Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лоеве ўлады забралі ў бацькоў 3-месячнага першынца — за беднасьць


Празь беднасьць у бацькоў забралі 3-месячнага сына
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:21 0:00

З-за беднасьці ў бацькоў забралі 3-месячнага сына

Жыхарка Лоева Алеся Фаміных нарадзіла першынца ў 34 гады. Цяжарнасьць і роды былі складаныя. Максім нарадзіўся з парокам сэрца. У бацькоўскім доме ён ня быў ніводнага разу. Спачатку — бясконцыя бальніцы. Цяпер 3-месячнае дзіця забрала дзяржава. Прычына — беднасьць бацькоў.

«Зазіралі ва ўсе шафы, фатаграфавалі сабачую будку»

Алеся пражыла з грамадзянскім мужам Андрэем 16 гадоў.

«Доўга не было дзяцей, гэта нас засмучала. І вось у 34 гады — цяжарнасьць. Так чакалі гэтае дзіця! Зараз у нас яго забралі. Ён і ў хаце тут ня быў», — плача жанчына.

Алеся Фаміных
Алеся Фаміных

Яна кажа, што яшчэ да нараджэньня Максіма ў іх дом пачалі хадзіць камісіі. Чыноўнікі зь мясцовага выканкаму, супрацоўнікі МНС, міліцыі, сацыяльнай службы, якім «не падабалася літаральна ўсё».

«Зазіралі ў шафы, усё фатаграфавалі, нават сабачую будку», — кажа маладая маці. Кожны раз давалі новыя даручэньні — адрамантаваць печку, комін, ганак, паклеіць шпалеры, замяніць газавую пліту. Сродкаў на гэта ў маладой сям’і не было. Да цяжарнасьці Алеся працавала прыбіральшчыцай, атрымлівала 200 рублёў. Андрэй не працаваў, стаяў на ўліку ў цэнтры занятасьці.

Цяпер у хаце сьціплы парадак. Стаіць дзіцячая калыска, вазок, падрыхтаваныя бялізна, адзеньне, бутэлечкі, лекі, цацкі для Максіма. Але чыноўнікі малога не аддаюць.

Новыя патрабаваньні — замяніць газавую пліту і правесьці ваду. Пліту набылі. На тое, каб правесьці ваду, а гэта 600 рублёў, у сям’і грошай няма. На новай працы, куды Андрэй уладкаваўся рабочым, ён мае каля 200 рублёў. З гэтых грошай зараз павінен аддаваць 70% на ўтрыманьне сына.

«Абяцалі аддаць Максіма — не аддалі. А мы ўсе іх патрабаваньні выканалі»

Яшчэ адна прэтэнзія ўладаў — Андрэй раней злоўжываў алькаголем і трапляўся міліцыі на вочы.

«Але пасьля нараджэньня сына ён палячыўся ад алькагалізму, ёсьць усе даведкі, уладкаваўся на працу! Чыноўнікі абяцалі: зробіце ў хаце парадак, будзе Андрэй працаваць — аддамо дзіця. Не аддалі. Мы ж усе іх патрабаваньні выканалі!» — плача Алеся.

Пустая калыска
Пустая калыска

З хворым ад нараджэньня сынам яна правяла больш за два месяцы ў бальніцы. Потым у жанчыны ў самой пачаліся праблемы са здароўем — выразалі апэндыцыт. Цяпер маладой маці дазваляюць бачыць малога толькі паўгадзіны ў дзень.

Максім па рашэньні Лоеўскага райвыканкаму зрабіўся «непаўналетнім, які мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне», сям’я — «сацыяльна-праблемнай», бацькі — «абавязанымі асобамі».

Максім Коўзік
Максім Коўзік

«Як жыць... Да нас ужо прыходзіў судовы выканаўца — мы павінны аддаваць грошы на ўтрыманьне сына. У нас цяпер наагул няма сродкаў для існаваньня. Мне сказалі — неадкладна ідзі працуй, твайго сына няма чым карміць. Пайшла ў раённае спажывецкае таварыства, дзе я раней працавала, здаць бальнічны — мне не аплацілі яго, сказалі, усе грошы пойдуць на дзіця», — гаруе жанчына.

«Калі мы бедныя — то ня маем права нараджаць дзяцей?»

Максіма адабралі паводле рашэньня Лоеўскага райвыканкаму ад 10 ліпеня, па хадайніцтве сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру.

У рашэньні выканкаму гаворыцца: «Бацькі сваімі паводзінамі пазбаўляюць дзіця мінімальных сацыяльных дабротаў, неабходных для паўнавартаснага разьвіцьця».

Рашэньне Лоеўскага райвыканкаму
Рашэньне Лоеўскага райвыканкаму

У рашэньні, апроч прэтэнзій наконт «антысанітарыі», мінімальнага запасу дзіцячага адзеньня, небясьпечных комінаў і печкі пішацца пра «запушчаны агарод».

«Як я магла дагледзець агарод, калі тры месяцы была з малым у бальніцах — то ў Гомлі, то ў Лоеве?» — кажа Алеся.

Дом, у якім жыве сям'я
Дом, у якім жыве сям'я

«У сям’і адсутнічае які-кольвек прыбытак», — пішуць чыноўнікі.

«А дзе ў Лоеве праца, каб атрымаць больш за 200 рублёў? Выходзіць, што калі мы бедныя, то ня можам нараджаць дзяцей, бо ў нас іх забярэ дзяржава і мы будзем павінны ёй плаціць...» — кажа Алеся.

Бабуля Максіма
Бабуля Максіма

У рашэньні райвыканкаму напісана: «Ніякіх мер для стварэньня нармальных умоваў не прынялі». А як жа рамонт, пліта, ганак, назапашаныя на зіму дровы, спробы правесьці ваду?

Рашэньне аб «адабраньні непаўналетняга Максіма Коўзіка» падпісала намесьнік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Людміла Жураўская.

Яна катэгарычна адмовілася камэнтаваць дадзеную сытуацыю — як пры непасрэднай сустрэчы, так і пры спробе тэлефоннай размовы. Кідала слухаўку.

«У нас уся краіна — у сацыяльна-праблемным становішчы!»

Алеся зьвярнулася па дапамогу да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Ён мяркуе, што рашэньне выканкаму варта абскардзіць у вышэйстаячых інстанцыях і ў судзе.

Праваабаронца Леанід Судаленка
Праваабаронца Леанід Судаленка

«Забіраць у сям’і дзіця трэба, калі гэта выключны выпадак і няма іншага выйсьця. Тут маці не ўжывае алькаголь, ня курыць, у хаце навяла парадак, бацька палячыўся ад алькагалізму, уладкаваўся на працу. Людзі стараюцца. Але калі Алеся атрымлівала 200 рублёў у месяц, то гэта праблема дзяржавы, а не жанчыны. Тое, што няма вады — дык у вёсках многія людзі ваду носяць са студні. Тады ва ўсіх вяскоўцаў адабраць трэба дзяцей?», — кажа праваабаронца.

Ён лічыць, што чыноўнікі ў дадзеным выпадку злоўжываюць сваімі абавязкамі, не ўлічылі ўсіх акалічнасьцяў.

«Калі людзі бедныя — і ў іх забіраюць на гэтай падставе дзяцей? Ды ў нас уся краіна ў сацыяльна-праблемным становішчы!» — кажа Леанід Судаленка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG