Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы скінуліся на дапамогу сям’і з Лоева, у якой забралі 3-месячнага першынца


Алеся Фаміных з маці

Жыхарка Лоева Алеся Фаміных чакае вяртаньня свайго 3-месячнага сына, якога забрала ў прытулак дзяржава — празь беднасьць бацькоў. Пасьля артыкула на Свабодзе неабыякавыя арганізацыі і беларусы дапамаглі бацькам.

Хто і як дапамог?

Юрыдычна. Праваабаронца Леанід Судаленка дапамог Алесі Фаміных скласьці скаргу на імя старшыні Лоеўскага райвыканкаму Веранікі Байковай — на дзеяньні камісіі па справах непаўналетніх.

«Справа ідзе аб неканстытуцыйным адабраньні дзіцяці зь сям’і. Такое адабраньне магчымае толькі па судовай санкцыі. Тут суд не дазваляў забіраць 3-месячнага хлопчыка, а чыноўнікі скарысталіся Дэкрэтам № 18. Ён супярэчыць Канстытуцыі», — кажа праваабаронца.

У скарзе маладая маці просіць райвыканкам адмяніць рашэньне і вярнуць Максіма, а таксама зьняць з бацькоў статус «абавязаных асобаў».

Леанід Судаленка нагадаў, што міжнароднае права забараняе ўсе віды дыскрымінацыі, у тым ліку па маёмаснай прыкмеце. Менавіта празь беднасьць чыноўнікі адабралі дзіця.

Маладую сям’ю ўжо наведалі судовыя выканаўцы, якія абавязалі Алесю і Андрэя выплаціць сумарна дзяржаве 280 рублёў за ўтрыманьне іх сына ў Доме дзіцяці.

Дом, у якім жыве сям'я Фаміных
Дом, у якім жыве сям'я Фаміных

Маральна. «Мне тэлефанавалі шмат людзей, выказвалі падтрымку, абураліся дзеяньнямі чыноўнікаў, абяцалі дапамагчы грашамі і рэчамі», — зазначыла Алеся.

Матэрыяльна. Многія людзі адгукнуліся на патрэбы маладой сям’і і пералічылі грошы на рахунак Алесі. Мясцовая ўлада запатрабавала, каб сям’я палепшыла жыльлёвыя ўмовы, зьмяніла газавую пліту, правяла водаправод. Алеся і яе грамадзянскі муж Андрэй зрабілі сьціплы рамонт, адрамантавалі печку і комін, набылі калыску, вазок, дзіцячыя рэчы, новую пліту. На водаправод не хапіла грошай, таму што дзяржава абавязала бацькоў аддаваць грошы на ўтрыманьне Максіма ў Доме дзіцяці.

На правядзеньне водаправоду 21 жніўня сродкі пералічыла Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасьць».

Rotary Club Minsk Сity цяпер займаецца зборам гуманітарнай дапамогі для сям’і — прадуктаў, цёплых рэчаў дзіцяці і маці, абутку, гігіенічных сродкаў.

«Да верасьня мы прывязём дапамогу сям’і. Таксама мы будзем непасрэдна размаўляць з органамі апекі на тэму, як можна сыстэмна падысьці да вырашэньня пытаньня „стварыць усе неабходныя ўмовы для знаходжаньня кожнага дзіцяці з маці“», — сказала старшыня Rotary Club Minsk Сity Алена Бандарэнка.

Празь беднасьць у бацькоў забралі 3-месячнага сына
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:21 0:00

Мясцовыя чыноўнікі наведалі сям’ю з чарговай камісіяй

21 жніўня дом Алесі і Андрэя зноў наведала камісія з выканкаму. Паводле Алесі, чыноўнікі абяцалі, што як толькі да дому будзе падведзена вада — Максіма аддадуць. Мясцовыя камунальныя службы абяцаюць, што заўтра, 22 жніўня, пачнуць працы па правядзеньні водаправоду.

На пытаньне Свабоды, ці аддадуць Алесі Фаміных дзіця, калі ў дом правядуць вадапраправод, намесьніца старшыні камісіі па справах непаўнагадовых Лоеўскага райвыканкаму Людміла Жураўская адказала, што ніякіх камэнтароў даваць ня будзе.

«Гэта тычыцца прыватнага жыцьця канкрэтнай сям’і, таму я нічога казаць ня буду. Усе мы на працоўных месцах», — заўважыла чыноўніца.

Да цяжарнасьці Алеся працавала прыбіральшчыцай, атрымлівала 200 рублёў. Яе грамадзянскі муж Андрэй не працаваў, стаяў на ўліку ў цэнтры занятасьці. На новай працы, куды малады чалавек уладкаваўся рабочым, ён мае заробак каля 200 рублёў. З гэтых грошай павінен цяпер аддаваць 70% на ўтрыманьне сына.

Чыноўнікі наракалі на «запушчаны агарод». У Алесі была складаная цяжарнасьць, яна шмат разоў ляжала ў бальніцы. Пасьля ў нованароджанага выявілі парок сэрца — таму маці з сынам больш за два месяцы правялі ў бальніцы. Потым Максіма забралі ў Дом дзіцяці. Цяпер маладой маці дазваляюць бачыць малога толькі паўгадзіны ў дзень.

Максім па рашэньні Лоеўскага райвыканкаму зрабіўся «непаўналетнім, які мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне», сям’я — «сацыяльна-праблемнай», бацькі — «абавязанымі асобамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG