Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы з мужам хочам дзяцей», — Алекса Кліменка расказвае, што значыць быць гомасэксуалам у Беларусі


Алекса Кліменка
Алекса Кліменка

27-гадовы мянчук Алекса Кліменка называе сябе дысыдэнтам і беларускім нацыяналістам, а таксама ня ўтойвае сваёй гомасэксуальнасьці. Ён жыве з грамадзянскім мужам, разьлічвае, што калі-небудзь яны аформяць адносіны афіцыйна. Пара жыве ў маці Алексы: жанчына прыняла выбар сына і нават кажа, што ў яе два сыны. Пры падтрымцы грамадзянскага мужа Алекса ўдзельнічае ў палітычных вулічных акцыях, а таксама марыць пра Беларусь, у якой ня будзе «прэзумпцыі гетэрасэксуальнасьці».

«Я гомасэксуал, і мы з мужам хочам дзяцей», — беларус пра асабістае
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:54 0:00

Ня гей, а гомасэксуал

— Алекса, давай вызначым адразу, якую лексыку карэктна выкарыстоўваць — як падчас нашай гутаркі, так і ўвогуле?

— У дачыненьні да гомасэксуальных людзей ня варта выкарыстоўваць словы «гомасэксуаліст» і «гомасэксуалізм», таму што яны маюць выразнае значэньне стыгмы. Суфікс «ізм» падкрэсьлівае, што гутарка ідзе ці пра хваробу, ці пра ідэалёгію. Правільна казаць «гомасэксуал» і «гомасэксуальнасьць». Прычым як у дачыненьні да мужчын, так і да жанчын.

— Часта даводзіцца чуць словы «гей», «лесьбіянка». Як зь імі?

— Я лічу, што з гэтымі словамі трэба быць асьцярожным, бо яны маюць жаргоннае паходжаньне. Слова gay перакладаецца як «стракаты, шалапутны, вясёлы». Ня кожнаму будзе даспадобы, асабліва якому-небудзь самавітаму мужчыну, калі яму скажуць «гэй ты, стракаты». Таму я б параіў выкарыстоўваць слова «гомасэксуал», а словы «гей» і «лесьбіянка» пакінуць для больш вузкага кола.

— Ты ня ўтойваеш сваю гомасэксуальнасьць у статусе ў «Фэйсбуку». Ці цяжка даўся гэты крок? Ці была нейкая рэакцыя?

— Калі я запаўняў анкету ў «Фэйсбуку», я ня меў ніякай задняй думкі. На маім месцы гетэрасэксуальны мужчына мог спакойна напісаць, што ў яго ёсьць жонка. Дык чаму ў мяне не павінна быць такога права? Гэта не падкрэсьліваньне. Гэта проста няўтойваньне. Што датычыцца нэгатыўнай рэакцыі, то непасрэдна з прычыны статусу нічога не было. Але была неадэкватная рэакцыя на маю аватарку — там у мяне «Пагоня» на фоне сьцяга ЛГБТ. Мне прыходзілі пагрозы ад ксэнафобаў, пагражалі нават фізычнымі расправамі, калі я гэтую аватарку не прыбяру.

— А чаму «Пагоня»?

— Я гомасэксуал, таму што ў мяне такая біялёгія, але гэта не перашкаджае мне мець свае погляды і перакананьні. Я лічу, што Беларусь мусіць быць незалежнай краінай, у якой павінна адбыцца нацыянальнае адраджэньне і ў якой шчасьлівым сябе будзе адчуваць любы чалавек, незалежна ад сэксуальнай арыентацыі. Адпаведна, я беларускі нацыяналіст. Я ня бачу тут ніякай неадпаведнасьці.

Хацеў мець стасункі зь дзяўчынай, але гэта быў суцэльны гвалт

— А калі ты ўпершыню задумаўся пра сэксуальнасьць?

— Я стаў адчуваць сваю сэксуальнасьць падчас пэрыяду палавога сасьпяваньня, гадоў у 11. У 14 я стаў заўважаць, што мне падабаюцца хлопчыкі са школы, аднаклясьнікі. У 16 я ўпершыню моцна закахаўся ў свайго ліцэйскага аднаклясьніка. І толькі ў 17 гадоў я нарэшце дайшоў да таго, каб прызнаць, што я гомасэксуальны чалавек. Праз тое, што я, зразумела, быў выхаваны ў ксэнафобным грамадзтве, я паспрабаваў завесьці стасункі зь дзяўчатамі, хоць для гэтага не было ніякіх перадумоў — ні рамантычнай закаханасьці, ні сэксуальных фантазій. Гэта быў суцэльны псыхалягічны гвалт, я рассварыўся ў выніку з гэтымі дзяўчатамі.

— А як ты расказаў блізкім людзям?

— Аднойчы я сядзеў вельмі сумны дома. Прыйшла мама і стала пытацца, што здарылася. Я сказаў: «Не скажу». Яна стала дапытвацца, пералічваць розныя прычыны. Нарэшце яна заявіла: «Можа, табе хлопцы падабаюцца?». Я адказаў: «А што, калі так?». Яна на гэта: «Ну нічога, ты не адзін такі». Мяне такая рэакцыя вельмі шакавала, але стала нашмат лягчэй, паступова я расказаў іншым сваякам, блізкім сябрам.

— Ці даводзілася адмаўляць у стасунках дзяўчатам, ці праяўлялі яны да цябе цікавасьць?

— Былі моманты, калі да мяне заляцаліся дзяўчаты. Я сябе адчуваў вельмі няёмка, узьнікала ўражаньне, што я падманваю. Таму я адразу кажу: «Даруйце, я чалавек гомасэксуальны, у мяне ёсьць муж». Некаторыя думаюць, што я жартую. А некаторыя адразу адстаюць. Але я нікога не вадзіў за нос, думаю, гэта сумленная пазыцыя.

Беларускі гомасэксуал — вечна самотны

— У цябе ёсьць муж...

— Так, і яго завуць Сяржук. Ён фактычны муж, бо ў Беларусі няма магчымасьці расьпісацца аднаполым людзям. Мы пазнаёміліся ў 2008 годзе на сайце знаёмстваў mamba. Калі гэта адбылося, у мяне быў ідэал — хлопец зь ліцэю, у якога я быў закаханы. Я шукаў чалавека, падобнага да яго. Сяржук быў абсалютна не падобны. Я вырашыў, што мы будзем проста сябрамі. Магчыма, гэта мне і дапамагло. Праз тое, што я адразу арыентаваўся толькі на сяброўства, у мяне не было завышаных чаканьняў і рамантычных ілюзій. Я проста бачыў у ім чалавека, і стасункі ад пачатку былі братэрскія, але з часам яны выліліся ў нешта больш цёплае. Калі б я адразу шукаў прынца на белым кані, то апынуўся б у такім становішчы, як большасьць беларускіх гомасэксуалаў — вечна самотны, і раз за разам стасункі не атрымліваюцца.

— Вы разам жывяце зь Сержуком?

— Так, з 2009 году. Я прапанаваў Сержуку пераехаць да нас з мамай, калі яму не далі інтэрнату ва ўнівэрсытэце. З таго часу і жывём.

Мама зьмірылася, што я жыву з мужчынам

— Мама як ставіцца да таго, што вы жывяце разам, ды яшчэ і ў яе кватэры?

— Яна не ва ўсім узор лібэральнасьці, але канкрэтна той факт, што я жыву з мужчынам і мы вядзём супольную гаспадарку, яна прыняла. Сваім знаёмым яна стала казаць так: «У мяне два сыны». Вядома, бываюць спрэчкі і непаразуменьні, але ня больш, чым паміж сьвекрывёй і нявесткай, скажам. Але прыдзірак, што жывуць два мужыкі разам, — такога няма.

— Вы называеце адзін аднаго мужамі. Ці абмяркоўвалі пытаньне шлюбу?

— Так. І тут ёсьць два кампанэнты. Першы — псыхалягічны, сакральны, зводзіцца да таго, што мы хочам, каб нашыя стасункі прызнаваліся грамадзтвам, нават калі гэта ня ўсім падабаецца. Другі момант прагматычны, юрыдычны. Напрыклад, 25 сакавіка я трапіў у турму, і мой муж ня мог перадаць мне перадачу, таму што фармальна ён мне не сваяк. А калі б гэта была мая жонка, то ёй бы дазволілі. Такі факт дыскрымінацыі. Таксама Сяржук, адвучыўшыся 5 гадоў у БДУ, быў вымушаны адмовіцца ад дыплёму, каб ня трапіць пад разьмеркаваньне. Зноў жа, калі б мы былі афіцыйна зарэгістраваныя, то нас бы не маглі разлучыць. Гэта для нас было непрымальным.

— Некаторыя беларускія аднаполыя пары едуць за мяжу, каб там аформіць шлюб. Гэта можа быць варыянтам для вас?

— Мы думалі пра гэта. Але такі варыянт сёньня нам недаступны, таму што мы зусім не заможныя людзі. Але на будучыню, калі мы заробім грошай, мы плянуем паехаць у адну з заходніх краінаў і аформіць там свае стасункі.

Сурагатнае мацярынства каштуе дорага

— А дзеці? Хочаце мець дзяцей?

— Тут такая справа, што для гомасэксуальнай пары, заводзіць дзяцей вельмі дорага. Паслугі сурагатнай маці нятанныя, трэба быць багатым чалавекам, каб іх купіць. Але ў будучыні мы гэтага хочам. Нават разьлічваем, што зьявяцца тэхналёгіі, якія дазволяць зачаць дзіця ад двух бацькоў-мужчын і вынасіць пры дапамозе сурагатнай маці. Мы вельмі хочам мець сваіх кроўных нашчадкаў.

— Наколькі ты адкрыта гаворыш пра свайго мужа іншым людзям?

— Залежыць ад кола. Зразумела, што палітыкам ці грамадзкім актывістам я без праблем гэта скажу. Але калі трапляю ў кола больш маргінальных людзей, то там трэба быць асьцярожным. Зрэшты, я ніколі ня ўтойваю гэтыя рэчы. Адзінае, што з патэнцыйна ксэнафобнымі людзьмі я не падымаю гэтую тэму першым. Але калі пытаюць, з кім я жыву, ці ёсьць сям’я, то кажу праўду.

Алекса Кліменка робіць камінаўт на Дзень Волі ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:03 0:00

Нецярпімасьць да гомасэксуалаў, як і да беларускай мовы

— Наколькі беларускае грамадзтва гамафобнае?

— Даволі ксэнафобнае, нягледзячы на папулярнае меркаваньне пра нашу талерантнасьць. Гэта міт, якім прыкрываюць пасіўнасьць і безыніцыятыўнасьць. Насамрэч беларусы вельмі нецярпімыя. І гэта тычыцца ня толькі гомасэксуальнасьці. Гэта тычыцца і беларускай мовы. Як гэта не парадаксальна, у Беларусі беларуская мова выклікае нецярпімасьць. Гэта тычыцца і празаходніх поглядаў, ацэнкі савецкай гісторыі.

— Як ты лічыш, ці можна адвучыць беларусаў ад ксэнафобіі і гамафобіі?

— Трэба спрабаваць. Вучыць людзей, што разнастайнасьць — гэта нармальна, што яна не пагражае нічыйму жыцьцю, што перасьледаваць непадобнага да вас чалавека — гэта зло. Трэба, каб у гэтай адукацыі ўдзельнічала дзяржава. Але, на жаль, цяперашнія кіраўнікі нашай дзяржавы самі даволі ксэнафобныя, таму чакаць пазытыўных зьменаў пры цяперашняй уладзе немагчыма.

Рабацяга-гомасэксуал ня можа прыйсьці ў клюб, каб пазнаёміцца

— Дзе беларускія гомасэксуалы сустракаюцца і кантактуюць, апроч інтэрнэту? Ці ёсьць нейкія клюбы?

— Месцаў, даступных усім, няма. Ёсьць клюбы, якія прэзэнтуюцца як gay-friendly. Звычайна, калі пра іх даведваюцца ўлады, пачынаюцца праблемы. Напрыклад, праз такія бізнэс-прыдзіркі закрылі клюб «6A». Іншы момант, што такія клюбы, калі і ёсьць, то яны даступныя ня ўсім, толькі багеме. Ня можа просты гомасэксуальны рабацяга прыйсьці ў такі клюб, у яго грошай на ўваход няма. Таму інтэрнэт застаецца самым папулярным спосабам пазнаёміцца. Беларускім гомасэксуалам не хапае фізычнай прасторы. І тут трэба дасягнуць такога стану грамадзтва, каб можна было ня ўтойваць сваю сэксуальнасьць, даваць іншым людзям зразумець, што ты гомасэксуал. Не, не крычаць пра гэта, але і не хаваць і не баяцца, што да цябе прычэпяцца ці нават паб’юць. Тады б зьнікла прэзумпцыя гетэрасэксуальнасьці, тады б атмасфэра стала больш цярпімай і лібэральнай.

— А ўсё ж. Ці можа гомасэксуальны мужчына на вуліцы праявіць цікавасьць да іншага мужчыны, ня ведаючы ягонай арыентацыі?

— Фактычна гэта небясьпечна. Калі вы ўладальнік чорнага пояса ў каратэ, можаце паспрабаваць. Калі не, то ёсьць рызыка, што на вас нападуць і паб’юць.

Пацалавацца, абняцца пры ўсіх — нам гэта недаступна

— А праяўляць пачуцьці публічна, калі ўжо маеш партнэра?

— У Беларусі я не адчуваю сябе дастаткова свабодна. Мы з мужам ня можам узяцца за рукі, абняцца, пацалавацца. Нават у шчаку. Усё гэта нам недаступна. Адразу могуць быць абразы, канфлікты ці нават напады. Прычым мы можам за сябе пастаяць, але ня хочацца псаваць настрой такімі разборкамі. Таму мы вымушаныя паводзіць сябе, як пара сяброў. Часам праскокваюць моманты — мы можам дапамагчы адзін аднаму выйсьці з транспарту ці абмеркаваць, што будзем гатаваць на вячэру. Але ня больш за тое.

— Дарэчы, а хто гатуе вячэру?

— У нас такая сытуацыя. Мы не маглі знайсьці працу, якая б была зь беларускамоўным калектывам і справаводзтвам. Тады біржа працы накіравала нас на курсы для атрыманьня прафэсій. Я выбраў будаўнічую галіну, Сяржук давучваецца на кухара. Вось ён і дома гатуе. Але гэта ня значыць, што выбар такіх прафэсій нейкім чынам вызначае нашы ролі. Тут чыстае супадзеньне, што нашы прафэсіі могуць выклікаць асацыяцыі з традыцыйна жаночым і мужчынскім заняткам. Кухарам можа быць як жанчына, так і мужчына.

— Алекса, ты часам удзельнічаеш у пікетах і акцыях. І заўсёды трапляеш у аб’ектывы фатографаў як аўтар вельмі арыгінальных плякатаў. Хто іх робіць?

— Я сам. Прыдумляю тэксты, малюю гуашшу. Апошні плякат грамадзтва так і не пабачыла. Я ішоў зь ім на Дзень Волі, мяне затрымалі. На плякаце я напісаў: «Досыць шунявіць наша цярпеньне». Калі мяне схапілі бандыты ў пагонах і ўбачылі гэты плякат, то вельмі раззлаваліся. Зрэшты, я атрымаў толькі чацьвёра сутак арышту і некалькі абразаў паводле прыкметы сэксуальнай арыентацыі. Але добра, што міліцыянты зразумелі сэнс плякату — я ж заўсёды выкарыстоўваю эўфэмізмы. Напрыклад, «тыран», «вусаты дармаед», «досыць шунявіць». Юрыдычна гэта цяжка зьвязаць з канкрэтнымі людзьмі, хоць і зразумела, каго я маю на ўвазе.

Калі іду на акцыі, мужа пакідаю дома

Алекса Кліменка падчас пікету ў падтрымку Надзеі Саўчанкі каля расейскай амбасады. 22 сакавіка 2016 году
Алекса Кліменка падчас пікету ў падтрымку Надзеі Саўчанкі каля расейскай амбасады. 22 сакавіка 2016 году

— Муж падтрымлівае цябе ў вулічнай актыўнасьці?

— На некаторыя акцыі мы хадзілі разам. Але часьцей я пакідаю яго дома. Справа ў тым, што як дысыдэнт я хаджу на акцыі не ад нейкай арганізацыі ці партыі. Гэта значыць, што мой стан не манітораць ніякія структуры. Таму, калі я прападу, пра гэта можа ніхто не даведацца. А застаючыся дома, Сяржук праз СМІ сочыць за сытуацыяй і ў выпадку неабходнасьці можа зьвязацца з праваабаронцамі, калі са мной нешта здарыцца.

— Як выглядае Беларусь, пра якую ты марыш?

— З адзінай дзяржаўнай беларускай мовай, уваходзіць у Эўразьвяз і NATO, спадкаемца княства Рускага ў складзе ВКЛ, без забабонаў наконт гендэру і сэксуальнай арыентацыі, без дыскрымінацыі мужчын і жанчын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG