Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці сказала, што лепш, каб я была адна»


Вольга Жарнасек, Вольга Гарбунова, Крысьціна Бандурына

Як не баяцца быць сабой у гамафобным грамадзтве? Як рэагуе сям’я, сябры і знаёмыя, калі даведваюцца, што вы — лесьбіянка? Чаму важна, каб вядомыя жанчыны не хавалі сваю гомасэксуальнасьць? Сваімі гісторыямі падзяліліся тры жанчыны з гомасэксуальнай арыентацыяй.

З кім размаўляем

  • Вольга Гарбунова. 38 гадоў. Стваральніца і шматгадовая кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава», цяпер кіраўніца Сацыяльна-культурнай прасторы «Кафэ-клюб NORM», якое плянуе дапамагаць працаўладкавацца ахвярам хатняга гвалту. Закончыла Пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Танка. Псыхоляг паводле адукацыі. Мае дачку. Пра сваю гомасэксуальнаcьць упершыню публічна сказала ў перадачы «Толькі жанчыны».
  • Вольга Жарнасек. 33 гады Закончыла Гарадзенскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Доктарка-пульманоляг. Самастойна вывучыла чэскую мову, у 2013 годзе пераехала ў Чэхію і пацьвердзіла мэдычны дыплём. Працуе ў прыватнай пульманалягічнай клініцы ў Празе.
  • Крысьціна Бандурына. 27 гадоў. Вывучала беларускую філялёгію ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце і амэрыканскую літаратуру ў БДУ, скончыла Школу маладога пісьменьніка, працавала рэдактаркай аддзелу паэзіі ў часопісе «Маладосьць». Ляўрэатка прэміі «Залаты апостраф», заснаванай часопісам «Дзеяслоў». Аўтарка паэтычнага зборніку «Homo». Вядзе блог пра праблемы хатняга гвалту.​
  • Сьцісла пра галоўнае

  • Вольга Гарбунова: Дзяржаўныя чыноўнікі гавораць, што мы — «фальшыўка», што нас няма. Калі я працавала ў «Радзіславе», я не хацела, каб гэтая частка мяне адцягнула ўвагу гамафобных чыноўнікаў ад таго, якую важную работу робіць арганізацыя, каб дапамагаць жанчынам сысьці ад гвалту.
  • Вольга Жарнасек: Я бачыла на гей-прайдзе ў Празе вялізарную, запоўненую людзьмі плошчу, дзе ўсе былі зь вясёлкавымі сьцягамі. Я плакала ад таго, што людзі могуць быць сабой.
  • Крысьціна Бандурына: Я паспрабавала падзяліцца з маці. Яна сказала, што лепей бы я была цяжарная. Пасьля сказала, што лепш бы я была адна.

«Я думала, што са мной нешта ня так, што я ўвогуле не вартая жыць»

Вольга Жарнасек
Вольга Жарнасек

Вольга Жарнасек: Пра сваю арыентацыю я даведалася ў 12 гадоў, калі закахалася ў дзяўчынку. Я нарадзілася ў маленькай вёсцы. У нас не было інтэрнэту, не было адкуль узяць інфармацыю. Я думала, што я — хлопчык. У падлеткавым пэрыядзе марыла зьмяніць пол. Прыняцьце праходзіла вельмі цяжка. Я думала, што са мной нешта ня так, што я — ізгой, што я ўвогуле не вартая жыць. У 17 гадоў зьехала за 500 кілямэтраў ад дому, паступіла ва ўнівэрсытэт і вырашыла ўсе гэта забыць. Пачала сустракацца з хлопцам, а праз паўгоду ізноў закахалася ў дзеўчыну. Гэта быў пераломны момант у маім жыцьці. У Горадні недалёка ад шпіталя хуткай дапамогі ёсьць высокі мост, і я хацела зь яго проста скокнуць, але нешта мяне ўтрымала. З таго моманту я прыняла сваю арыентацыю як колер вачэй.

На жаль, дапамогі ад родных не было. Маці мяне не прыняла, бацька дагэтуль ня ведае. Некалькі гадоў таму вельмі моцна падтрымала бабуля, якая сказала, што ты такая як ёсьць, і я цябе такой люблю. Было некалькі блізкіх сяброў, якія ведалі, прымалі і не акцэнтавалі на гэта ўвагу. З большага я трымала гэта ў таямніцы. Больш свабодная я стала падчас вучобы ва ўнівэрсытэце. Дома, у маленькай вёсцы практычна нікому не гаварыла. На шчасьце, з адкрытай гамафобіяй не сутыкалася, бо пра маю арыентацыю ведалі толькі самыя блізкія знаёмыя. Яны бачылі, што я — звычайны чалавек са звычайнымі праблемамі.

Мой пераезд у Чэхію быў ня толькі дзеля таго, каб далей прафэсійна разьвівацца, але і таму, што я тут магла сябе адчуваць больш свабодна. Я хацела проста быць сабой, жыць і нікому не хлусіць. У Чэхіі гэта, на шчасьце, магчыма. Памятаю добра той дзень, калі пайшла на гей-прайд у Празе. Я стаяла на Вацлаўскай плошчы і бачыла вялізарную, запоўненую людзьмі плошчу, дзе ўсе былі зь вясёлкавымі сьцягамі. Я стаяла і плакала ад таго, што людзі могуць быць сабой. Гэтае пачуцьце немагчыма перадаць, яно ўва мне засталося на ўсё жыцьцё.

У мяне цяпер ёсьць адносіны. Я не жыву ў рэгістраваным партнэрстве, але калі стасункі і надалей будуць складвацца добра, то ў Чэхіі ёсьць магчымасьць зарэгістраваць партнэрства. На жаль, не шлюб, а партнэрства, але за гэта я, як беларуска, вельмі ўдзячная, таму што ў Беларусі ў мяне і такой магчымасьці не было.

«Новы год адзначалі вузкім колам — я, мая дзеўчына, мая дачка і мой былы муж»

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

Вольга Гарбунова: У мяне спэцыфічны досьвед усьведамленьня сваёй гомасэксуальнасьці. Калі адны ў 10-12 гадоў разумелі, што ім падабаецца пэўныя рэчы, то я згадваю сваё дзяцінства як поўную дэзарыентацыю. Калі няма прыняцьця з боку сямʼі, вельмі складана прыняць сябе. Я ведала, што мне зь дзяўчатамі больш зразумела, прыемна, цікава і бясьпечна, але «тачыла» думка з падлеткавых часопісаў, фільмаў, пра што гаварылі ў сямʼі і што непакоіла сябровак, што абавязкова павінен быць хлопец. І ў мяне былі два хлопцы, насамрэч, клясныя. Цяпер я разумею, што гэта былі проста добрыя сябры, вельмі бясьпечныя для мяне на той момант. Калі я ўпершыню закахалася ў дзеўчыну, я зразумела, што упс, я — бі, але паколькі я будавала адносіны з будучым мужам, і не было нагоды зь кімсьці падзяліцца гэтым, таму арганізавалася непрыметная гетэрасэксуальная пара.

Доўгі час я нават думала, што я — асэксуальны чалавек. Гэта, магчыма, нават было падобна на гвалт у дачыненьні да сябе. Ішла дастаткова доўгая работа ўнутры мяне. Толькі пяць гадоў таму я зразумела, што ўнутры мяне была гамафобія, лесбафобія. Тое, чаго я баялася, мяне і спасьцігла. Нягледзячы на тое, што я заўсёды лічыла сябе дастаткова прагрэсіўнай, была анархісткай, фэміністкай, увесь час раблю нейкія справы, праекты, ініцыятывы з дзеўчынамі, у мяне шмат добрай зайздрасьці да тых, у каго не было столькіх гадоў пошуку сябе. Я рада, што ўжо доўгі час я адчуваю сябе значна больш спакойна і вучуся прымаць сябе.

Якая была рэакцыя сямʼі? З бацькам я не размаўляю доўгі час. З маці... Гэта быў дастаткова цяжкі для мяне камінг-аўт. Я вельмі хвалявалася, калі расказвала дачцэ, але гэта было значна прасьцей, чым з маці. Былі вельмі розныя этапы прыняцьця мяне дачкой, яе прыняцьця дзеўчыны, зь якой у мяне цяпер адносіны.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У мяне цудоўныя адносіны з маёй дзеўчынай, і ў маёй дачкі таксама. Я вельмі рада, што ўсе да гэтага прыйшлі і спакойна ўспрымаюць адзін аднаго. У мяне дастаткова закрытае жыцьцё, і гэта ня тое, як бы я бачыла сваё спакойнае і шчасьлівае жыцьцё. Новы год мы адзначалі дастаткова вузкім колам — я, мая дзеўчына, мая дачка і мой былы муж. Напэўна, гэта адзіныя людзі, хто прыняў нашы адносіны і нармальна да гэтага ставіцца.

«Гэта зусім іншы сьвет, дзе няма ні гвалту, ні прымусу, дзе мяне любяць»

Крысьціна Бандурына
Крысьціна Бандурына

Крысьціна Бандурына: Тое, што мне не падабаюцца хлопчыкі, ніколі ў галаву не прыходзіла ў дзяцінстве. У мяне ніколі не было праблемы прыняць сябе, я заўсёды была адкрытая для пошукаў. Першы сурʼёзны крок адбыўся ў 19 гадоў, калі я закахалася ў дзеўчыну. Тады я даведалася, што гэта зусім іншы сьвет, якога я да гэтага зусім ня бачыла, дзе няма ні гвалту, ні прымусу, дзе ёсьць магчымасьць будаваць роўныя стасункі, дзе мяне любяць. З таго моманту прайшло ўжо восем гадоў і вяртацца да традыцыйнага ладу жыцьця я не зьбіраюся.

Былі людзі, якія спынілі са мной стасункі, калі даведаліся пра маю арыентацыю. Гэтая гісторыя знаёмая кожнаму чалавеку, які робіць такі радыкальны крок. Я вельмі не люблю хавацца, жыву адкрыта і мне страшна замінала нейкая недагаворанасьць зь сямʼёй. Я паспрабавала падзяліцца з маці. Гэты дурны стан, калі ты закаханая настолькі, што хочацца, каб пра гэта ведалі ўсе. Я прыйшла да маці. Яна мне сказала, што лепш, каб я была цяжарная. Пасьля яна сказала, што лепш, каб я была адна. Для яе ўсе гэтыя восем гадоў я — адна. Пытаньне стасункаў у нас ніяк не ўздымаецца і зараз маці ці робіць выгляд, што гэтай размовы не было, ці яна забыла, ці ёй проста лягчэй ня думаць пра гэта. Я разумею, што з майго боку было б эгаістычна ціснуць на балючае, і таму я таксама не ўздымаю зь ёй гэтае пытаньне.

Былі сябры, якія адразу адмовіліся са мной камунікаваць. Кола зносін памянялася кардынальна найперш таму, што ты мусіш выбіраць больш камфортную прастору, дзе табе не давядзецца тлумачыць, як у нас гэта адбываецца ў ложку, хто ў нас мужык, чаму нельга папрысутнічаць пры гэтым, як мы разьмяркоўваем абавязкі, і тое, што гэта мой выбар, і гэта зусім ня значыць, што ў мяне не было добрага мужыка.

Ці дапамог бы прыклад вядомых жанчынаў, якія б публічна распавялі пра сваю гомасэксуальнасьць?

Гей-парад у Празе
Гей-парад у Празе

Вольга Гарбунова: Сьвятлана Алексіевіч — вялікая малайчына. Я вельмі шмат удзячная, што нешта пачынае адбывацца і ў беларускім полі. Я была на некалькіх гей-парадах за мяжой. Там неверагодная атмасфэра, і так сумна ўсьведамляць, наколькі інакш дома. Гэтае пачуцьцё сталага кантролю, дзе і што можна сказаць, якую фотачку ў сацсеткі запосьціць, бо на цябе падпісаныя і кліенткі, і калегі, і партнэры.

Часта даходзяць плёткі пра некаторых грамадзкіх актывістаў, якія часта называюць фэміністак і ўвогуле супрацоўніц жаночых арганізацый «лесьбіянкамі». І як у гэтай сытуацыі, калі такая нэгатыўная канатацыя, сказаць, што так, я — супрацоўніца жаночай арганізацыі, так, я — лесьбіянка. Гэта немагчыма было для мяне. Ты будзеш проста слухаць гэтыя плёткі, ківаць галавой, казаць, што гэта дзіўная гамафобная пазыцыя, але ты пра сябе такому чалавеку нічога не раскажаш. Ці, напрыклад, некаторыя актывісты ЛГБТ ведаюць, што я была замужам, што ў мяне ёсьць дзіця, і яны аўтаматычна далучаюць мяне да гетэрасэксуальных людзей. Атрымліваецца, што я як бы выключаная адтуль і адтуль. Безумоўна, людзі гавораць за сьпінай, бачыць і чуць гэта непрыемна.

«Цяпер гэты ўчынкі сьмелых»

Знаёмыя дзеўчыны пачынаюць прысылаць паведамленьні, калі даведваюцца, што я не гетэрасэксуальны чалавек, «ой, можа, ты нешта ня так зразумела». Гэта міт, што калі мне падабаюцца жанчыны, то мне падабаюцца ўсе жанчыны. Гэта не абурае, проста разумееш, што гэта вельмі табуяваная тэма, мала досьведу і вельмі шмат забабонаў. Чым больш пра гэта гаварыць, дзяліцца, тым болей верагоднасьці быць бачнай і быць у большай бясьпецы. Цяпер гэты ўчынкі сьмелых. Гэта мне было немагчыма зрабіць яшчэ некаторы час назад, гамафобіі вельмі шмат. Кампанія «Справа Пі» пасьля забойства Мішы Пішчэўскага была пабудаваная на тым, што чалавек загінуў таму, што быў гомасэксуалам.

Дзяржаўныя чыноўнікі гавораць, што мы — «фальшыўка», што нас няма. Гэта чуць балюча. Я працавала ў «Радзіславе» і не хацела, каб гэтая частка мяне адцягнула ўвагу гамафобных чыноўнікаў ад таго, якую важную работу робіць арганізацыя, ад таго, што я асабіста, як прафэсіяналка, раблю для таго, каб дапамагаць іншым жанчынам сысьці ад гвалту. Вечнае лавіраваньне было вельмі цяжкім усе гэтыя гады.

Аднойчы я прымала на працу адну з супрацоўніц узросту маёй маці ў «Радзіславу», расказвала пра прынцыпы працы арганізацыі, што мы не дыскрымінуем людзей па розных прыкметах, у тым ліку па сэксуальнай арыентацыі, і ўвогуле я — ЛГБТ-чалавек, я — гомасэксуальны чалавек. Гэта было ўпершыню, калі я так зрабіла на працы зь незнаёмым чалавекам. Яна, не маргнуўшы, сказала: «Зразумела. А вось гэта што за дакумэнты?» І мы пайшлі далей. У той момант я падумала, што надзея ёсьць. Цяпер я звольнілася, засталася толькі ў праўленьні арганізацыі, але магу не моцна перажываць, як гэта можа адбіцца на іміджы. Было шмат момантаў, калі хацелася адкрыцца, падтрымаць такіх як я. Чаму я гэта раблю цяпер? Таму што цяпер я магу гэта зрабіць. СМІ я расказваю пра гэта ўпершыню.

«Пра людзей ЛГБТ ведаюць толькі з фотаздымкаў паўаголеных мужчын на гей-прайдах»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вольга Жарнасек: Калі больш людзей пабачаць, што мы — звычайныя людзі са звычайнымі праблемамі, якія маюць звычайныя стасункі, то, магчыма, і адносіны да нас зьменяцца. На жаль, улічваючы ўзровень гамафобіі ў Беларусі, нам даводзіцца часта хавацца, каб не сутыкнуцца з агрэсіяй. Таму многія людзі ўвогуле ня ведаюць, што мы недзе побач ёсьць, а пра людзей ЛГБТ ведаюць толькі з фотаздымкаў паўаголеных мужчын на гей-прайдах. І гэта іх адзінае, на жаль, уяўленьне, пра ЛГБТ.

Крысьціна Бандурына: Гэта тычыцца ня толькі жыцьця ЛГБТ-супольнасьці. Паўсюль так адбывалася з правамі іншых груп. Калі б у нас была магчымасьць прамаўляць важныя рэчы ў бясьпечнай атмасфэры, не баючыся, што накінуцца ўсе гэтыя дзіўныя людзі, якія лічаць сябе адзіным магчымым правільным варыянтам і паставяць табе адразу кучу дыягназаў, было б прасьцей ведаць, што мы — не адны. Гэта насамрэч вельмі моцны штуршок, каб рухацца і нешта рабіць, гаварыць, зьмяняць.

Сьвятлана Алексіевіч нядаўна ў інтэрвію польскаму выданьню сказала, што любіла і мужчын і жанчын, што каханьне — гэта каханьне. Я цалкам падтрымліваю думку Сьвятланы Аляксандраўны, што каханьне — гэта цуд, і калі яно здарылася, абсалютна няма розьніцы, якога полу людзі.

Кіраўнік дзяржавы крытыкуе «галубятню», пры гэтым кажа, што не асуджае лесьбіянак. У беларускім сэгмэнце інтэрнэту поўна абразьлівых камэнтароў пра геяў, а ў дачыненьні да лесьбіянак тон крыху іншы. Чаму?

Вольга Гарбунова: Хто ведае пра якіх лесьбіянак у Беларусі, пра гомасэксуальных і бісэксуальных жанчын? Ці ў нас ёсьць нейкая ўцямная грамадзкая арганізацыя ці партыя? Усе месцы, дзе бачаць жаночую пару гетэрасэксуалы, гэта ці нейкія фантазіі, ці порна. І гэта як раз пра той міт, каб замуціць нейкі «трайнічок» з жанчынамі, якія могуць быць у інтымнай блізкасьці адна з адной.

Для мяне гэта і пытаньне ўлады. Калі мужчына, галоўны ў нас, галоўны ў сямʼі, ня бачыць небясьпекі ў тым, што жанчыны могуць быць з жанчынамі, жанчыны могуць абʼяднацца зь іншымі жанчынамі. Каб у нас гістарычна і палітычна інакш складваліся падзеі, і жанчыны не баяліся быць гучней і актыўней, у тым ліку не баяліся адкрывацца з пункту гледжаньня сэксуальнасьці, то гэтая сіла адчувалася б як больш небясьпечная, якая прэтэндуе на зьмены ў заканадаўстве. Пакуль мы бачым, што ўлада ня бачыць у жанчыне, і ў жанчыне, якая кахае іншую жанчыну, патэнцыйную пагрозу. Гэта пытаньне ўлады і міталягізаванага ўяўленьня пра ролі мужчыны і жанчыны.

Вольга Жарнасек: Наш кіраўнік аднойчы сказаў пра людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, што ў нас такога няма, і гэтая фраза вельмі ўрэзалася мне ў памяць. Унутры проста ўсё крычала, што я ёсьць, я існую.

Крысьціна Бандурына: Гэта наступствы тых умоўнасьцяў, якія цягне за сабой патрыярхальны лад, калі ад мужчыны патрабуюць гэтай навязьлівай мужчынскасьці і ён ня можа быць нейкім іншым. Ёсьць розьніца ў тоне камэнтароў на геяў і лесьбіянак. Я паглядзела вельмі агрэсіўныя камэнтары ў суполцы Свабоды на артыкул пра гей-прайд у Беластоку. Што дзіўна, найбольшы градус агрэсіі сыходзіць ад жанчын.

Ці можа зьнізіць узровень гамафобіі мастацтва?

Паэтычны зборнік Крысьціны Бандурынай
Паэтычны зборнік Крысьціны Бандурынай

Крысьціна Бандурына: Мастацтва — галоўны рэпрэзэнтатар жыцьця і дае магчымасьці ўлезьці ў скуру іншага. Думаю, што яно зьяўляецца ледзь не адзіным даступным на сёньняшні дзень спосабам панізіць узровень гамафобіі. Калі я прыяжджаю ў нейкі горад чытаць вершы, я ня проста чытаю, я расказваю сваю гісторыю, і калі людзі бачаць, што перад імі жывы чалавек, і праблемы практычна тыя самыя, толькі словы іншыя. І гэтая чаканая агрэсія зьнікае, для мяне гэта дзіўна, бо ў большасьці я заўсёды чакаю, што маральна мяне будуць біць за гэта. Сьвятлана Алексіевіч працуе над кнігай пра каханьне. Я вельмі спадзяюся, што там будзе і гісторыя пра каханьне жанчын. Калі такія рэчы прамаўляюць важныя для культуры, літаратуры, краіны людзі, гэта вельмі моцны штуршок для таго, каб нешта зьмянілася.

Вольга Жарнасек: Любы шлях, які вядзе да абуджэньня ў нас найлепшых якасьцей, пачуцьця справядлівасьці, гуманнасьці, прыняцьця без асуджэньня, любы шлях добры. Мастацтва — адзін з важных шляхоў. Для людзей, якія не заўсёды могуць сказаць пра сябе ў звычайным жыцьці, мастацтва зьяўляецца адным са спосабаў гэта сказаць. Я калі праходзіла праз усё, пра што цяпер расказвала, таксама пісала вершы і прозу пад псэўданімам Ольга Портер. Для мяне гэта была таксама магчымасьць сябе праявіць, пра сябе заявіць і сказаць пра свае пачуцьці. Цяпер мала пішу.

Вольга Гарбунова: Мастацтва можа даць сурʼёзную глебу для роздуму, каб адчуць, што адбываецца з табой і іншымі людзьмі. Для мяне гэта тэрапія. І калі гаварыць пра зьніжэньне ўзроўню гамафобіі, і зьніжэньне майго ўзроўню ўнутранай гамафобіі, то менавіта фільмы, сэрыялы, дзе цяпер так многа розных гераіняў, дапамагаюць як тэрапія, і гэта ўплывае на грамадзтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG