Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнт Кіргізстану абвясьціў бестэрміновы мітынг пасьля няўдалага штурму яго дома


Алмазьбек Атамбаеў, архіўнае фота

Былы прэзыдэнт Кіргізстана Алмазьбек Атамбаеў абвясьціў аб пачатку бестэрміновага мітынгу каля будынка «Мэды Форум», які яму належыць і дзе разьмяшчаецца рэдакцыя тэлеканалу «Красавік».

Алмазьбек Атамбаеў узначальваў Кіргізстан з 2011 па 2017 год. Ён стаў першым прэзыдэнтам краіны, які добраахвотна пакінуў пасаду пасьля першага тэрміну, а ня быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі.

«Мы выйдзем на мітынг, каб нас не лічылі за бараноў. Учора была спроба захопу, улада паварочваецца ў іншы бок. Узброеным у гэтым комплексе быў толькі Атамбаеў. Генпракурор прыкідваецца ці ня ведае законаў — мой дом знаходзіцца пад дзяржаховай да рашэньня суду, і сюды ня маюць права ўрывацца сілавікі», — заявіў Атамбаеў.

Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Джээнбекаў на пасяджэньні Савету бясьпекі краіны 8 жніўня сказаў, што Атамбаеў «груба парушыў Канстытуцыю і законы краіны, аказаўшы жорсткі ўзброены супраціў правядзеньню законных сьледчых мерапрыемстваў». Джээнбекаў дадаў, што для захаваньня законнасьці і бясьпекі ў краіне неабходна зрабіць «неадкладныя захады».

Паведамляецца, што па выніках пасяджэньня было прынята адпаведнае рашэньне. Якое менавіта, не ўдакладняецца.

У сяле Кой-Таш, дзе знаходзіцца рэзыдэнцыя Атамбаева, цяпер знаходзяцца каля 300 чалавек. Яны плянуюць пайсьці да Белага дома і да будынка ўраду з лёзунгам «Жээнбеков, сыходзь», паведамляе выданьне Kloop.

У ноч на 8 жніўня спэцназ ГНКБ Кіргізстану штурмаваў рэзыдэнцыю былога прэзыдэнта Кіргізстана Алмазбэка Атамбаева ў сяле Кой-Таш недалёка ад Бішкека, але апэрацыя скончылася няўдачай. У выніку сутыкненьняў з траўмамі шпіталізаваныя 45 чалавек, загінуў адзін паліцыянт.

Паводле апошняй вэрсіі, былому прэзыдэнту ўдалося забарыкадавацца ў адным з пакояў і спэцназ так і ня змог яго захапіць. У той жа час прыхільнікі Атамбаева павалілі частку агароджы вакол рэзыдэнцыі і прарваліся ўнутр. Яны захапілі некалькіх спэцназаўцаў, якія спрабавалі затрымаць прэзыдэнта, адабралі ў іх зброю і моцна зьбілі.

Алмазьбек Атамбаеў выступіў са зваротам. Відэазапіс ягонай заявы паказалі ў эфіры тэлеканала «Красавік». У прыватнасьці ён адзначыў, што спроба яго затрымаць была незаконнай. Атамбаеў заклікаў улады спыніць такія дзеяньні, таму што, на ягоную думку, гэта «дрэнна скончыцца».

Чаму затрымалі былога прэзыдэнта Кіргізстану?

Трэцяга прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева затрымалі 8 жніўня ў выніку 2-дзённай спэцапэрацыі. Прыхільнікі былога прэзыдэнта супраціўляліся спэцназаўцам. У выніку сутычак пацярпелі больш 80 чалавек, адзін з байцоў спэцназу загінуў.

  • У 2017 годзе пасьля сыходу Атамбаева ў адстаўку на некалькіх бліжэйшых паплечнікаў Атамбаева былі заведзены крымінальныя справы, у асноўным па абвінавачваньнях у карупцыі. Атамбаеў пасьля гэтага адкрыта перайшоў у апазыцыю да цяперашняй улады.
  • У чэрвені 2019 году Атамбаева пазбавілі недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта. Генпракуратура падазрае яго ў карупцыі і ўжо тройчы выклікала былога прэзыдэнта на допыт у якасьці сьведкі. Але Атамбаеў на допыты не зьяўляўся, лічачы, што яго пазбавілі недатыкальнасьці незаконна.

Што стала зь іншымі прэзыдэнтамі Кіргізстану?

  • Другі прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў уцёк з краіны ў Беларусь падчас пратэстаў 2010 году.
  • Першы прэзыдэнт Аскар Акаеў у 2005 годзе склаў зь сябе паўнамоцтвы ў выніку «цюльпанавай рэвалюцыі». Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Каля 14 гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG