Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўская гульня Ўладзімера Макея


Міністры замежных спраў Расеі і Беларусі Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей
Міністры замежных спраў Расеі і Беларусі Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей

«Першапачатковыя прапановы, калі гаварыць па шчырасьці, прадугледжвалі ўключэньне нейкіх палажэньняў, якія былі абсалютна непрымальныя, у прыватнасьці, для беларускага боку», — заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію РБК наконт беларуска-расейскіх перамоў аб паглыбленьні інтэграцыі.

Гэта, мабыць, тое нямногае новае, што было ў інтэрвію. Усё астатняе — акцэнты, націскі на ўжо сказаным раней. Аднак і яны маюць значэньне, асабліва з улікам адрасата інтэрвію.

Гэты адрасат — расейская палітычная эліта. Адсюль і выбар выданьня, якому давалася інтэрвію — саліднае, памяркоўнае агенцтва, без шырокай усерасейскай папулярнасьці, але аўтарытэтнае для расейскага істэблішмэнту.

Што сказаў Макей у сваім інтэрвію?

  1. Беларусі расейская вайсковая база не патрэбная цяпер і была не патрэбная раней, дый Расеі яна без патрэбы.
  2. Збліжэньне Беларусі з Захадам (вяртаньне амбасадара ЗША, дамова аб спрашчэньні візавага рэжыму з ЭЗ) — ня "ўцёкі" Беларусі на Захад, а нармалізацыя адносінаў да таго ўзроўню, які Расея даўно мае.
  3. Былы амбасадар Міхаіл Бабіч быў салдафонам і шкодзіў двухбаковым адносінам.
  4. Беларусь у паглыбленай інтэграцыі не адмовіцца ад свайго сувэрэнітэту і не дапусьціць стварэньня ў саюзе наддзяржаўных органаў кіраваньня.
  5. Беларусь разьлічвае атрымаць дадатковую расейскую эканамічную дапамогу (кампэнсацыю за падатковы манэўр, прымальную цану на газ) да, а не пасьля падпісаньня праграмы далейшай інтэграцыі.

Ня ўсе названыя вышэй тэзісы міністар сфармуляваў у такой недыпляматычнай форме, аднак сэнс — менавіта такі.
Навошта было гэта паведамляць расійскаму істэблішмэнту? Рэч у тым, што, мяркуючы па ўсім, паміж крамлёўскімі «вежамі» няма згоды наконт беларускага праекту. Расея — не дэмакратыя, але і Пуцін — гэта псэўданім клубка розных, супярэчлівых інтарэсаў.

Тое, што афіцыйны Менск супраціўляецца самым радыкальным з гэтых інтарэсаў — гэта, безумоўна, важны фактар, фон расейскага ўнутрыэлітнага канфлікту. Але першасны гэты канфлікт сам па сабе.

Пра тое, што сытуацыя менавіта такая, сьведчыць і прызнаньне міністра наконт першапачатковых прапаноў па інтэграцыі, якія паходзілі ад Масквы. Зрэшты, і наконт гэтай заявы можна было здагадвацца.

Калі ў мінулым годзе прэм’ер Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прапанаваў паглыбіць інтэграцыю, рэалізаваць палажэньні дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, літаральна на наступны дзень Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня мае намеру рабіцца часткай іншай дзяржавы. А з чаго раптам першая рэакцыя была менавіта такой? Мядзьведзеў жа, здаецца, нічога такога наўпрост не прапаноўваў? Наўпрост, можа, і не прапаноўваў, а не наўпрост — хто ведае? Ці не Мядзьведзеў.

Ну, а з другога боку, чаму Беларусь не прымусілі прыняць гэтыя прапановы? З прычыны пазыцыі як Лукашэнкі, гэтак і беларускага грамадзтва? Так, безумоўна. Але і таму, што, з аднаго боку, ёсьць дастаткова кансалідаваная пазыцыя Беларусі, а з другога — разнабой унутры расейскай уладнай эліты.

Гэта ня значыць, што нехта там — адэпт беларускай незалежнасьці. Проста розныя людзі там па-рознаму лічаць рызыкі і маюць розныя інтарэсы. Вячаслава Суркова і Міхаіла Бабіча падзяляе ня стаўленьне да Беларусі, Беларусь проста аказваецца адным зь сюжэтаў іх унутрырасейскай барацьбы за ўладу.

Ну, а што ж беларуская публіка? Калі ёй дэталёва паведамяць, якія інтэграцыйныя сюрпрызы ёй падрыхтаваныя? Хутчэй за ўсё, няхутка. У рамках лёгікі беларускай улады сярод беларусаў асаблівай разнадумнасьці якраз няма, а ў манэўрах паміж крамлёўскімі «вежамі» абнародаваньне праграмы інтэграцыі можа быць шкодным.

Бабіч вось у бытнасьць амбасадарам рэзаў праўду-матку (як ён яе разумеў), і вунь як усё нядобра абярнулася. Гэтак жа беларуская ўлада думае і наконт публікацыі праграмы: маўчаньне — золата.

Дарэчы, павучальна параўнаць цяперашнія інтэграцыйныя рухі з ранейшымі, з нагоды той самай саюзнай дзяржавы 20 гадоў таму. Тады якраз Лукашэнка імпэтна дамагаўся, каб саюз меў паўнамоцныя наддзяржаўныя інстытуты. Тады менавіта беларускі бок настойваў на апублікаваньні тэксту дамовы, было нават арганізавана нейкае публічнае яго абмеркаваньне. Тады Лукашэнка думаў пра тое, як запанаваць у Крамлі.

Цяпер яго думкі нашмат сьціплейшыя — ня страціць бы тое, што ёсьць. Таму паводзіны дакладна супрацьлеглыя тым, якія былі 20 гадоў таму.
Але ёсьць і пэўнае падабенства. І тады «абясшкоджваньне» дамовы адбылося ў выніку крамлёўскай «гульні тронаў».

Менавіта гэтай мэце цяпер і служыць інтэрвію Ўладзімера Макея РБК.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG