Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Якуба Коласа ў Ташкенце ўгаворвалі ўступіць у партыю


Бюст Якуба Коласа ў Ташкенце
Бюст Якуба Коласа ў Ташкенце

Сустрэў знаёмага пісьменьніка ў сквэрыку ля стадыёна Дынама — там, дзе два дні таму ўрачыста адкрылі помнік Алішэру Наваі. Знаёмы, гледзячы на скульптуру, абураецца: «Помніка Васілю Быкаву дагэтуль няма, а тут — калі ласка...»

Я спрабую патлумачыць:

— Летась у Ташкенце паставілі помнік Якубу Коласу. Дык гэта жэст ветлівасьці ў адказ. І потым, помнік жа — не Рашыдаву і не Карымаву...

— Ну ты параўнаў! Якуб Колас жыў у Ташкенце. А як Наваі зьвязаны зь Беларусьсю?..

Урэшце сыходзімся на тым, што Наваі — знакавая для Ўзбэкістану асоба: як Янка Купала для беларусаў, як Тарас Шаўчэнка для ўкраінцаў. І калі помнікі Наваі зьявіліся ў Маскве, Токіё і Шанхаі — то чаму б ня быць і ў Менску.

Тым больш што Ташкент у гады вайны сапраўды стаў месцам прытулку для соцень беларускіх пісьменьнікаў, навукоўцаў, артыстаў. І ня толькі для іх.

«Да ты еще молокосос, чтобы мне такие вопросы задавать»

Успамінаю сваё даўняе знаёмства з Іванам Клімавым — вядомым партыйным функцыянэрам 30–70-х гадоў, які адзін час быў намесьнікам старшыні ўраду БССР. Інтэрвію ў яго я браў у 1989 годзе, перад 50-годзьдзем узьяднаньня Беларусі (Клімаў у верасьні-кастрычніку 1939-га ўзначальваў савецкую акупацыйную адміністрацыю Вільні і многае памятаў з таго часу). Рыхтуючыся да інтэрвію, зьвярнуў увагу на такую дэталь ягонай біяграфіі: у першыя месяцы вайны Клімаў, які раней узначальваў Вілейскі абкам партыі ў Беларусі, раптам апынуўся ў Ташкенце і пачаў кіраваць узбэцкімі камуністамі (яго прызначылі сакратаром Ташкенцкага абкаму партыі).

Падчас інтэрвію я ня надта зграбна паспрабаваў пажартаваць на гэты конт:

— А ў Ташкенце ў вайну што рабілі? Узбэкістан абаранялі?

Іван Фролавіч, вядомы ў тагачасным намэнклятурным асяродзьдзі схільнасьцю да грубасьці, мацяршчыны і абсалютнай адсутнасьцю паліткарэктнасьці, імгненна выбухнуў:

— Да ты еще молокосос, чтобы мне такие вопросы задавать. А ты знаешь, что я в Ташкенте Якуба Коласа в партию принимал?

Напалоханы такой рэакцыяй, я больш ташкенцкую тэму не разьвіваў. (Тым больш што інтэрвію было зусім не пра гэта). А вось цяпер, згадаўшы помнік Якубу Коласу ў Ташкенце і тую даўнюю сустрэчу, вырашыў пацікавіцца гэтай гісторыяй. І натрапіў на дасьледаваньні вядомага беларускага гісторыка, архівіста Віталя Скалабана. Аказваецца, у Ташкенце Іван Клімаў сапраўды быў частым госьцем Якуба Коласа. У суседнім з Коласам пакоі жыў Уладзімер Пічэта — акадэмік, першы рэктар БДУ, адзін з найбольш вядомых тагачасных беларускіх гісторыкаў. У 30-я гады ён быў рэпрэсаваны, але неўзабаве вызвалены паводле асабістага распараджэньня Сталіна. І вось аднаго разу ў калідоры сутыкнуліся ўсе трое: Якуб Колас, Пічэта і Клімаў. Колас вырашыў прадставіць Клімава акадэміку. Клімаў падаў руку і нечакана выпаліў (цытата з успамінаў сына Якуба Коласа Данілы Міцкевіча): «Ну, ты, старый пер..н, у тебя еще не все волосы повылазили?»

Агаломшаны акадэмік Пічэта не знайшоў што адказаць. Якуб Колас пасьпяшаўся неяк згладзіць няёмкі момант. Акадэміку Пічэту тады ішоў сёмы дзесятак. Сакратару абкаму Клімаву ня споўнілася і сарака.

Можа, прычынай такіх «жарцікаў» быў сьпірт-сырэц, які «даставаў» для бацькі хімік Даніла і якім Клімаў у гасьцях нярэдка частаваўся? Хоць, хутчэй, гэта быў звыклы стыль адносін у асяродзьдзі партсакратара Клімава.

...Якуб Колас сапраўды ўступіць у партыю (кандыдатам у члены) у сакавіку 1943 году, дзеля чаго на месяц прыедзе з Ташкента ў Маскву. Рэкамэндацыі для ўступленьня яму далі Міхась Лынькоў, Канстанцін Бударын і — Іван Клімаў.

Учора — антысаветчык, заўтра — камуніст

Дзеля чаго гэтае партыйства спатрэбілася Якубу Коласу, якому на той час было за шэсьцьдзесят і які быў ужо і акадэмікам, і ардэнаносцам, і «народным»? Відаць, час быў такі: ігнараваць настойлівыя просьбы і парады партыйнага сакратара было небясьпечна. Тым больш што ўсяго некалькі год таму, у 1938-м, у дакладзе наркама ўнутраных спраў БССР Наседкіна Якуб Колас быў названы «адным зь лідэраў нацдэмаўскага руху ў Беларусі» і «аўтарам цэлага шэрагу антысавецкіх нацдэмаўскіх твораў». І ён, і Янка Купала тады былі на валасок ад арышту.

А Іван Клімаў потым да канца жыцьця любіў пахваліцца, што гэта менавіта ён «зрабіў Машэрава героем, а Якуба Коласа — членам партыі» (пра «залатую зорку» Машэрава — асобная вялікая гісторыя, якая прыпадае на той пэрыяд, калі Клімаў быў намесьнікам старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР).

Тыя, хто правёў ваенныя гады ў Ташкенце, пасьля ня надта любілі згадваць узбэцкую старонку сваёй біяграфіі. Выразы «адседжваўся ў Ташкенце», «ваяваў на ташкенцкім фронце», «абараняў радзіму ва Ўзбэкістане» — звыклыя пасьляваенныя кпіны з боку франтавікоў на адрас тых, хто апынуўся ў тыле. Празь дзесяцігодзьдзі гэтыя выразы зусім забудуцца і страцяць першапачатковы сэнс. Але для Івана Клімава, якому я, малады журналіст, так саманадзейна і выпадкова нагадаў пра Ташкент, гэтая фраза, відаць, гучала зусім інакш.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG