Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне можаце расстраляць, але маіх хлопцаў не чапайце!» Як здаваўся былы прэзыдэнт Кіргізстану. Відэа


Перамовы паміж былым прэзыдэнтам Алмазбекам Атамбаевым і намесьніка кіраўніка МУС Кумарам Асанавым.
Перамовы паміж былым прэзыдэнтам Алмазбекам Атамбаевым і намесьніка кіраўніка МУС Кумарам Асанавым.

Спэцназ Кіргізстану затрымаў былога прэзыдэнта краіны Алмазбека Атамбаева ў сяле Кой-Таш, здолеўшы з другой спробы ўзяць штурмам ягоную рэзыдэнцыю.

Алмазьбек Атамбаеў узначальваў Кіргізстан з 2011 па 2017 год. Ён стаў першым прэзыдэнтам краіны, які добраахвотна пакінуў пасаду пасьля першага тэрміну, а ня быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі.

Былы прэзыдэнт сам выйшаў з дому і здаўся сілавікам. Перад гэтым ён запатрабаваў ад намесьніка кіраўніка МУС Кумара Асанава, які кіраваў яго захопам, каб ад спэцназу не пацярпелі яго прыхільнікі. Яны знаходзіліся ў рэзыдэнцыі і спрабавалі абараніць палітыка:

«Мне ўсё роўна: мяне можаце расстраляць, але хлопцаў не чапайце!» — папрасіў Атамбаеў перад тым, як выйсьці і здацца. І адкрыў дзьверы толькі пасьля таго, як атрымаў ад Асанава абяцаньне, што «ніхто ня будзе страляць» і «біць іх ня будзем».

«Алмаз Шаршэнавіч, выказваю вам падзяку, што самавольна здаяцеся дзеля спакою народа, каб не было далейшага кровапраліцьця», — сказаў Асанаў, калі палітык здаўся ўладам. І паабяцаў: «Усё будзе вырашана ў рамках закону».

У доме былога прэзыдэнта было канфіскавана два пісталета, трынаццаць аўтаматаў і 35 магазынаў да іх. Раней палітык заяўляў, што ён быў «адзіным узброеным у доме» (у яго быў узнагародны пісталет), а яго прыхільнікі нібыта абараняліся толькі камянямі і палкамі, паведамляе Настоящее время.

Пасьля здачы Атамбаева пасадзілі ў машыну і павезьлі ў МУС Кіргізстану ў Бішкек. Разам з былым прэзыдэнтам былі затрыманыя намесьніца старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Кундуз Жалдубаева і дарадца Атамбаева Фарыд Ніязаў. Калёна зь некалькіх машын паехала ў Бішкек па аб’язной дарозе праз горад Кант, таму што асноўная дарога была перакрытая міліцыяй і прыхільнікамі былога прэзыдэнта.

Як праходзіў штурм

Пры другім штурме кіргіскія сілавікі выкарыстоўвалі сьлезацечны газ для разгону прыхільнікаў экс-прэзыдэнта. Да рэзыдэнцыі таксама прыбыла спэцтэхніка МУС, вадамёты і таран-машыны, адна з якіх пратараніла брамы будынку.

Прадстаўнік штабу Атамбаева сказаў, што рэзыдэнцыю 8 жніўня штурмавалі больш за 2 тысячы супрацоўнікаў міліцыі і байцоў спэцназу (за суткі, якія прайшлі з моманту першага штурму ў Кой-Таш даслалі падмацаваньне). Унутры дома супраціў ім аказвалі каля 300-400 прыхільнікаў Атамбаева: яны забарыкадавалі дзьверы і вокны канапамі і іншай мэбляй.

Напярэдадні спэцназ таксама штурмаваў рэзыдэнцыю, але першы штурм скончыўся няўдачай. Былы прэзыдэнт забарыкадаваўся ў адным з пакояў, і спэцназу так і не атрымалася яго захапіць.

У той жа час прыхільнікі Атамбаева прарваліся ўнутр і захапілі некалькіх спэцназаўцаў: у іх адабралі зброю, а некаторых моцна зьбілі. Захопленых спэцназаўцаў прыхільнікі Атамбаева адпусьцілі на наступны дзень.

Колькі чалавек пацярпелі

У ходзе штурму загінуў адзін спэцназавец (улады сьцьвярджаюць, што ў яго стралялі са снайпэрскай вінтоўкі і баявая куля прабіла бронекамізэльку). Сам Атамбаеў раніцай 8 жніўня заявіў, што адзіным узброеным у доме чалавекам быў ён сам, а ні ў каго зь яго прыхільнікаў нібыта зброі не было. Агульная колькасьць пацярпелых у выніку склала 98 чалавек: 11 спэцназаўцаў, а астатнія — прыхільнікі былога прэзыдэнта. Спэцназ, па заяве ГНКБ, ужываў у ходзе апэрацыі гумовыя кулі.

Чаму затрымалі былога прэзыдэнта Кіргізстану?

Трэцяга прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева затрымалі 8 жніўня ў выніку 2-дзённай спэцапэрацыі. Прыхільнікі былога прэзыдэнта супраціўляліся спэцназаўцам. У выніку сутычак пацярпелі больш 80 чалавек, адзін з байцоў спэцназу загінуў.

  • У 2017 годзе пасьля сыходу Атамбаева ў адстаўку на некалькіх бліжэйшых паплечнікаў Атамбаева былі заведзены крымінальныя справы, у асноўным па абвінавачваньнях у карупцыі. Атамбаеў пасьля гэтага адкрыта перайшоў у апазыцыю да цяперашняй улады.
  • У чэрвені 2019 году Атамбаева пазбавілі недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта. Генпракуратура падазрае яго ў карупцыі і ўжо тройчы выклікала былога прэзыдэнта на допыт у якасьці сьведкі. Але Атамбаеў на допыты не зьяўляўся, лічачы, што яго пазбавілі недатыкальнасьці незаконна.

Што стала зь іншымі прэзыдэнтамі Кіргізстану?

  • Другі прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў уцёк з краіны ў Беларусь падчас пратэстаў 2010 году.
  • Першы прэзыдэнт Аскар Акаеў у 2005 годзе склаў зь сябе паўнамоцтвы ў выніку «цюльпанавай рэвалюцыі». Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Каля 14 гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG