Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дэпутаты БНФ Жырыноўскага зь лесьвіцы спусьцілі


Уладзімір Жырыноўскі
Уладзімір Жырыноўскі

У сваім телеграм-канале дэпутат расейскай Дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі напісаў, што «даўно пара ўзьяднаць Расею і Беларусь як адну адзіную дзяржаву». Нагадаем пра тое, як у сьнежні 1991 Уладзімер Жырыноўскі быў скінуты зь лесьвіцы дэпутатамі БНФ. Пра гэта – фрагмэнт з кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы»., якая выйшла ў Бібліятэцы Свабоды (2-е выданьне -- 2016).

У сярэдзіне сьнежня 1991 году ў СМІ прайшла інфармацыя, што Жырыноўскі едзе ў Беларусь. На абшарах былога СССР Жырыноўскі ў той час быў ужо добра вядомай адыёзнай фігурай. У чэрвені 91-га ён балятаваўся на пасаду прэзыдэнта Расеі, у жніўні адкрыта падтрымаў ГКЧП. У палітыцы ён паводзіў сябе як блазан, пры гэтым выказваў імпэрскія, шавіністычныя ідэі.

Пазьней палітолягі заўважаць, што Жырыноўскі выказваў тое, што не маглі сказаць услых крамлёўскія кіраўнікі. З часам ён абярэцца ў дзяржаўную думу Расеі і надоўга зойме там пасаду віцэ-сьпікера.

Увогуле, больш як 20-гадовы вопыт вывучэньня палітычных працэсаў (а часам і непасрэдны ўдзел у палітыцы) прывёў да цікавага назіраньня над дзеяньнем мадэлі , якую выкарыстоўваюць у тым ліку і спэцслужбы. Вельмі часта нейкія сумнеўныя ідэі ўкідваюцца ў грамадзтва блазнамі – і спачатку, натуральна, успрымаюцца большасьцю як ідыятызм ці ў лепшым выпадку абсурд. Але іх пастаянна трымаюць у інфармацыйным полі, пра іх пішуць журналісты (і некаторыя журналісты – вельмі настойліва пішуць), іх пачынаюць абмяркоўваць палітолягі (і некаторыя палітолягі – вельмі настойліва абмяркоўваюць). У выніку, пэўная, а часам і значная частка грамадзтва пачынае ўспрымаць гэтыя ідэі.

Візыт Жырыноўскага ў Менск шырока рэклямаваўся, анансаваўся і ягоны выступ па Беларускім тэлебачаньні ў прамым эфіры.

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага савету
Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага савету

Мы, дэпутаты Вярхоўнага Савета, з цяжкасьцю маглі дамагчыся прадстаўленьня эфіру -- Жырыноўскаму ж была дадзена больш як гадзіна ў “прайм-тайм” і ў самай папулярнай у той час праграме “Крок” (такое спрыяньне шавіністу потым стала зразумелым – галоўным рэдактарам рэдакцыі моладзевых праграмаў працавала Ніна Чайка, вядомая сваімі праімпэрскімі, прарасейскімі перакананьнямі, тая самая Чайка, якая праз дзесяць гадоў узначаліць часопіс “Нёман” і ў апошнія месяцы жыцьця Васіля Быкава надрукую гнюсны тэкст з абразамі ў адрас Васіля Уладзімеравіча).

Я зьвярнуўся да генэральнага пракурора Беларусі Мікалая Ігнатовіча з патрабаваньнем не дазволіць выступы Жырыноўскага ў Менску, а Алег Трусаў і Уладзімер Заблоцкі накіравалі старшыні ВС Шушкевічу запыт – хто запрасіў Жырыноўскага ў Беларусь, хто арганізаваў ягоны заплянаваны выступ у перадачы “Крок” дзяржаўнага тэлебачаньня, і хто будзе аплачваць гэты выступ. Шушкевіч на запыт не адказаў.

22 сьнежня на сэсіі ВС Шушкевіч быў вымушаны зачытаць яшчэ адзін запыт. Цытую стэнаграму.

«Cтаршыня: Шаноўныя народныя дэпутаты, прашу займаць свае месцы. Шаноўныя дэпутаты, многія дэпутаты настойваюць, каб была зачытана адна запіска: "З друку стала вядома, што ў Менск прыяжджае і атрымлівае найбольшую ў Беларусі залю для выступленьня фашыстоўск∙ дэмагог Жырыноўскі. Няма сумненьня, што яго ваяж моцна спрацуе на палітычную дэстабілізацыю ў рэспубліцы. Думаю, што Урад Беларусі павінен прыняць захады, каб не дапусьціць гэтага. Я ўжо не кажу пра маральны аспэкт справы. Прагрэсіўнай грамадзкасьцю Беларусі агітвізыт няпрошанага госьця будзе успрыняты як абраза для нашай нацыянальнай годнасьці. Ніл Гілевіч, народны дэпутат Рэспублікі Беларусь". Я як чалавек падзяляю думку Ніла Сямёнавіча. Але... Гэта камэрцыйнае мерапрыемства, за ўласны кошт альбо за кошт тых арганізацый, якія ёсьць на Беларусі, набываецца заля, і там выступаюць... Тут могуць толькі праваахоўныя органы, калі яны знаходзяць нейкія парушэньні, альбо фінансавыя органы... забараніць. (Шум у зале). Дык самую вялікую аўдыторыю купляюць за вялікія грошы. Я не бачу тут парушэньня закона. Шаноўныя народныя дэпутаты! Калі ёсьць парушэньне законаў, у нас ёсьць праваахоўныя органы, ёсьць гарадзкія ўлады. І мне здаецца, гэта не тая асоба, каб мець такі гонар, каб абмяркоўвалі яе паводзіны на Вярхоўным Савеце. Усё".

Дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык у Авальнай залі. 1991. Фота Ул. Сапагова
Дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык у Авальнай залі. 1991. Фота Ул. Сапагова

...Ўдзень 23 сьнежня я пачуў эмацыйную гутарку каля міліцэйскага паста на другім паверсе Дома ўраду. Аказалася – Жырыноўскі спрабаваў прарвацца да кабінэту Шушкевіча, а міліцыянт яго не пускаў. Не дазвалялі прайсьці Жырыноўскаму і дэпутаты Лявон Дзейка і Мікола Маркевіч.

Далейшы наш дыялёг цытую па газэтнай публікацыі.

“Вы маеце афіцыйныя запросіны да Шушкевіча? – пацікавіўся Сяргей Навумчык. “Спадзяюся атрымаць іх, -- упэўнена адказаў Уладзімер Вольфавіч. – Я з Шушкевічам размаўляў на зьезьдзе ў Крамлі, у мяне зь ім нармальныя адносіны. Я прыехаў да яго. Там, у Маскве, мне можна зь ім сумаўляцца. А тут не? Зараз перапынак, і я хачу зь ім паразмаўляць пару хвілін. Дэмакраты горш за камуністаў, яны зрабілі так, што нікуды ня пройдзеш… Мне не патрэбная сэсія, я не прашуся ў залю пасяджэньняў, яны спужаюцца, што я выступлю. Яны людзі з мінулага, чалавека з будучыні яны баяцца”.. (“Знамя юности”, 2 лютага 1992 г.).

Я прапанаваў Жырыноўскаму пакінуць будынак, але ён нахабна імкнуўся прарвацца да кабінэту Шушкевіча.

Прыйшлося ўзяць яго за шматкі і выпіхнуць за дзьверы калідора – туды, дзе была лесьвіца. Жырыноўскі выкруціўся і паспрабаваў ізноў праціснуцца ў калідор.

Тут зьявіўся Пётра Садоўскі, яшчэ раней па тэлефоне выкліканы міліцыянтам.

Дэпутат Апазыцыі БНФ Пёрта Садоўскі ў Авальнай залі, за ім - дэпутат Лявонцій Зданевіч. 1991 год.
Дэпутат Апазыцыі БНФ Пёрта Садоўскі ў Авальнай залі, за ім - дэпутат Лявонцій Зданевіч. 1991 год.

​Член Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета, старшыня Камісіі ВС па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях Пётра Вікенцевіч Садоўскі павёў сябе гэтак, як і павінен быў павесьці сябе член Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета, старшыня Камісіі ВС па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях у дачыненьні да кіраўніка партыі суседняй краіны, хай і ня вельмі яму сымпатычнага.

Садоўскі дыпляматычна папрасіў Жырыноўскага пакінуць памяшканьне, назваўшы яго нават словам “таварыш” – “Таварыш Жырыноўскі!”. Але ў адказ пачуў непалітычную лексыку.

“Подонок ты мне, а не товарищ, паскуда такая!” – выкрыкнуў Жырыноўскі.

Умомант у філёлягу і будучым першым беларускім амбасадары ў Нямеччыне прачнуўся былы курсант вайсковай вучэльні.

Садоўскі прымяніў прыём, які ўпячатаў Жырыноўскага ў дзьверы.

Я ізноў выштурхнуў няпрошанага госьця ў калідор, на лесьвіцу. І мы цяпер ужо ўдвух надалі целу лідэра расейскай партыі такое паскарэньне, якое, паводле законаў фізыкі, перанесла Жырыноўскага на некалькі мэтраў ніжэй.

Лесьвіца ў Доме ўрада агібала ліфт, і таму нам давялося некалькі разоў паўтарыць працэдуру (для тых, хто ўбачыць у нашых дзеяньнях парушэньне спартовай этыкі (два на аднаго), скажу, што побач з Жырыноўскім быў кіраўнік ягонай партыйнай філіі, але ён жвавенька зьбягаў па лесьвіцы сам).

Спусканьне Жырыноўскага зь лесьвіцы працягвалася да першага паверха і суправаджалася ягонай лаянкай ды пагрозамі – так, мяне ён абяцаў “павесіць на слупе, і дзесяць, не, пятнаццаць дзён не дазваляць нікому, нават жонцы, здымаць са слупа труп”.

Міліцыянты на крыкі Жырыноўскага рэагавалі са сьмехам.

Тут заўважу, што сыстэма аховы Дома ўраду была вельмі лібэральнай, калі не сказаць -- мінімальнай.

Так, аднойчы нейкая жанчына ў час пасяджэньня ВС, трымаючы ў абедзвюх руках валіскі, прайшла па цэнтральным праходзе Авальнай залі і паклала перад ашаломленым Шушкевічам стосы нейкіх папер. Як выглядала, яна прыйшла “з вуліцы”, яе не спынілі ні міліцыянты ля ўваходу ў будынак, ні супрацоўнікі КДБ ля дзьвярэй Авальнай залі. Чырвоны ад гневу і сораму дэпутат Лавіцкі (намесьнік старшыні КДБ) узьняўся з крэсла і пайшоў у фае рабіць разнос сваім падначаленым.

А аднойчы у мой кабінэт сакратара парлямэнцкай камісіі ў Доме ўраду прыйшоў нейкі наведнік, мужчына гадоў трыццаці пяці; у кабінэце якраз была мая жонка (яна працавала карэспандэнткай менскай газэты “Добры вечар” і рабіла інтэрвію з дэпутатамі) . Калі я выйшаў у суседні кабінэт, наведнік дастаў нож, сказаў, што ён быў асуджаны і пагражаў жонцы “пусьціць кроў” ды “зарэзаць”. На шчасьце, нехта з супрацоўнікаў апарату зайшоў у кабінэт, выклікаў міліцыянта, той вывеў наведніка з Дому ўраду -- гэтым і скончылася, інцыдэнт кіраўніцтва Вярхоўнага Савету ніяк не зацікавіў – не зарэзаў жа).

Дэпутацкі запыт да генпракурора Беларусі аб прыезьдзе Жырыноўскага ў Менск. 1991 г.
Дэпутацкі запыт да генпракурора Беларусі аб прыезьдзе Жырыноўскага ў Менск. 1991 г.

Неўзабаве пасьля таго, як мы з Садоўскім спусьцілі Жырыноўскага з лесьвіцы, нехта з супрацоўнікаў апарату ВС мне сказаў, што яго бачылі ў супрацьлеглым крыле Дому ўраду – там, дзе месьціцца Саўмін. Справай адной хвіліны было перасекчы плошчу і даведацца ў “саўмінаўскага” міліцыянта, куды накіраваўся маскоўскі візыцёр . Аказалася – да віцэ-прэм’ера Косьцікава.

Каб звычайнаму грамадзяніну Беларусі патрапіць на прыём да намесьніка міністра, трэба было патраціць шмат высілкаў і часу, аўдыенцыя ж ў віцэ-прэм’ера была ўвогуле справай нерэальнай (напрыклад, старшыня райвыканкаму ў маёй выбарчай акрузе ня змог патрапіць на прыём к віцэ-прэм’еру, пакуль не былі падключаныя дэпутацкія магчымасьці). Жырыноўскага ж прынялі адразу.

Сакратарка Косьцікава пацьвердзіла, што Жырыноўскі быў у віцэ-прэм’ера, але колькі хвілінаў таму сышоў. Памочнік спрабаваў не пусьціць мяне ў кабінэт – не атрымалася.

Віцэ-прэм’ер быў адзін.

-- Чаму Вы прынялі Жырыноўскага? Што ён у Вас прасіў?

Косьцікаў маўчаў. На стале перад ім ляжаў ліст з лягатыпам партыі Жырыноўскага.

-- Дайце сюды гэтую паперу.

Косьцікаў пачаў абурацца, аднак я ўзяў паперу са стала.

-- Жырыноўскі выступае супраць беларускай дзяржаўнасьці, а Вы яго прымаеце як госьця. Такіх гасьцей трэба гнаць у шыю.

Косьцікаў, відаць, так і не пасьпеў зразумець, што адбылося – а праз некалькі хвілінаў дэпутаты Апазыцыі БНФ разглядалі “трафэй”. То быў зварот да генэральнага дырэктара МАЗу Лаўрыновіча “з пераканаўчай просьбай аб выдзяленьні ў гэтым годзе ( апошнія два словы падкрэсьленыя, а да канца году і заставалася ўсяго некалькі дзён – С.Н.) па старых коштах для патрэбаў ЦК Лібэральна-дэмакратычнай партыі 6 (шасьці) грузавых аўтамабіляў маркі “МАЗ 64299”. Аплату гарантуем. Загадзя ўдзячны старшыня партыі У. Жырыноўскі” – і подпіс.

Гэты ліст я пакінуў сабе як сувэнір.

Ліст Жырыноўскага. 1991 г. З архіву С. Навумчыка
Ліст Жырыноўскага. 1991 г. З архіву С. Навумчыка

Жырыноўскі хацеў набыць дэфіцытныя аўтамабілі па старых коштах, у дзесяткі разоў таньнейшых, чым тыя, што ўжо існавалі. Відавочна, гэта і было прадметам яго гутаркі з віцэ-прэм’ерам. Зразумела, тэлефонны званок з высокага саўмінаўскага кабінэту мог вырашыць справу –- але, вось жа, сарвалася.

У кулюарах сэсіі да мяне падышоў міністар унутраных спраў генэрал Уладзімер Ягораў:

-- Мы цяпер правяраем, ці ёсьць у ахоўнікаў Жырыноўскага зброя. Калі ёсьць, іх дэпартуюць.

Мой зварот да генэральнага пракурора Мікалая Ігнатовіча меў станоўчы вынік. Гарадзкая пракуратура скасавала раней выдадзены намесьнікам старшыні гарвыканкаму дазвол на сустрэчу Жырыноўскага з жыхарамі Менску ў Палацы спорту (заля – некалькі тысяч чалавек). Я накіраваў Ігнатовічу яшчэ адзін запыт – гэтым разам ужо адносна паводзінаў Жырыноўскага ў Менску.

Жырыноўскі быў абураны, і на прэсавай канфэрэнцыі, распавёўшы пра свае крокі ў выпадку абраньня яго прэзыдэнтам, прайшоўся па аўтару гэтых радкоў:

“Дэмакратыя магчыма толькі там, дзе моцная дзяржава. А моцная дзяржава там, дзе моцныя войска і тайная паліцыя… Трэба даць зразумець насельніцтву: калі будзе супраціў новаму законнаму рэжыму, ён будзе падаўлены… Я навяду парадак па ўсёй краіне. Без “варанкоў” і рэпрэсіяў. Цягам 2-3 месяцаў прылаўкі будуць напоўненыя ўсім неабходным. Галодных, халодных і беспрацоўных у мяне ня будзе (тое ж самае, амаль слова ў слова, паўторыць Лукашэнка на выбарах 1994 г. – С.Н.). Усе рэспублікі ліквідуюцца адным указам. Адна рэспубліка – Расейская Фэдэрацыя Дэмакратычная. Шушкевіч у вас будзе, Кебіч, свой гімн. Але заходняя мяжа гэтай дзяржавы будзе праходзіць па Бугу…. Так, тэлебачаньне гатовае? Дзяржаўнае тэлебачаньне ў нас у асноўным антырускае. Нічога, давайце. Хай хлусяць, я за свабоду прэсы. Учора ваш парлямэнт у асобе сакратара Камісіі па правах чалавека сыходзіў жолчу. Прыгадаў мяне: як так?. Дапусьцілі выступіць? Хто даў права? Гэта дзікунства. Дэпутат парлямэнту павінен забясьпечваць правы грамадзян на тэрыторыі рэспублікі, а ён ламае прававую структуру і за гэта атрымлівае грошы”.

Праз некалькі дзён я атрымаў афіцыйны адказ на свой запыт, падпісаны Генэральным пракурорам Мікалаем Ігнатовічаім:

“Паважаны Сяргей Іосіфавіч!

Ваш ліст аб неправамерных дзеяньнях старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Жырыноўскага У.В. пракуратурай рэспублікі разгледжаны.

Адказ генпракурора Мікалая Ігнатовіча на дэпутацкі запыт пра прыезд Жырыноўскага ў Менск. 1991 г.
Адказ генпракурора Мікалая Ігнатовіча на дэпутацкі запыт пра прыезд Жырыноўскага ў Менск. 1991 г.

Устаноўлена, што 23.12.1991 Жырыноўскі, знаходзячыся ў будынку Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, уступіў у спрэчку з народнымі дэпутатамі, сярод якіх знаходзіліся і Вы. Пры гэтым Жырыноўскі паводзіў сябе груба і абуральна, выказваў абразы і пагрозы ў адрас народных дэпутатаў. У сувязі з гэтым на яго складзены адміністрацыйны пратакол ў адпаведнасьці з арт.156 КаАП РБ (дробнае хуліганства), які накіраваны на разгляд у народны суд.

Падстаў для ўзбуджэньня супраць Жырыноўскага крымінальнай справы пракуратура рэспублікі не знаходзіць. У адпаведнасьці з арт. 189 і 202 КК РБ крымінальная адказнасьць за пагрозу забойствам настае толькі ў выпадку, калі яна з’яўляецца рэальнай. Жырыноўскі сапраўды выказваў пагрозы ў Ваш адрас, аднак яны рэальнымі не з’яўляюцца.

Што датычыцца абразы народнага дэпутата Садоўскага П.В., дык гэтыя дзеяньні Жырыноўскага, таксама як і пагрозы ў Ваш адрас, ахопліваюцца складам адміністрацыйнага парушэньня, прадугледжанага арт. 156 КаАП РБ, Дзеяньні Жырыноўскага ў гэтай частцы нельга кваліфікаваць у адпаведнасьці з арт. 188 або 129 КК РБ, таму што да крымінальнай адказнасьці можа быць прыцягнутая толькі асоба, абразіўшая другую асобамі непрыстойнымі словамі.

Генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь М.І. Ігнатовіч”.


Зразумела, што Ігнатовіч толькі падпісаў адказ, пісаў яго нехта іншы, рангам ніжэйшы супрацоўнік пракуратуры, які, магчыма, і праводзіў праверку. Дарэчы, зьвяртае ўвагу, што напачатку нават не пазначана прыналежнасьць партыі Жырыноўскага іншай краіне, Расеі – у пракуратуры яшчэ “расейскае” працягвалі успрымаць як “сваё”, і такое стаўленьне ня хутка зьменіцца.

Праз год Ігнатовіч памрэ, кароткі пэрыяд “дэмакратызацыі” пракуратуры скончыцца, і ў жніўні 1995-га, калі мы, група дэпутатаў, зьвернемся ў пракуратуру па абарону нашага калегі Сяргея Антончыка, якога спэцслужбы тры дні трымалі пад дуламі аўтаматаў, першы намесьнік генпракурора Кандрацьеў цынічна заявіць нам, што слова прэзыдэнта Лукашэнкі – вышэй за Канстытуцыю і законы.

Але ў сьнежні 1991 году мы дамагліся, каб праваахоўная машына спрацавала -- у маскоўскую міліцыю была нават накіраваная тэлеграма з просьбай “забясьпечыць яўку для дачы паказаньняў у Цэнтральны РАУС Менску Уладзімера Жырыноўскага” (іншая справа, што начальнік крымінальнага вышуку Масквы адмовіўся гэта рабіць).

Словам, у сытуацыі з Жырыноўскім праваахоўныя ворганы выкарысталі ўсе альбо амаль усе юрыдычныя магчымасьці – але іх намаганьні ня мелі палітычнай падтрымкі ад вышэйшай улады. .

... Мае сябры той візыт Жырыноўскага ў Менск і абставіны ягонага “палёту” зь лесьвіцы Дому ўраду час ад часу прыгадваюць мне з гумарам гумарам (не забываецца пра той прыезд і Жырыноўскі). Мне ж ні тады, ні цяпер ня бачылася ў гэтым нічога сьмешнага. Было зразумела, што гэта толькі пачатак, і прыхільнікі аднаўленьня імпэрыі, адчуўшы сваю беспакаранасьць, будуць дзейнічаць актыўна.

Так яно і адбылося. Ужо праз некалькі дзён у менскіх падземных пераходах зьявіліся газэткі з заклікам пакараць ініцыятараў зьнішчэньня СССР, потым праклюнуліся розныя “славянскія саборы” і “народныя рухі” Гайдукевіча. Нарэшце, у 1993-ім, дэпутат Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць аднаўленьня СССР – напачатку ў форме саюзу Расеі і Беларусі.

Між іншым, ў манерах і паводзінах Жырыноўскага і Лукашэнкі і тады і цяпер шмат агульнага. Як кажуць у такіх выпадках – птушкі аднаго палёту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG