Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БХД ёсьць і атэісты, і мусульмане, і, магчыма, геі, — Севярынец


Павал Севярынец

24 траўня ў Менску пройдзе сьвяткаваньне 100-годзьдзя беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Павал Севярынец расказаў Свабодзе, чым жыве арганізацыя сёньня і якія падабенствы мае з колішняй партыяй хрысьціянскіх дэмакратаў.

Чаму пунктам адліку хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі лічыцца 1917 год?

— Насамрэч сама ідэя беларускай хрысьціянскай дэмакратыі мае нават ня сто гадоў, а хіба і ўсю тысячу. Таму што ў Полацкім княстве была вечавая хрысьціянская дэмакратыя, у Вялікім Княстве Літоўскім — шляхецкая хрысьціянская дэмакратыя. Такім чынам, хрысьціянская дэмакратыя ў Беларусі мае некалькі соцень гадоў пасьпяховага кіраваньня. І гэта натуральная палітычная ідэя для Беларусі. У 1917 годзе ў Беларусі паўстала Хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць — палітычны рух, які абʼядноўваў гурткі беларускай інтэлігенцыі.

БХД была самай пасьпяховай партыяй у Заходняй Беларусі

— Пасьля былі іншыя арганізацыі, якія лічылі сябе хрысьціянскімі дэмакратамі...

— Увогуле, Хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць, «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Беларускае народнае абʼяднаньне — гэта была адзіная партыя, якая з 1917 да 1926 году насіла назву «злучнасьць» і была касьцельнай партыяй, а з 1926 году пачала ператварацца ў міжканфэсійную, бо да яе далучылася Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае абʼяднаньне. З гэтага часу мы пачынаем пазнаваць хрысьціянскую дэмакратыю — партыю, адпаведную эўрапейскім дэмакратыям і сёньняшняй БХД.

Тагачасная БХД была самай пасьпяховай партыяй у Заходняй Беларусі. У 30-я гады гэта была адзіная партыя, якая не губляла людзей, пашырала шэрагі. Гэта ў пэўным сэнсе мадэль для сёньняшняй хрысьціянскай дэмакратыі. Таму, акрамя назвы і шматканфэсійнасьці, мы стараемся пераймаць і мэтады працы гістарычнай хрысьціянскай дэмакратыі.

Сёньня БХД функцыянуе напаўпадпольна

— Ці падобная сучасная БХД да сваіх папярэднікаў?

— Падабенства ёсьць у праграмах, якія грунтуюцца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і клясычных прынцыпах хрысьціянскай дэмакратыі — субсыдыярнасьць, дыстрыбутызм, законнасьць, папулярызм. Але ёсьць вялікая розьніца ва ўмовах, у якіх дзейнічаем мы і ў якіх дзейнічалі нашы папярэднікі.

Колішнія хрысьціянскія дэмакраты мелі зарэгістраваную партыю, якая магла ўдзельнічаць у выбарах. Таму ў БХД 1917–1939 гг. былі паслы ў сэйме Рэчы Паспалітай, былі сэнатары, былі прадстаўнікі ў мясцовым самакіраваньні. Сёньня БХД не зарэгістраваная і ня можа ўдзельнічаць у выбарах, функцыянуе напаўпадпольна.

Колішняя хрысьціянская дэмакратыя заплаціла жыцьцямі за сваю ідэю — з 50 лідэраў міжваеннай хрысьціянскай дэмакратыі 15 былі закатаваныя нацыстамі або прайшлі канцлягеры, а 32 — былі забітыя бальшавікамі або прайшлі ГУЛАГ. Гэта таксама спадчына БХД.

Тагачасныя хрысьціянскія дэмакраты марылі пра тое, каб беларус быў найлепшым гаспадаром у сьвеце. У партыйных часопісах пісалі пра навінкі агракультуры, машыны для апрацоўкі зямлі. Гэта была ідэя ўздыму Беларусі зьнізу.

Сёньняшнія хрысьціянскія дэмакраты — гэта найперш гарадзкая партыя. На першы плян выходзіць зьбіраньне подпісаў па сацыяльных праблемах.

— Што вы лічыце дасягненьнямі за апошні час?

— Разам з цэрквамі мы сабралі 50 тысяч подпісаў за заканадаўства аб свабодзе сумленьня, дзясяткі тысяч подпісаў за абарону жыцьця, і нам удалося скараціць сацыяльныя паказьнікі да абортаў. Таксама вядзем антыалькагольную кампанію, удалося забараніць рэкляму магіі і акультызму. Сёньня БХД працуе ў заканадаўчым пляне — у любы момант мы гатовыя прапаноўваць законапраекты.

Народная партыя з хрысьціянскім сэрцам

— Вас часта крытыкуюць за спробы зьмешваць палітыку і рэлігію. Што вы можаце адказаць на гэта?

— Наша формула — «Народная партыя з хрысьціянскім сэрцам». БХД — гэта шырокая партыя, якая ўключае і агностыкаў, і атэістаў, і мусульманаў, і юдэяў. Але асноўную частку складаюць хрысьціяне — гэта наша ключавая мэтавая група, уцаркоўленыя хрысьціяне і сумленныя прафэсіяналы. Таму для нас натуральна, што хрысьціянскія каштоўнасьці — ня толькі этычныя, але і палітычныя. Бо прымененае да грамадзтва хрысьціянства паляпшае камунікацыю паміж людзьмі, дае больш спакою. Мы клясычная хрысьціянская дэмакратыя. У нас былі пэрыяды, калі было больш рэлігійнага ці больш сьвецкага элемэнту. Але корань і сарцавіна — гэта хрысьціянства. Таму малітвы перад мерапрыемствамі, якія мы праводзім, — гэта ня толькі даніна традыцыі, але і хрысьціянскае дзеяньне. Але мы разумеем, што ня ўсе хрысьціяне і што ня ўсе хрысьціяне ўцаркоўленыя.

— А што робяць сябры БХД, якія зь нейкіх прычын ня хочуць маліцца перад пачаткам мерапрыемстваў?

— Яны нармальна ставяцца да гэтай традыцыі. Разумеюць, што гэта хрысьціянская дэмакратыя. Я шмат разоў бачыў і агностыкаў, і атэістаў, якія разам з усімі ўставалі і чыталі малітву. Гэта, дарэчы, "Ойча наш", якую ўсе ведаюць.​

Мы лічым нормай моцную сямʼю мужчыны і жанчыны

— Ці не зьмянілася стаўленьне сучаснай БХД да сэксуальных меншасьцяў?

— Што тычыцца людзей, якія адкрыта вызнаюць гомасэксуалізм, мы ня лічым, што гэта норма. І мы ня лічым, што гэта трэба рабіць нормай. Мы лічым нормай моцную сямʼю, мужчыну і жанчыну, якія могуць нараджаць ці ўсынаўляць дзяцей. Усё іншае — гэта спроба разбурыць сямʼю.

Але чалавек можа ў прыватным жыцьці паводзіць сябе так, як ён лічыць патрэбным, гэтага ў яго не забірае нават Бог. Але публічнае маніфэставаньне такіх рэчаў несумяшчальнае з хрысьціянскай дэмакратыяй. Магчыма, у БХД і ёсьць такія людзі, але яны не паказваюць гэта публічна. Тут трэба адрозьніваць.

Я ведаю людзей, якія ў царкве каюцца за грэх гомасэксуалізму і стараюцца зьмяніць сябе. У маім уяўленьні яны значна больш нармальныя, чым тыя, хто хавае свае пазашлюбныя ці блудныя гетэрасэксуальныя сувязі.

— БХД — не зарэгістраваная партыя. Ці будуць яшчэ спробы атрымаць афіцыйны статус?

— Безумоўна, мы будзем працягваць падаваць дакумэнты на рэгістрацыю, таму што кожная падача — гэта спроба застацца ў прававым полі сёньняшняй дзяржавы. Калі мы падаем дакумэнты на рэгістрацыю, мы не падпадаем пад артыкул аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі і некалькі месяцаў можам карыстацца адноснай бясьпекай. Агулам мы падавалі 6 разоў на рэгістрацыю палітычнай партыі і больш за 20 разоў як грамадзкія абʼяднаньні. Усе адказы адмоўныя. Рэжым баіцца рэгістраваць БХД. Таму што калі будзе масавая хваля далучэньня да зарэгістраванай партыі БХД з боку вернікаў, то гэтая сіла складзе відавочную канкурэнцыю ўладзе.

Сьвяткаваньне 100-годзьдзя БХД адбудзецца 24 траўня ў Менску. Удзел у ім возьмуць Анатоль Астапенка, Алесь Бяляцкі, Максім Гацак, Андрэй Казакевіч, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец і іншыя.

Пачатак імпрэзы ў 12:00 па адрасе вуліца Шчорса 1А (гатэль «Камфорт»). Уваход вольны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG