму дзеці і вернікі сталі праблемай для Міністэрства адукацыі

І я б хацела таксама нагадаць вельмі жахлівыя выпадкі, і ў тым ліку справу Моцнай, і справу з Ганцавіч, і справу з Гарадку, калі гэтыя бязглуздыя дзеяньні чыноўнікаў даводзяць людзей, асабліва дзетак, да самагубства ці спробы самагубства. У справе Моцнай уся гэтая сытуацыя і ўсе гэтыя абсалютна дурныя дзеяньні вакол гэтай сям’і прывялі да таго, што муж скончыў жыцьцё самагубствам, а пасьля і прыёмны сын, які зусім застаўся адзін, і ў 17 год малады хлопец павесіўся. І такая ж сытуацыя была ў Ганцавічах. Дзякуй Богу, што там спроба суіцыду не была пасьпяховая.

Таксама была сытуацыя ў Гарадку, калі ў маці забралі 7-гадовую дачку зь вельмі няяснай фармулёўкай «за амаральныя справы». Што гэта такое, як гэта могуць у вёсцы чыноўнікі трактаваць — зусім невядома. Але гэтай дзяўчынцы астатнія дзеткі ў дзіцячым доме нарабілі шрамаў на твары, яе проста скалечылі. І што зрабілі чыноўнікі? Яны сталі разьбірацца, што адбылося? Не, яны скасавалі гэтую справу, што гэтую дзяўчынку забралі за амаральнасьць, вярнулі яе, і ніхто не панёс ніякай адказнасьці за тое, што дзяўчынка ў сем гадоў ужо мае вялікія праблемы. Што такое для дзяўчынкі зруйнаваны твар?

Беларусы скінуліся на дапамогу сям’і з Лоева, у якой забралі 3-месячнага першынца

Гэта выводзіць з нармальнага стану, бо калі чыноўнікі забіраюць дзетак, яны гэта робяць максымальна дрэнным спосабам, на маю думку. Лепш дапамагаць сям’і ў крызыснай сытуацыі, спрабаваць яе выцягнуць, скарыстоўваць нейкія праграмы, псыхалягічную дапамогу ці яшчэ штосьці, чым забіраць дзіцёнка і ўсе гэтыя страшныя, проста страшныя гісторыі...

У Гомелі: пачалі камісіі хадзіць, ціснуць, і жанчына ўтапіла дваіх дзетак. Прычына, па якой пачалі хадзіць — ім падалося, што кватэра была зусім брудная. Дык можа ня трэба было так ціснуць на гэтую жанчыну, якая сама выйшла з дзіцячага дому, можа трэба было б нармальна па-чалавечы дапамагчы, і не было б такой трагедыі? І зноў ніхто не панёс адказнасьць...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG