Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ня мае складанасьцяў з пазыцыяй Менску ў крымскім пытаньні, — міністар Лаўроў


Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, архіўнае фота

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію расейскай газэце «Труд» адказаў на пытаньне пра тое, як у Расеі ставяцца да таго, што Беларусь не прызнае Крым расейскім, а Абхазію і Паўднёвую Асэтыю — незалежнымі.

Лаўроў адзначыў «цесную супрацу» МЗС Беларусі і МЗС Расеі, штогадовыя «праграмы ўзгодненых дзеяньняў» і супольныя паседжаньні калегіяў міністэрстваў.

Наконт пазыцыі Беларусі ён таксама дадаў:

«Дарэчы, Менск пасьлядоўна галасуе ў ААН супраць адкрыта правакацыйных рэзалюцыяў „Становішча ў галіне правоў чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі“ і „Стан унутрана перамешчаных асобаў і ўцекачоў з Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі“, — адзначыў Лаўроў. — Такім чынам, казаць пра якія-небудзь складанасьці ў нашым дыялёгу не даводзіцца».

Неўзабаве пасьля вайны Расеі з Грузіяй у 2008 годзе Крэмль прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, якія ўваходзяць у склад Грузіі. Аляксандар Лукашэнка тады казаў, што «ў Расеі не было іншага выбару», але пытаньне прызнаньня зь беларускага боку спачатку адклаў, а пазьней заявіў, што Беларусі нібы абяцалі за прызнаньне расейскі крэдыт у 500 млн даляраў. У 2015 годзе Лукашэнка заявіў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі.

Афіцыйная пазыцыя Беларусі ў пытаньні ўкраінскага Крыму, акупаванага Расеяй, не агучвалася ні разу ад самой анэксіі ў 2014 годзе.

«Скажыце, што зьменіцца ад таго, што я ў жывым эфіры заяўлю, што Крым наш ці Крым расейскі? — пытаў Лукашэнка ў час «Вялікай размовы» 1 сакавіка. — Што зменіцца? Ну нічога, пашумяць. У Расеі гэта пройдзе навіной ўвечары. А раніцай забудуць. І дзякуй ня скажуць, і ня трэба. Справа не ў падзяцы. На Захадзе? Ну мо хтосьці заўважыць. Яшчэ недзе. У нас народ падумае: „Лукашэнка, ну чаго ты ўлез ў гэта? Столькі часу прайшло“. Ва Ўкраіне скажуць: „Сабака!“ і плюнуць у мой бок. У выніку што мы атрымаем? Трэба трошкі глядзець далей, глыбей у гэтых пытаньнях».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG