Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнт Кыргызстану вылецеў у Расею з расейскай вайсковай авіябазы


Былы прэзыдэнт Кіргізстану ў атачэньні сваіх прыхільнікаў сёньня перад вылетам.

Былы прэзыдэнт Алмазбек Атамбаеў пакінуў Кіргізстан праз расейскую авіябазу ў Канце, разьмешчаную за 20 кілямэтраў ад Бішкеку.

«Прыватны самалёт у Канце не пасадзяць, гэта будзе не вайсковы самалёт, але гэта кампанія. Пазьней вам дашлюць больш падрабязную інфармацыю, магчыма нават фатаграфіі з борта. Усё будзе добра. Заўтра ў 7 вечара я вярнуся», — сказаў Атамбаеў.

Раней Атамбаеў паведамляў, што ляціць у Расею на запрашэньне сваіх сяброў. З кім менавіта ён мае намер сустрэцца, Атамбаеў не ўдакладніў.

Сьледчая служба МУС тры разы выклікала яго на допыт і кожны раз ён адмаўляўся прыйсьці. Паводле закону, пасьля трох адмоваў праваахоўныя органы маюць права прымусова прывесьці сьведку на допыт.

Прадстаўнік Атамбаева ў юрыдычных пытаньнях заявіў, што былы прэзыдэнт не абавязаны зьявіцца на допыт, паколькі ён, нягледзячы на пазбаўленьне статусу экс-прэзыдэнта, усё яшчэ валодае недатыкальнасьцю.

27 чэрвеня дэпутаты пераважнай большасьцю галасоў пазбавілі Атамбаева недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта. Цяпер яго могуць у любы момант прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці: Генэральная пракуратура знайшла падставы для абвінавачваньняў, якія высунулі супраць Атамбаева.

У прыватнасьці, прыкметы асабліва цяжкага злачынства знайшлі ў наступных абвінавачаньнях:

  • незаконнае завалоданьне ўчасткам у вёсцы Кой-Таш, дзе Атамбаеў пабудаваў дом
  • незаконнае вызваленьне крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева
  • незаконнае ўзбагачэньне
  • карупцыя пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкека,
  • магчымае дачыненьне да незаконных паставак вугалю на ЦЭЦ Бішкеку

Сам Атамбаеў называе абвінавачваньні палітычна матываванымі. У яго доме ў вёсцы Кой-Таш прыхільнікі былога прэзыдэнта стварылі штаб у яго падтрымку.

Статус экс-прэзыдэнта Кіргізстану цяпер мае толькі Роза Атунбаева. Алмазбек Атамбаеў і зрынутыя ў выніку рэвалюцый Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў пазбаўлены гэтага статусу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG